Акцэнт — на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій

У Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага, які з’яўляецца філіялам РІПА, адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Н.І.Качанавай. Удзельнікі пасяджэння засяродзілі ўвагу на тэме “Развіццё сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэнне прэстыжу рабочых прафесій у кантэксце праекта Кодэкса аб адукацыі”.

Зараз парламентарыі працуюць з Кодэксам аб адукацыі — законапраект быў прыняты ў першым чытанні на вясновай сесіі. Да работы над ім ужо падключыліся і сенатары. 

— Для таго каб паглядзець, якая ў рэальнасці складваецца сітуацыя ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны, яшчэ раз зрабіць акцэнт на неабходнасці павышэння прэстыжу рабочых прафесій, мы праводзім выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі ў гэтым каледжы, — адзначыла Наталля Качанава. 

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што пытанні, звязаныя з развіццём сістэмы прафесійнай адукацыі, надзвычай важныя і актуальныя, бо яны ўплываюць на тое, ці будзе эканоміка краіны своечасова забяспечана неабходнымі кадрамі. 

— Мы павінны дакладна разумець, якая будзе існаваць патрэба ў кадрах у найбліжэйшай, сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Мы павінны пралічваць усё гэта, каб наша эканоміка забяспечвалася тымі кадрамі, якія патрэбны ў тых ці іншых галінах, — заявіла Наталля Качанава.

Сярод важных напрамкаў работы, якія патрабуюць асаблівай увагі,  Н.І.Качанава адзначыла прафарыентацыю і дзейнасць па павышэнні прэстыжу рабочых прафесій. Трэба імкнуцца да таго, каб моладзь усвядомлена ішла вучыцца ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а потым замацоўвалася на працоўных месцах, каб кожны ганарыўся сваёй работай. У справу ўмацавання прэстыжу рабочых прафесій павінны актыўна ўключыцца сродкі масавай інфармацыі.

Яшчэ адзін важны напрамак работы для развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі — гэта ўзмацненне ўзаемадзеяння сістэмы адукацыі і прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Дарэчы, Мінскі аўтамеханічны каледж — цудоўны прыклад таго, як цеснае ўзаемадзеянне дае плён. У каледжы дзейнічае цэнтр вытворчых тэхналогій MAZ — Weichai, дзе рыхтуюць спецыялістаў для прадпрыемства, якое працуе ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень” і выпускае дызельныя рухавікі экалагічнага класа Еўра-5 і Еўра-6. Як толькі пачалося будаўніцтва доследна-вытворчага прадпрыемства, адразу быў распрацаваны і праект стварэння новага вучэбнага цэнтра ў аўтамеханічным каледжы. Пакуль вялося будаўніцтва, каледж ужо рыхтаваў спецыялістаў, каб да моманту запуску вытворчасці прадпрыемства было забяспечана кадрамі.

Важнасць супрацоўніцтва для рэальнага сектара эканомікі падкрэслілі ў сваіх выступленнях на пасяджэнні кіраўнікі найбуйнейшых  прадпрыемстваў краіны — генеральны дырэктар ААТ “МАЗ” Валерый Іванковіч і генеральны дырэктар ААТ “Амкадор” Аляксандр Яфімаў. 

Аб стане і запланаваных зменах у сістэме прафесійнай адукацыі Беларусі прысутным паведаміў міністр адукацыі І.В.Карпенка. Ён адзначыў, што нацыянальная сістэма прафесійнай адукацыі зараз уяўляе сабой шырокую сетку сучасных адукацыйных комплексаў, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для якаснай падрыхтоўкі кадраў, якія валодаюць прафесійнымі і асобаснымі кампетэнцыямі, адпавядаюць сучасным патрабаванням рынку працы. Аднак пытанне забяспечанасці кваліфікаванымі рабочымі прадпрыемстваў краіны застаецца па-ранейшаму актуальным. Міністр падкрэсліў, што толькі навучэнцы каледжаў не закрыюць бягучых патрэб у рабочых і спецыялістах. З установы адукацыі яны выпусцяцца толькі праз некаторы час: год, два, тры, чатыры. Таму трэба звяртаць увагу на работу з  дарослым насельніцтвам, шукаць шляхі перанавучання і ўдасканалення кваліфікацый гэтай катэгорыі грамадзян праз варыятыўныя адукацыйныя праграмы.

І.В.Карпенка расказаў, што ўстановы адукацыі праводзяць сістэмную прафарыентацыйную работу сярод школьнікаў, але разам з тым гэтая работа патрабуе новых падыходаў. 

— Мы бачым, што трэба аб’ядноўваць намаганні ўсіх зацікаўленых. Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый самі павінны ўзаемадзейнічаць з будучым абітурыентам, агучваць перспектывы развіцця свайго сектара эканомікі ў цэлым, а таксама канкрэтных арганізацый, паказваць перавагі прафесійнага выбару будучым работнікам, сацыяльныя гарантыі, — адзначыў міністр. — З нашага боку для павышэння цікавасці да рабочых прафесій з 2018 года для ўсіх базавых 10, 11 класаў уведзены вучэбны прадмет “Працоўнае навучанне”, у рамках якога арганізавана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў больш чым па 100 прафесіях. Летась больш за 20 тысяч школьнікаў пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену атрымалі адпаведныя дакументы аб навучанні. Зараз працуем над метадычным забеспячэннем прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, абсталяваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, працягваем работу па абнаўленні пераліку даступных прафесій, павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў, прыцягненні арганізацый да ўдзелу ў гэтым працэсе.

Падчас пасяджэння былі разгледжаны змяненні ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пытанні ўдасканалення структуры падрыхтоўкі кадраў рабочых спецыяльнасцей, развіцця рэсурсных цэнтраў, сеткавага ўзаемадзеяння, прафарыентацыйны работы.

Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што ў цэлым сістэма прафесійнай адукацыі ў краіне працуе стабільна і актыўна развіваецца. Беларускі вопыт падрыхтоўкі кадраў вывучаецца і ўкараняецца не толькі краінамі блізкага замежжа, але і такімі дзяржавамі, як Кітай, Індыя, Нігерыя, Пакістан і інш. Аднак, абапіраючыся на назапашаны станоўчы вопыт, трэба шукаць таксама  прынцыпова новыя падыходы і механізмы для развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі. 

Дар’я РЭВА.
Фота БелТА і аўтара.