Актуальная размова

- 11:00Актуально, Апошнія запісы

Каб адчуць настрой маладых людзей, пачуць іх ідэі па ўдасканаленні маладзёжнай палітыкі, адказаць на тыя пытанні, якія іх хвалююць, у Оршы прайшоў адкрыты дыялог моладзі з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенкам, а таксама са старшынёй Аршанскага райвыканкама Ігарам Ісачанкам, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінай Курсевіч, першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрыем Варанюком.

З маладзёжнага боку да размовы былі запрошаны маладзёжныя лідары нашай краіны — маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, прадстаўнікі маладзёжных парламентаў, члены Рэспубліканскага студэнцкага савета, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і інш.

Спектр пытанняў, якія хвалююць моладзь, аказаўся даволі шырокім: ад ідэй аднаўлення гарадскіх паркаў да пасадкі парку сямейных дрэў, дзе кожная маладая сям’я зможа пасадзіць сваё дрэва; ад пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва сярод студэнтаў да канкрэтных шляхоў дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Актуальным аказалася і пытанне павелічэння ясляў для дзяцей маладых мам, якія хочуць выйсці на работу раней.

Прагучалі ідэі яшчэ большай папулярызацыі здаровага ладу жыцця, заняткаў спортам, у тым ліку і далучэнне да рэспублікан­скіх спаборніцтваў працоўнай моладзі, што міністр адукацыі з задавальненнем падтрымаў: “Я толькі “за”. Мы заўсёды выступалі за садружнасць студэнтаў і працоўнай моладзі. У многім гэтаму спрыяе і тое, што сёння студэнты з першага курса практыкуюцца на прад­прыемствах. Магчыма, спартыўнае аб’яднанне гэтаму паспрыяе яшчэ больш”.

На прапанову студэнтаў змяніць стары фармат некаторых рэспубліканскіх маладзёжных праектаў Дзмітрый Варанюк адказаў таксама прапановай: “Мы час ад часу гэта робім, але неактуальны праект павінен быць заменены яго актуальнай альтэрнатывай. Прапаноўвайце! Мы заўсёды гатовы да вас прыслухацца”.

 Пра адзін з прыкладаў выніку такой нядаўняй прадметнай размовы Дзмітрый Варанюк расказаў, анансаваўшы новы праект “Бітва ўнівераў”, які прапанавалі самі студэнты і які плануецца рэалізоўваць з восені пры падтрымцы тэлеканалаў. Удзельнікамі шоу ста­нуць усе УВА краіны. Усе яны будуць выстаўляць сваю каманду ў розных кірунках —  ад спорту да творчасці — і выяўляць пераможцу.

В.В.Курсевіч анансавала тое, што абмяркоўваецца пытанне стварэння маладзёжнай палаты пры Парламенце Рэспублікі Беларусь, якая будзе займацца заканадаўчай дзейнасцю нароўні з членамі парламента і адстой­ваць інтарэсы нашай моладзі. Плануецца, што гэта будзе моладзь ад 18 да 25 гадоў (па 5 чалавек ад кожнай вобласці і Мінска).

Святлану Шылко, студэнтку БДПУ, маладзёжнага пасла ўстойлівага развіцця, хвалюе выхаванне экалагічна свядомай асобы. У прыватнасці, яна ўпэўнена, што прасцей выхоўваць маленькага чалавека, чым перавыхаваць дарослага. І таму прапанавала ўнесці карэкціроўкі ў праграму дашкольнай адукацыі з улікам самых важных аспектаў, у прыватнасці, асобнага збору смецця. На што І.В.Карпенка сказаў: “Тут галоўную ролю павінны адыгрываць не дакумент, не праграма, не ўвя­дзенне асобных прадметаў, а толькі асабістая зацікаўленасць педагога і яго ўменне інтэрпрэтаваць існуючую пра­граму, у якой, дарэчы, экалагічнае выхаванне мае значнае месца. І, канечне, уласная адказнасць самога дзіцяці. Вось вам прыклад: на ўроку “Асновы бяспечнай жыцця­дзейнасці” дзеці ля дошкі дакладна ведаюць, як пераходзіць дарогу (перш чым ступіць на яе, трэба ўпэўніцца ў адсутнасці машын), ведаюць тармазны шлях машыны і г.д. А што мы бачым на вуліцах? У вушах у дзяцей — навушнікі, на твары насунуты капелюшы. Хіба можна ўбачыць так сігнал святлафора? Гэта ўжо ад майстэрства вадзіцеля залежыць, ці паспее машына затармазіць. Я гэта гавару да таго, што не ўсё павінна рашацца пра­грамай. Гэта вырашаюць жыццёвы вопыт, слова педагога, яго асоба”.

Шмат пытанняў тычылася змяненняў правіл і падыходаў да прыёмнай кампаніі ў гэтым годзе. Ігар Васільевіч супакоіў прысутных: сёлета ніякіх сур’ёзных змяненняў не будзе.

Прагучала пытанне незалежнай атэстацыі пасля сярэдняй школы. Абмяркоўвалася і трывожная тэндэнцыя пераходу ад падтрымліваючых заняткаў у школе да індывідуальных заняткаў у рэпетытараў. Па меркаванні міні­стра, у многім гэта абумоўлена рознасцю іспытаў пасля школы і падчас паступлення ва УВА: “Пагадзіцеся, калі 11-класнік на выпускных экзаменах піша па рускай ці беларускай мове пераказ, а пры паступленні здае тэст, то па сваёй форме экзамены не суадносяцца адзін з адным. Таму і атрымліваецца, што настаўнік зацікаўлены ў тым, каб падрыхтаваць вас добра напісаць пераказ. А хто павінен рыхтаваць да паступлення? У лепшым выпадку вам прапануюць платныя заняткі ў школе. А ў горшым — адпра­вяць да рэпетытара. Таму мы будзем шу­каць сярэдні варыянт, каб наблізіць экзамены — і выпускныя, і ўступныя — да адной формы. Як гэта будзе, пакуль не вырашана. Але не хвалюйцеся, громам сярод яснага неба гэтае новаўвядзенне не бу­дзе. Пра любыя новаўвядзенні вы даведаецеся як мінімум за год ці за два да іх увядзення, каб вы паспелі грунтоўна падрыхтавацца”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.