Акцябрацкія даручэнні

Вялікае значэнне ў жыцці акцябрат маюць даручэнні: дапамагаюць улічыць індывідуальныя асаблівасці, жаданні, уцягнуць у грамадска карысную працу, даюць магчымасць рэалізаваць жаданне быць упаўнаважаным калектыву. У атрадах акцябрат піянерскай дружыны імя Уладзіміра Пахоменкі гімназіі Мсціслаўля, каб зрабіць жыццё дзіцячага калектыву цікавым і займальным, акцябратам даюць разнастайныя даручэнні.

Як правіла, асноўныя размяркоўваюцца ў пачатку навучальнага года. На працягу года даручэнні мяняюцца, каб кожны выконваў розныя.

Каб лепш засвоіць сутнасць даручэнняў, у нашай піянерскай дружыне праводзілася гульня — падарожжа па станцыях “Акцябрацкія даручэнні”. У гульні ўзялі ўдзел 3 атрады акцябрат: “Іскрынкі”, “Вясёлыя рабяты” і “Зорачкі”. Трэба было пераадолець 9 станцый з назвамі “Хуткая дапамога”, “Спартыўная”, “Дапытлівая”, “Казачная”, “Гульнёвая”, “Акцёрская”, “Мазаіка”, “Творчая” і “Працоўная”.

На станцыі “Хуткая дапамога” акцябраты выконвалі даручэнне “Айбаліта”. Прадэманстравалі самыя простыя прыёмы аказання першай медыцынскай дапамогі пры няшчасных выпадках: калі парэзаў палец або неспадзявана стукнуўся і атрымаў сіняк. На станцыі “Спартыўная” акцябраты прадэманстравалі, якія яны спартсмены: кожны атрад правёў сваю фізкультхфілінку. На станцыі “Дапытлівая” выконвалі даручэнне “Чамучкі”. Кожнаму атраду трэба было разгадаць рэбус. На станцыі “Казачная” выконвалі даручэнне “Кнігалюбы”: адказвалі на пытанні пра казкі і казачных герояў. На станцыі “Гульнявая” выконвалі даручэнне “Забаўнікі”: патрабавалася арганізаваць гульню са сваёй камандай. Капітаны выцягвалі карткі, дзе напісаны прадметы. Неабходна было з абраным прадметам прыдумаць і правесці гульню (напрыклад: мячык, скакалка, абруч).

Выканаўшы ўсе заданні, акцябраты адправіліся на станцыю “Акцёрская”. Заданні былі па картках: паказаць сцэнкі са школьнага жыцця — збор макулатуры, уборка класа, тэрыторыі, дапамога ветэранам. На станцыі “Мазаіка” выконвалі даручэнне кветкаводаў, дзе дзяліліся цікавымі фактамі пра кветкі. На станцыі “Творчая” — даручэнне журналістаў: скласці бурымэ са словамі “дзеці”, “жывём”, “акцябраты”, “клічам”. На апошняй станцыі, “Працоўная”, — даручэнне “Гаспадары класа”. Трэба было з пералічаных па парадку слоў скласці прыказку аб працы.

Падарожжа атрымалася займальнае, акцябраты выдатна справіліся з усімі заданнямі. Каманда “Весёлые ребята” заняла 1-е месца, 2-е падзялілі каманды “Іскрынкі” і “Зорачкі”. Віншуем і жадаем далейшых поспехаў!

Таццяна БАБАКОВА,
педагог-арганізатар гімназіі Мсціслаўля.