Акцэнт — на пашырэнне супрацоўніцтва

У панядзелак, 19 кастрычніка, Мінск наведала дэлегацыя Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі на чале з першым намеснікам міністра Дзмітрыем Глушко. Праграма знаходжання ўключала сустрэчу з міністрам адукацыі нашай краіны Ігарам Карпенкам, азнаямленне з работай сістэмы прафесійнай адукацыі, наведванне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, удзел у круглым стале “Сістэма бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Вопыт БДПУ”.

У беларускім галіновым ведамстве адбылася сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыем Мезенцавым і першым намеснікам міністра асветы Расіі Дзмітрыем Глушко.

Абмяркоўваліся перспектывы развіцця на найбліжэйшы час двухбаковых адносін у сферы адукацыі. У прыватнасці, было прапанавана правесці пасяджэнне сумеснай калегіі ў першай дэкадзе снежня 2020 года. Міністр адукацыі І.В.Карпенка прапанаваў разгледзець магчымасць прымеркаваць да згаданага пасяджэння правядзенне другога этапу Беларуска-расійскага маладзёжнага форуму ў Пінску — маладзёжнай сталіцы Беларусі 2020 года і форуму рэктараў вядучых беларускіх і расійскіх універсітэтаў.

Акрамя таго, падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні пабудовы агульнай адукацыйнай прасторы Беларусі і Расіі. Ужо цяпер сумесна выконваюцца адукацыйныя праграмы і навуковыя праекты, ажыццяўляецца ўзаем­нае прызнанне дакументаў аб адукацыі, рэалізуюцца маладзёжныя ініцыятывы.

Затым у пашыраным складзе адбыліся міжміністэрскія кансультацыі па пытаннях развіцця нацыянальных сістэм адукацыі, што дазволіла ўзгадніць і падпісаць план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі да канца 2020 года паміж Міністэрствам асветы Расійскай Федэрацыі і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сумесны план прадугледжвае прасоўванне сумесных ініцыятыў у галіне дашкольнай, агульнай сярэдняй, вышэйшай (галоўным чынам педагагічнай) адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, лічбавізацыі адукацыі.

У склад расійскай дэлегацыі, акрамя першага намесніка міністра асветы, увахо­дзілі прадстаўнікі дэпартаментаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання дзяцей, дадатковай адукацыі і дзіцячага адпачынку; міжнароднага супрацоўніцтва і сувязей з грамадскасцю; падрыхтоўкі і прафесійнага развіцця педагагічных кадраў; лічбавай трансфармацыі і вялікіх даных.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбыўся круглы стол па сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў нашай краіне з удзелам першага намесніка міністра асветы Расіі Дзмітрыя Глушко, намесніка міністра адукацыі нашай краіны Аляксандра Кадлубая, падчас якога рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук падзяліўся вопытам стварэння такой сістэмы на базе свайго ўніверсітэта.

Як вядома, на базе БДПУ імя Максіма Танка створаны вучэбна-навукова-інавацыйны кластар педагагічнай адукацыі. Не першы год лепшымі студэнтамі становяцца выпу­скнікі педагагічных класаў. І развіццю гэтага профільнага напрамку ў школах універсітэт надае вялікае значэнне. Ахоп педкласамі з году ў год павялічваецца. У бягучым навучальным годзе ў агульнаадукацыйных установах краіны дзейнічаюць 483 педагагічныя класы і групы, у якіх вучацца 4243 навучэнцы.

Арганізацыя адукацыйнай дзейнасці ў самім універсітэце накіравана на ўмацаванне практыка-арыентаванай накіраванасці педагагічнай падрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі. Яна ўключае модульную пабудову і праблемна-дзейснае структураванне зместу адукацыйных праграм, рэалізуе міждысцыплінарныя сувязі ў змесце адукацыйных праграм. Увесь час удасканальваецца педагагічная практыка студэнтаў, сярод якіх вельмі папулярны валанцёрскі рух.

Асобую цікавасць у расійскіх калег выклікала дзейнасць Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра “Сеткавая акадэмія педагогікі электроннага навучання БДПУ”. Як адзначыў Дзмітрый Глушко, сёння ў Расійскай Федэрацыі імкнуцца да паўсюднага ўкаранення лічбавізацыі адукацыі, “каб у самай аддаленай сельскай школе дзеці не адчувалі сябе за межамі сучаснай адукацыі”. А каб гэты працэс развіваўся, неабходна спецыяльная падрыхтоўка педагагічных кадраў. Бо, напрыклад, укараненне робататэхнікі і развіццё STEМ-адукацыі патрабуе адпаведных педагагічных ведаў, уменняў і навыкаў. Дарэчы, на базе нашага педагагічнага ўніверсітэта працуе Рэспубліканскі цэнтр адукацыйнай робататэхнікі.

У ходзе сустрэчы былі дасягнуты дамоўленасці аб супрацоўніцтве з Міністэрствам асветы Расійскай Федэрацыі ў галіне падрыхтоўкі кадраў у Беларусі і Расіі, а таксама па шэрагу іншых ключавых напрамкаў, сярод якіх — сумесныя навуковыя даследаванні, мерапрыемствы і праекты выхаваўчага характару, абмен вопытам у арганізацыйнай дзейнасці педагагічных класаў. У прыватнасці, беларускія калегі з педуніверсітэта прапанавалі расійскім заняцца сумеснымі навуковымі даследаваннямі ў галіне сацыялізацыі і выхавання падрастаючага пакалення ва ўмовах лічбавізацыі эканомікі, або вывучыць псіхафізіялагічныя асаблівасці сучаснага “лічбавага” дзіцяці.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.