Акцэнт — на рэгіянальных нюансах

- 12:00Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Новую праграму павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні арганізавалі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Першымі слухачамі сталі 26 педагогаў з усіх раёнаў вобласці.

Як паведаміў рэктар МДАІРА Міхаіл Жудро, распрацоўка адукацыйнай праграмы арганізацыйна-метадычнага суправаджэння дзейнасці кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні — неабходнасць часу.

— Для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні былі распрацаваны нарматыўныя прававыя акты, інструктыўна-метадычныя пісьмы Міністэрства адукацыі, праведзены шэраг метадычных нарад і іншых мерапрыемстваў па растлумачэнні практыкі прымянення заканадаўства. Аднак традыцыі і асаблівасці кожнай установы адукацыі дыктуюць свае правілы. Таму для гэтай катэгорыі спецыялістаў мы распрацавалі адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі, — расказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Паводле яго слоў, праграма рэалізуецца ўпершыню ў рэгіёне і распрацавана з улікам рэкамендацый Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У змесце курсаў асаблівая ўвага ўдзелена практычнаму складніку дзейнасці кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Калі больш канкрэтна, у вучэбным плане для слухачоў прапануюцца да разгляду тэмы “Ваенная гісторыя Рэспублікі Беларусь”, “Заканамернасці і прынцыпы выхаваўчага працэсу ў сучасных умовах”, “Адукацыйны патэнцыял экскурсій і яго рэалізацыя ў працэсе выкладання вучэбнага прадмета”, “Нарматыўныя прававыя асновы ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”, “Формы і метады ажыццяўлення абавязковай падрыхтоўкі дапрызыўнікоў да ваеннай службы” і многія іншыя.

Акрамя асноўных заняткаў, слухачам курсаў быў прапанаваны шэраг сумесных практычных мерапрыемстваў з прадстаўнікамі органаў улады, ваенных камісарыятаў, дэпутацкага корпуса. Адно з найбольш маштабных прайшло ў абласным кадэцкім вучылішчы імя Я.Нікалаенкі. Тут адбыўся зацікаўлены дыялог аб важнасці ваенна-патрыятычнага выхавання, сучасных формах і метадах работы з моладдзю.

Удзел у сустрэчы прынялі звыш 120 педагогаў. Месцам правядзення невыпадкова было абрана менавіта кадэцкае вучылішча. У гэтай установе назапашаны эфектыўны вопыт патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

— Мы стварылі пэўныя напрацоўкі па выкарыстанні наватарскіх метадаў у такіх традыцыйных формах, як наведванне з навучэнцамі памятных мясцін і мемарыялаў, далучэнне дзяцей да пошукавай работы. Усё гэта прадставілі ў адпаведнай інструктыўна-метадычнай літаратуры. Галоўнае, да чаго мы імкнёмся, — паказваць моладзі гістарычнае мінулае нашага народа на прыкладзе канкрэтных асоб, сапраўдных герояў Айчыны, — паведаміў дырэктар вучылішча Юрый Грышанаў.

Фарміраванню патрыятызму і грамадзянскасці садзейнічае і сучасная база ўстановы. Важна, што зараз яе патэнцыялам карыстаюцца педагогі і навучэнцы з усяго рэгіёна, бо з верасня ў вучылішчы пачаў функцыянаваць абласны цэнтр патрыятычнага выхавання. Кожны тыдзень гэты цэнтр наведваюць дэлегацыі вучняў з розных раёнаў. Тут яны знаёмяцца з жыццём і побытам кадэтаў, наведваюць заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У планах — зрабіць такія заезды не аднадзённымі, а працягласцю ў тыдзень.

Як адзначыла падчас сустрэчы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова, у сучасных рэаліях патрыятычнае выхаванне моладзі набывае асаблівую значнасць. 

— Увядзенне пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні было вельмі патрэбным крокам. Нам удалося знайсці адказных, дасведчаных людзей, якія сёння ўносяць істотны ўклад у справу выхавання моладзі. У нас ёсць агульная мэта — выхаванне маладога пакалення патрыётамі сваёй краіны, але для яе дасягнення трэба весці работу ў адзіным напрамку, — падкрэсліла Ірына Міхайлаўна.

Мерапрыемства прайшло ў фармаце дыялогу. Прысутныя неаднаразова гаварылі аб тым, што навучыць патрыятызму нельга без асабістага прыкладу. Галоўным арыенцірам у рабоце таксама павінна быць далучэнне навучэнцаў да гістарычнага мінулага і сучасных дасягненняў беларускага народа. Былі агучаны і праблемы, з якімі сутыкаюцца кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Кожная з іх будзе ўзята на кантроль для далейшага вырашэння.

— Падобныя курсы неабходныя, асабліва на першапачатковым этапе, калі шукаеш правільную траекторыю работы. Я ўжо выбудаваў пэўную сістэму дзейнасці, але тут пачарпнуў для сябе шмат новага, што буду імкнуцца ўкараніць у нашай установе, — падзяліўся кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі Мсціслава Аляксандр Азаранка.

Дарэчы, курсы па новай адукацыйнай праграме МДАІРА будуць рэгулярнымі. Усяго да канца года павышэнне кваліфікацыі змогуць прайсці звыш 50 кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.