Альбіна ДАВІДОВІЧ: "Акцэнт не на дасягненні дзіцяці, а на стварэнне ўмоў для яго развіцця"

- 12:35Суразмоўца
Новы навучальны год прынёс сістэме дашкольнай адукацыі істотныя змяненні. Выхавальнікам і памочнікам выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі павялічана заработная плата, а змест навучання і выхавання дашкалят набыў больш сучасныя рысы, аб чым сведчыць новая вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. Больш падрабязна аб усім гэтым, а таксама аб тым, як вырашаюцца пытанні забяспечанасці месцамі дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі расказвае Альбіна Леанідаўна ДАВІДОВІЧ, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства.

— Альбіна Леанідаўна, віншуем вас з новым назначэннем і з новым навучальным годам! Раскажыце, калі ласка, што ўяляе сабой сістэма дашкольнай адукацыі сёння?
— Вялікі дзякуй за віншаванні. Новая пасада стала для мяне па сутнасці знакавай. Справа ў тым, што я пачынала свой працоўны шлях з работы выхавальніка дзіцячага садка, і гэтая сфера знаёма мне з самых азоў. Потым я працягнула сваю дзейнасць у Нацыянальным інстытуце адукацыі, скончыла аспірантуру і абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі”.
Начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі РБ А.Л. Давідовіч. Сістэма дашкольнай адукацыі — вельмі важная частка адукацыйнай галіны, з якой пачынаецца фарміраванне асобы нашых дзяцей. Менавіта на гэтай прыступцы ў дзіцяці закладваюцца першыя веды і навыкі, развіваюцца яго здольнасці, праходзіць станаўленне яго характару. Сёння сістэма дашкольнай адукацыі налічвае звыш 4 тысяч дзяржаўных устаноў дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, палітыка нашай дзяржавы накіравана на падтрымку і развіццё ўстаноў адукацыі розных форм уласнасці. Таму ў нашай сістэме з’явіліся прыватныя дзіцячыя садкі, якіх сёння па краіне 11 і дзе выхоўваюцца дзеці дашкольнага ўзросту. Прыватныя ўстановы дашкольнай адукацыі адкрыты ўжо ў Мінску, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Іншыя рэгіёны таксама працуюць над рэалізацыяй гэтага кірунку. Увогуле ў сістэме актыўна задзейнічаны індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прапаноўваюць розныя адукацыйныя паслугі для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Як правіла, гэта методыкі ранняга развіцця дзіцяці, у тым ліку падрыхтоўка да навучання ў школе. Перспектыўным кірункам, над якім мы сёння працуем, з’яўляецца адкрыццё груп, якія будуць рэалізоўваць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі на платнай аснове, і ў дзяржаўных установах адукацыі.
Спектр платных адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца ў дзяржаўных установах адукацыі, вельмі разнастайны і з кожным годам пашыраецца. Гэта харэаграфія, фізкультурна-аздараўленчая работа, вывучэнне замежных моў, эстэтычныя кірункі, у тым ліку маляванне, дзіцячае ручное ткацтва і шэраг іншых.
Важна, што мы імкнёмся забяспечыць права нашых выхаванцаў вучыцца на роднай мове, у тым ліку на мове нацыянальных меншасцей. Канечне, гэта найперш дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, а таксама ёсць групы, дзе адукацыйны працэс ажыццяўляецца на польскай, літоўскай і яўрэйскай мовах. Дзяржава затрачвае істотныя сродкі на ўтрыманне і паспяховае функцыянаванне ўстаноў дашкольнай адукацыі. У сярэднім гэта 1% ад ВУП штогод. На сённяшні дзень бацькі аплачваюць толькі 60% ад кошту харчавання. Усе астатнія артыкулы расходаў кампенсуюцца з дзяржаўнага бюджэту. Пры гэтым актыўна далучаюцца іншыя фінансавыя сродкі, якія не забаронены заканадаўствам, у тым ліку сродкі папячыцельскіх саветаў.
У рамках развіцця дашкольнай адукацыі мы імкнёмся ўзаемадзейнічаць з грамадскімі аб’яднаннямі, міжнарожнымі фондамі. Перш-наперш гэта прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ. На працягу доўгага часу мы з міжнароднымі партнёрамі рэалізоўвалі цэлы шэраг праектаў па развіцці дзяцей ранняга ўзросту і ў перспектыве маем намер рэалізаваць яшчэ адзін. Акрамя таго, цесна супрацоўнічаем з Беларускім грамадскім аб’яднаннем бацькоў і педагагічных работнікаў “Крок за крокам”. Імкнёмся наладзіць узаемадзеянне з іншымі органамі рэспубліканскага кіравання па пытаннях бяспекі, харчавання, вытворчасці неабходнага абсталявання, цацак, сродкаў навучання. У рамках рэалізацыі Палажэння аб рэспубліканскім міжведамасным савеце па дашкольнай адукацыі было праведзена першае пасяджэнне і вызначаны перспектывы далейшага супрацоўніцтва. У мэтах фарміравання бяспечных паводзін дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту мы наладжваем супрацоўніцтва са структурамі Міністэрства аховы здароўя, МНС, МУС, непасрэдна з ДАІ. З Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, з Міністэрствам гандлю мы супрацоўнічаем па пытаннях вытворчасці і рэалізацыі гульнявой прадукцыі, каб яна адпавядала дзяржаўным стандартам. Такім чынам мы акумуліруем кампетэнцыю многіх рэспубліканскаіх органаў дзяржаўнага кіравання для таго, каб наша дашкольная адукацыя была якаснай і адпавядала сучасным патрабаванням.

— Цяпер вельмі актуальна пытанне, якое тычыцца аптымізацыі сістэмы адукацыі. Як закрануў гэты працэс сетку ўстаноў дашкольнай адукацыі?
— Сапраўды, адным з важных пытанняў з’яўляецца аптымізацыя, дыферэнцыяцыя сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі. У нас сёння вельмі многа ўстаноў, асабліва ў сельскай мясцовасці, перапрафілююцца ў вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад — школа”, што дае магчымасць выкарыстоўваць вучэбна-матэрыяльную базу і педагагічны склад устаноў адукацыі больш эфектыўна. З другога боку, аптымізацыя і перапрафіляванне дзіцячых садкоў скіравана на развіццё іншых форм дашкольнай адукацыі, адкрыццё санаторных устаноў, дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, груп інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльных груп, што дазваляе задаволіць усе запыты і патрэбнасці насельніцтва.

— Як вы ацэньваеце сітуацыю, звязаную з недахопам месцаў у дзіцячых садках? Якія меры прымаюцца, каб яе выправіць?
— У нашай краіне з кожным годам расце колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэты факт, безумоўна, нас радуе, таму што паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя і адбываецца прырост насельніцтва краіны. Але пры гэтым пакуль не вырашана праблема, якая тычыцца забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Асабліва напружана з гэтым у рэгіёнах, дзе ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва новых мікрараёнаў. У 4 рэгіёнах краіны, а гэта Брэсцкая, Мінская, Гродзенская і Гомельская вобласці, каля 8 тысяч дзяцей дашкольнага ўзросту не ўладкаваны ў дзіцячыя сады. Востры недахоп месцаў існуе ў прыгарадах Мінска, дзе вядзецца будаўніцтва жылля для маладых сем’яў і пакуль адстае будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі. Недахоп месцаў мы імкнёмся вырашаць у першую чаргу за кошт будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі. Згодна з Праграмай развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009—2014 гады, дзе сярод іншых кірункаў перспектыўнага развіцця прадугледжана і будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі, у гэтым годзе запланавана пабудаваць 42 установы, а ў наступным — 46. Але, на жаль, назіраецца адставанне ад гэтых паказчыкаў, і сёння будуецца толькі 16 устаноў. На выкананне плана скіравана ўвага ўрада нашай краіны, і мы спадзяёмся, што кіраўнікі рэгіёнаў прымуць усе неабходныя меры, каб выканаць пастаўленыя задачы.
Забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі мы імкнёмся вырашыць у тым ліку і за кошт арганізацыі падвозу дзяцей у іншыя дзіцячыя садкі, за кошт адкрыцця такой формы работы, як кароткатэрміновае знаходжанне дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Так, многія дзеці з Мінскага раёна наведваюць сады ў Мінску па месцы работы бацькоў. Такім чынам рэалізоўваецца права атрымаць месца ў дзіцячым садзе не толькі па месцы жыхарства, але і побач з месцам работы бацькоў, што азначае рэалізацыю аднаго з самых галоўных кірункаў развіцця сістэмы адукацыі — забяспечанасць даступнасці дашкольнай адукацыі. З гэтай мэтай мы прадастаўляем розныя рэжымы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі, у прыватнасці такі рэжым, які доўжыцца 12, 10,5 і 24 гадзіны, а таксама фарміруем групы кароткатэрміновага знаходжання ад 2 да 7 гадзін. Хачу заўважыць, што сёння не ва ўсіх бацькоў існуе неабходнасць, каб іх дзеці наведвалі дзіцячы сад. Як вядома, для дзяцей у раннім узросце найбольш камфортным з’яўляецца знаходжанне ў сям’і. З улікам гэтага перспектыўным бачым стварэннне ўмоў для атрымання дашкольнай адукацыі менавіта ў бацькоўскім асяроддзі. З нашага боку мы гатовы падтрымаць бацькоў у сямейным выхаванні дзяцей і аказаць неабходную падтрымку, у тым ліку і метадычную. Сёння пачала развівацца такая форма, як навучанне па адпаведнай вучэбнай праграме дзяцей дашкольнага ўзросту дома. Такая форма дашкольнай адукацыі выбрана ў краіне для 21 дзіцяці. Вельмі актыўна ў гэтым кірунку працуе Гомельская вобласць.
Каб больш эфектыўна вырашаць пытанні забяспечанасці месцамі ўстаноў дашкольнай адукацыі і прагназаваць развіццё сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі, мы рэалізоўваем праект на базе Заводскага раёна Мінска па электроннай пастаноўцы на ўлік для атрымання месца ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Для гэтага створаны спецыяльны сайт, дзе прадстаўлены крытэрыі, па якіх бацькі могуць выбіраць установу дашкольнай адукацыі з улікам яе вучэбна-матэрыяльнай базы, месцазнаходжання, форм арганізацыі навучання і выхавання. Калі бацькі выбралі ўстанову, то з дапамогай гэтага сайта афармляецца заяўка, дзе ўказваюцца даныя дзіцяці, бацькоў, у тым ліку пашпартныя. Потым гэтая заяўка накіроўваецца для апрацоўкі ва ўпраўленне адукацыі раёна. Калі гэты новы кірунак будзе апрабаваны і дасць станоўчыя вынікі, то ў далейшым будзе выкарыстоўвацца і ў іншых рэгіёнах. Спадзяёмся, што электронны спосаб выдачы накіраванняў у дзіцячы сад дазволіць зняць напружанасць сярод бацькоў і зменшыць чэргі.

— Якая сітуацыя складваецца з укамплектаваннем устаноў дашкольнай адукацыі педагагічнымі работнікамі? Як вы спрабуеце ўзняць сацыяльны статус педагогаў?
— У сістэме дашкольнай адукацыі працуе звыш 54 тысяч чалавек. Праблема ў тым, што не ўсе яны маюць педагагічную адукацыю па профілю “Педагогіка дзяцінства”, таму вельмі актуальным з’яўляецца пытанне перападрыхтоўкі кадраў. Гэта значыць, што тым спецыялістам, якія працуюць у дзіцячых садах з іншым кірункам педагагічнай адукацыі, прадастаўлена права ў тым ліку на бюджэтнай аснове прайсці перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Гэты кірунак выбраны і рэгіянальнымі ўніверсітэтамі. Акрамя таго, каб установы дашкольнай адукацыі былі забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі, якія змогуць прадаставіць якасную дашкольную адукацыю для нашых дзяцей, пастаянна ажыццяўляецца павышэнне іх кваліфікацыі. Асноўная частка педагагічнага складу праходзіць яго ў ІРА рэгіёнаў, а загадчыкі дзіцячых садоў, іх намеснікі, рэзерв кадраў павышаюць свой прафесійны ўзровень у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у некаторых УВА. У рамках курсавой і міжкурсавой падрыхтоўкі педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі арганізаваны курсы па ўкараненні ў адукацыйны працэс новых сучасных тэхналогій і методык навучання.
У гэтым годзе заяўка на падрыхтоўку педагагічных кадраў для ўстаноў дашкольнай адукацыі складае 1402 чалавекі, для параўнання ў мінулым годзе гэтая лічба была 1127. Як бачна, патрэбнасць у кадрах для гэтых устаноў узрастае. Згодна з патрэбамі, планы прыёму ў вышэйшыя навучальныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці пастаянна карэкціруюцца. Сёлета выпуск педагагічных кадраў ва ўстановы дашкольнай адукацыі склаў 758 чалавек, з іх 367 — з устаноў вышэйшай адукацыі і 391 з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Каб кадравае абнаўленне праходзіла без збояў, мы вельмі цесна працуем з установамі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку педагагічных работнікаў, непасрэдна з кафедрамі, імкнёмся да таго, каб падрыхтоўка педагогаў была якаснай і цалкам адпавядала патрабаванням, якія прад’яўляе сёння дашкольная адукацыя. З гэтай мэтай некаторыя УВА стварылі на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі свае філіялы, каб забяспечыць практыка-накіраванасць будучых спецыялістаў дашкольнай адукацыі. Па такім кірунку сёння працуюць Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна.
Нас вельмі хвалюе павышэнне сацыяльнага статусу работнікаў ўстаноў дашкольнай адукацыі. Як вядома, пакуль ён не дастатковы, што істотна ўплывае на ўкамплектаванасць устаноў неабходнымі кадрамі. Таму вельмі своечасовым было павышэнне заработнай платы з 1 ліпеня. Выхавальнікі і памочнікі выхавальнікаў атрымалі павышэнне заробку адпаведна на 25 і 10%. На павышэнне статусу работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі будзе накіраваны і новы фармат Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, дзе ўпершыню будзе прадстаўлена намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
Хачу заўважыць, што кантынгент работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі вельмі разнастайны. Акрамя выхавальнікаў, працуюць кіраўнікі фізічнага выхавання, музычныя кіраўнікі, педагогі-псіхолагі. У некаторых установах задзейнічаны педагогі сацыяльныя. Усё гэта дазваляе забяспечваць арганізацыю адукацыйнага працэсу па розных кірунках дзейнасці і ствараць спрыяльныя, камфортныя ўмовы для дзяцей дашкольнага ўзросту.

— Якія новаўвядзенні з’явіліся сёлета ў навукова-метадычным забеспячэнні дашкольнай адукацыі?
— Уся вучэбна-праграмная дакументацыя распрацавана ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, згодна з якім дашкольная адукацыя з’яўляецца першым узроўнем асноўнай адукацыі, што ўпершыню было замацавана на заканадаўчым узроўні. З гэтага года мы будзем працаваць па новай вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі, дзе прадстаўлены змест работы з дзецьмі ад нараджэння да моманту паступлення ў школу. У адпаведнасці з прыняццем кодэкса быў распрацаваны тыпавы вучэбны план дашкольнай адукацыі і адукацыйныя стандарты дашкольнай адукацыі. Кардынальна змест дашкольнай адукацыі не змяніўся, але ён прадстаўлены крыху інакш. Так, у прыватнасці змест адукацыі для дзяцей ранняга ўзросту прадстаўлены па кожным месяцы. Такое адлюстраванне зместу адукацыі найбольш прымальна для дакладнага планавання і арганізацыі работы. Яно вельмі зручна ў планаванні арганізацыі работы пры раннім развіцці дзіцяці, у адаптацыйных групах, мацярынскіх школах.
Яшчэ адной асаблівасцю праграмы стала тое, што змест адукацыі для старшых груп разбіты на дзве ўзроставыя катэгорыі: ад 5 да 6 і ад 6 да 7 гадоў. Гэта зроблена з улікам таго, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі штогод каля 15 — 20 % дзяцей 6-гадовага ўзросту застаецца яшчэ на год. Каб гэты год спрыяў развіццю дзіцяці, змест работы з названай узроставай групай быў спецыяльна асобна выдзелены. У новай вучэбнай праграме таксама прадстаўлены змест арганізацыі работы па розных кірунках у сферы звыш базавага кампанента ў частцы таго, што можна арганізоўваць ва ўстанове на платнай аснове. Прадстаўленая ў праграме пераемнасць у змесце, метадах і прыёмах дазваляе забяспечыць пераемнасць дашкольнай адукацыі з першай ступенню агульнай сярэдняй адукацыі. У вучэбнай праграмнай дакументацыі мы прадставілі прыкладныя паказчыкі развіцця дзіцяці ў кожным узросце, што яно можа ўмоўна дасягнуць, паказаны арыенціры яго развіцця.
У адпаведнасці з гэтай праграмай мы выдаём вучэбныя выданні для педагогаў, дзяцей. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у адукацыйным працэсе мы выкарыстоўваем толькі вучэбныя выданні, афіцыйна рэкамендаваныя Міністэрствам адукацыі альбо Нацыянальным інстытутам адукацыі. У нас наладжана сістэма вучэбнага кнігавыдання, і нашы распрацоўкі заваявалі папулярнасць не толькі на рэспубліканскім, але і міжнародным узроўні. Серыя выданняў, такіх як “Умейка”, “Мае першыя ўрокі”, шырока вядома сярод нашых калег з краін СНД. Да гэтага навучальнага года было выдадзена 6 найменняў вучэбна-метадычнага комплексу “Мае першыя ўрокі” для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Каля 12,5 тысячы адзінак гэтай вучэбнай літаратуры дастаўлена ва ўстановы дашкольнай адукацыі Беларусі. Выдадзена таксама 6 найменняў вучэбных дапаможнікаў для педагагічных работнікаў, у тым ліку адукацыйныя стандарты дашкольнай адукацыі. У самы бліжэйшы час яшчэ будзе выдавацца шэраг вучэбных выданняў згодна з планам выдавецкай дзейнасці.

— Якімі крытэрыямі ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі вы карыстаецеся?
— У крытэрыях ацэнкі мы скіроўваем акцэнт не на дасягненні самога дзіцяці, а на стварэнне ўмоў для яго развіцця. Згодна з гэтым, самымі галоўнымі крытэрыямі з’яўляюцца кваліфікацыйны адукацыйны ўзровень кадраў, яго дынаміка. Гэта забяспечанасць устаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання ў адпаведнасці з іх пералікам, забяспечанасць устаноў вучэбнымі выданнямі з улікам пераліку рэкамендаванай літаратуры. Як крытэрый выступае і ўзровень задаволенасці бацькоў паслугамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, які мы вызначаем з дапамогай анкетавання. Таксама аднесены да крытэрыяў ацэнкі якасці і такія паказчыкі, як выкананне норм харчавання, дынаміка стану здароўя выхаванцаў.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.