Акцэнт на гарады–спадарожнікі

- 10:29Інфармацыйная гадзіна

Аб’ёмы будаўніцтва жылля ў Мінску будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Анатоля Сівака.

Галоўнай тэмай рабочай сустрэчы прэзідэнт назваў будаўніцтва. “У старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак Мінска і дамовіліся аб тым, што памалу, наколькі гэта атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Мінску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не гавару пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. У нас ужо і так больш за 20 працэнтаў (насельніцтва краіны. — Заўв. БелТА.) у Мінску жыве. Далей нельга”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гарады-спадарожнікі вызначаны, але галоўнае — каб паміж імі і сталіцай была добрая транспартная сувязь, ствараліся рабочыя месцы.

“Вы ўносьце шэраг прапаноў па будаўніцтве дамоў арэнднага жылля, у тым ліку пілотны праект для чаргавікоў, якія жадаюць (пабудавацца. — Заўв. БелТА.) у Смалявічах. Правільна робяць. Людзі павінны разумець, што мы кожны год, пасля II Еўрапейскіх гульняў асабліва, узмоцнена будзем скарачаць аб’ёмы будаўніцтва ў Мінску. Той, хто зразумее гэта раней за ўсіх, той і выйграе. Каля 1,5 тысячы, можа, ужо і 2 тысячы чаргавікоў хочуць будавацца ў Смалявічах”, — сказаў прэзідэнт.

У якасці важнага фактару Аляксандр Лукашэнка назваў цану будаўніцтва. У Мінску ўжо быў праведзены эксперымент па ўзвядзенні жылля з абмежаваным прыбыткам у памеры 5 працэнтаў. “Выдатна атрымалася. Чаму мы павінны мець справу з рознымі, я іх груба называю жулікамі, інакш іх і не назавеш, якія шкуру дзяруць з людзей, — адзначыў беларускі лідар. — Думаю, нам трэба вывучыць гэты вопыт”.

“Хопіць у кішэнь лазіць да людзей. Гэта вельмі прынцыповае пытанне ўсёй будоўлі. Мы паспрабавалі ўжо розныя метады. Калі гэта для людзей зручна, то будзе распаўсюджана на ўсю рэспубліку, мы гэтым шляхам пойдзем”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся ходам будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы на тэрыторыі Нацыянальнага аэра­порта Мінск. “Мы яе павінны ў красавіку — маі наведаць, увесці ў эксплуатацыю”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Важны аспект — забеспячэнне надзейнай транспартнай сувязі паміж сталіцай і аэрапортам.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць і аб тым, як ідзе будаўніцтва на месцы старога аэрапорта ў Мінску. “Гэта знакавае месца”, — падкрэсліў ён.

Анатоль Сівак таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб рабоце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў цэлым.