Акцэнт — на патрыятычнае выхаванне

- 11:10Актуальна, На парадку дня

Прыярытэтныя напрамкі грамадзянска­патрыятычнага выхавання моладзі — падчас рабочага візіту міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца ў Магілёў гэтая тэма была ў ліку асноўных для абмеркавання.

Тэматычная дыялогавая пляцоўка на базе Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Я.М.Нікалаенкі сабрала разам начальнікаў аддзелаў па адукацыі гар- і райвыканкамаў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, спецыялістаў і метадыстаў, адказных за гэты кірунак работы. Невыпадкова менавіта кадэцкае вучылішча было выбрана месцам правядзення мерапрыемства. Тут назапашаны эфектыўны вопыт патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. У яго аснове — далучэнне навучэнцаў да гістарычнага мінулага беларускага народа на прыкладзе канкрэтных асоб, сапраўдных герояў Айчыны. Фарміраванню патрыятызму і грамадзянскасці садзейнічае таксама сучасная матэрыяльная база ўстановы. Зараз яе патэнцыялам карыстаюцца педагогі і навучэнцы з усяго рэгіёна. З мінулага верасня ў вучылішчы стаў функцыянаваць абласны цэнтр патрыятычнага выхавання, які кожны тыдзень наведваюць дэлегацыі вучняў з розных раёнаў. Яны знаёмяцца з жыццём і побытам кадэтаў, займаюцца дапрызыўнай падрыхтоўкай. У планах кіраўніцтва — зрабіць такія заезды не аднадзённымі, а працягласцю ў тыдзень, каб юнакі маглі акунуцца ў атмасферу кадэцкага братэрства, азнаёміцца з іх каштоўнасцямі і арыенцірамі.

Як адзначыў падчас зацікаўленай гутаркі міністр адукацыі, у сучасных рэаліях патрыятычнае выхаванне моладзі набывае асаблівую значнасць. 

— Менавіта ад таго, наколькі мы з вамі будзем усведамляць важнасць патрыятычнага выхавання, залежыць вынік. Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча — узор установы адукацыі, дзе гадуюць сапраўдных патрыётаў. Сёння трэба не толькі абменьвацца вопытам і практыкай работы, але і выбудоўваць дыялог. Бо не існуе стандартных, адзіных рашэнняў. Падыходы да патрыятычнага выхавання могуць быць розныя, але мэта ў нас адна, — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Адметна, што ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны пытанням выхавання ўдзяляецца першачарговая ўвага. Канкрэтна ў напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання наладжана плённае ўзаемадзеянне з воінскімі часцямі. Летась на іх базе ўзніклі ваенна-патрыятычныя клубы, дзе падлеткі знаёмяцца з буднямі салдат і афіцэраў, спасцігаюць азы вайсковай службы.

— Стварэнне клубаў дало магутны імпульс у развіцці партнёрскіх адносін з воінскімі часцямі ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Вельмі правільным і патрэбным крокам было ўвядзенне ў навучальных установах пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Але, нягледзячы на тое, што для арганізацыйна-метадычнага суправаджэння гэтай катэгорыі работнікаў праводзіцца дастатковая работа, застаецца шэраг пытанняў, якія патрабуюць дадатковага вырашэння, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Больш падрабязна аб неабходнасці стварэння адзіных падыходаў да дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні сказаў начальнік напрамку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Магілёўскай вобласці Сяргей Блашкоў. На яго думку, трэба дасканала падбіраць кадры на гэтую пасаду, арганізоўваць іх рэгулярную дадатковую падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, палепшыць змястоўнае напаўненне дзейнасці па патрыятычным выхаванні і планаваць гэтую работу на пэўны перыяд, хутчэй за ўсё — адразу на навучальны год. 

— Сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання трэба ўдасканальваць. Неабходна вызначыць ролю ў ёй кожнага супрацоўніка ўстановы адукацыі. Чым займаюцца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, класны кіраўнік, настаўнікі-прадметнікі тых дысцыплін, якія маюць непасрэднае дачыненне да патрыятычнага выхавання? Якая роля іншых педагогаў, якія на першы погляд не маюць дачынення да такой работы? У выхаванні патрыятызму павінна быць задзейнічана ўся навучальная ўстанова. Але важна памятаць, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Любыя фундаментальныя веды павінны пацвярджацца прыкладамі жыцця, ацэнкай падзей мінулага і сучаснасці з пазіцый інтарэсаў дзяржавы, — адзначыў Сяргей Блашкоў.

Меркаванне аб тым, што навучыць патрыятызму немагчыма без асабістага прыкладу, падзяляе і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі № 1 Горак Вячаслаў Шыпін.

— Хочаш змяніць краіну — пачні з сябе. Такога прынцыпу прытрымліваюся ў сваім жыцці. Як кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні хочацца данесці дзецям, што сапраўдны патрыятызм — гэта не толькі веданне і шанаванне гісторыі, дзяржаўных сімвалаў. Гэта яшчэ — любоў да сваёй роднай зямлі і сям’і, жаданне і імкненне быць патрэбным грамадству, у якім жывеш. І не важна, чым нашы выпускнікі будуць займацца ў будучыні. Галоўнае, каб іх справы ішлі толькі на карысць радзімы, — лічыць Вячаслаў Шыпін.

З такім падыходам цалкам пагадзіліся ўсе прысутныя. Дарэчы, усё мерапрыемства прайшло ў фармаце канструктыўнага дыялогу. Былі агучаны і праблемы, і канкрэтныя прапановы. Ці магчыма адкрыццё падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні” ва ўстановах вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю? Што наконт цэнтралізаванага аснашчэння кабінетаў дапрызыўнай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі краіны? Ці можна будзе кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні праводзіць шэраг дадатковых вучэбных заняткаў на ўмовах сумяшчэння, у асноўны працоўны час, як гэта вызначана для шэрага іншых катэгорый педагагічных работнікаў?

Як падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец, кожнае з агучаных пытанняў будзе дасканала разгледжана. 

— Сёння асоба кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, яго падрыхтоўка і павышэнне метадычнага ўзроўню з’яўляюцца найважнейшай задачай, вырашаць якую трэба комплексна. Як паказвае аналіз работы па ваенна-патрыятычным выхаванні, усюды яна мае свае рэгіянальныя асаблівасці. Зараз пройдзе серыя тэматычных семінараў у кожнай вобласці, па выніках якіх з улікам прапаноў будуць прыняты адзіныя падыходы ў гэтым напрамку. Сёння неабходна разгледзець магчымасць адкрыцця ў кожнай школе музея або музейнага пакоя, максімальна выкарыстоўваць для метадычнага забеспячэння заняткаў наглядным матэрыялам платформу “Патрыёт.by”, прааналізаваць, што канкрэтна павінна ўваходзіць у камплект па аснашчэнні кабінетаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Асобныя пытанні ўжо прапрацоўваюцца, — адзначыў Андрэй Іванавіч.

Падчас паездкі кіраўніка адукацыйнага ведамства ў Магілёў адбылася яшчэ адна не менш актуальная дыялогавая пляцоўка. У МДУ імя А.А.Куляшова міністр сустрэўся з вучонымі, выкладчыкамі і студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна. Акцэнтам у размове стала абмеркаванне рукапісу вучэбнага выдання па дысцыпліне “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Гэта ўжо трэці па ліку падобны дыялог. У ходзе гутаркі чарговы раз было адзначана, што гэты курс з 1 верасня бягучага года будуць слухаць студэнты ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі незалежна ад спецыяльнасці. Новая дысцыпліна дазволіць выхаваць у моладзі павагу да беларускай гісторыі і прывіць усведамленне каштоўнасці незалежнасці роднай краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.