Не паспелі адгучаць апошнія званкі, а амаль 120 педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны зноў аказаліся за партамі. Зрэшты, за партамі — гэта вобразна, таму што рэспубліканскі семінар для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў” праходзіў на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра ў маляўнічым месцы на беразе ракі Пціч. Але навучанне было самым рэальным.
Пачынаем з вынікаў
Гэты праект рэалізуецца ў 55 установах адукацыі краіны з верасня 2021 года. Спачатку былі праведзены стартавыя дыягностыкі, якія дазваляюць ацаніць зыходны ўзровень уменняў другакласнікаў працаваць з суцэльнымі і несуцэльнымі тэкстамі, затым прайшло некалькі вучэбных семінараў для настаўнікаў пачатковых класаў. Пачынаючы з другой чвэрці навучэнцы займаліся па спецыяльных дапаможніках, распрацаваных па тэхналогіі мнагамернага чытання. Ацэнка эфектыўнасці навучання стала прадметам выніковай дыягностыкі ў красавіку, а ў маі было праведзена заключнае анкетаванне педагогаў. Таму семінар пачаўся з аналізу асноўных вынікаў інавацыйнай дзейнасці, бо рухацца наперад можна, толькі калі ўмееш рабіць высновы з мінулага.
Перш за ўсё — гэта матывацыя. Добра вядома, што менавіта гэты ўнутраны рухавік вызначае паспяховасць любой дзейнасці. 84% апытаных настаўнікаў сцвярджаюць, што зацікаўленасць вучняў заняткамі па тэхналогіі мнагамернага чытання вышэйшая, чым іншымі ўрокамі; 16% лічаць, што такая ж. Характэрна, што ніхто са 148 педагогаў не зазначыў зніжэнне цікавасці да заняткаў.
Сярод адукацыйных прырашчэнняў за год адзначаюцца такія, як узровень развіцця мыслення (зазначылі 76%), узровень пазнавальнай актыўнасці (73%), узровень развіцця крэатыўнасці (67%), узровень развіцця камунікатыўных якасцей асобы (60%). І таму 52% настаўнікаў пасля першага года работы ў інавацыі лічаць, што атрыманыя вынікі поўнасцю адпавядаюць чаканым; а 57% настаўнікаў удзел у праекце лічаць галоўным асабістым дасягненнем навучальнага года.
Што тычыцца параўнальнага аналізу дыягностыкі функцыянальнай пісьменнасці, то на 16% павялічылася колькасць навучэнцаў з высокім узроўнем выканання работы, хаця змест заданняў быў больш складаным, чым у пачатку года. Таксама былі прааналізаваны магчымыя залежнасці, і атрымалася, што няма істотных адрозненняў у дынаміцы выканання работы паміж гарадскімі і сельскімі школьнікамі, размеркаванне па абласцях таксама даволі раўнамернае, не выяўлена значнай розніцы ў залежнасці ад тыпу навучальнай установы (параўноўваліся навучэнцы гімназій і сярэдніх школ) і колькасці навучэнцаў (адны настаўнікі займаюцца з цэлым класам, а іншыя з групамі).
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання дазваляюць забяспечыць роўнасць магчымасцей доступу ўсіх навучэнцаў да якаснай адукацыі. Такой жа думкі прытрымліваецца і 71% настаўнікаў, якія па шкале эфектыўнасці ацанілі тэхналогію мнагамернага чытання найвышэйшым балам (“актуальна, будзе запатрабавана ў масавай практыцы”). Надышоў час нарэшце расказаць аб сутнасці новай тэхналогіі.
“Чытанне ў ступені N”
Новая адукацыйная тэхналогія нарадзілася прыкладна 5 гадоў назад як адказ на пытанне: “Дапусцім, у недалёкай будучыні нашы дзеці будуць ведаць усё тое, што напісана ў падручніках (і з улікам тэндэнцый развіцця інфармацыйнай эпохі гэта цалкам рэальна). Чым тады яны будуць займацца ў школе?”.
Зразумела, што акцэнт перамесціцца на развіццё мыслення, лагічнага і творчага. Трэба будзе вучыць не запамінаць і перадаваць інфармацыю, а яе асэнсоўваць, пераўтвараць, ствараць. Але гэта стратэгічны напрамак, а ў чым канкрэтна гэта можа праяўляцца, прычым штодзень на ўроках? Група гомельскіх педагогаў пад навуковым кіраўніцтвам С.І.Гін для першай ступені навучання прапанавала наступны варыянт рашэння: “Бяром добрую дзіцячую кнігу, выбіраем з яе адну главу, якая адрозніваецца ўнутранай цэласнасцю, і цалкам паглыбляемся ў яе, адштурхоўваючыся ад тэксту ў самых розных напрамках…”
На сённяшні дзень распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы з 2 па 4 клас, якія ўключаюць у сябе дапаможнік для настаўнікаў з самымі падрабязнымі рэкамендацыямі і падручнік-сшытак для навучэнцаў. Пры гэтым аўтары-распрацоўшчыкі самі сабе ўстанавілі планку: ні адно заданне не павінна паўтарацца! Можа, таму ў навучэнцаў такая высокая матывацыя: заданні ж адносяцца да розных прадметаў, прычым не толькі пачатковай школы; і, акрамя таго, уключаюць практыкаванні на канструяванне і мадэляванне, і гэта ўсё яшчэ і з выкарыстаннем магчымасцей глабальнай сеткі інтэрнэт! Таксама заданні сшытка ўключаюць мноства несуцэльных тэкстаў: схем, табліц, графікаў, дыяграм, інструкцый, карт, аб’яў і г.д., што забяспечвае паспяховасць фарміравання функцыянальнай пісьменнасці.
Заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання дазваляюць забяспечыць роўнасць магчымасцей доступу ўсіх навучэнцаў да якаснай адукацыі.
Першапачаткова тэхналогія называлася “Разумнае чытанне”, але вельмі хутка стала зразумела, што гэтая назва не зусім адлюстроўвае яе сутнасць. І пад абноўленай назвай тэхналогія мнагамернага чытання стала ўкараняцца ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта.
На семінары лекцыю пра методыку работы па тэхналогіі ў 3 класе прачытала настаўнік-метадыст з гімназіі № 2 Н.А.Ваўранчук. Наталля Аляксандраўна з’яўляецца не толькі актыўнай удзельніцай аўтарскага калектыву па стварэнні дапаможнікаў, але і апрабавала ўсе матэрыялы з навучэнцамі свайго класа. Таму гучала не сухая тэорыя, а прадукцыйны дыялог з аўдыторыяй, падчас якога ўдзельнікі змаглі азнаёміцца з усімі асаблівасцямі выкладання ў наступным навучальным годзе. Некалькі разоў выкладчыца звярнула ўвагу на тое, што ў кожным класе будзе свой індывідуальны тэмп работы, які залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, дзе вызначальнай з’яўляецца зацікаўленасць навучэнцаў. Такім чынам, усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу маюць магчымасць выйсці на іншы ўзровень, у наступнае вымярэнне, дзе працэс набыцця і прымянення ведаў з’яўляецца натуральнай патрэбай чалавека, які расце, а настаўнік для гэтага толькі стварае ўсе ўмовы.
Аўтары сваю тэхналогію называюць “Чытанне ў ступені N”, даючы яму такія азначэнні, як “надсістэмнае”, “няспешнае”, “насычанае”, “нясумнае”, “неабходнае”, “нязмушанае”, “нязвыклае”, “невычэрпнае”, “нечаканае” і шмат іншых. Але пры гэтым з гордасцю любяць падкрэсліваць, што яшчэ гэтая тэхналогія — “наша”, з’яўляецца цалкам нацыянальным прадуктам і можа забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускай сістэмы адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы.
З чаго складаецца функцыянальная пісьменнасць?
Без тэорыі ў навучанні таксама не абысціся. Прафесійная кампетэнтнасць настаўніка абапіраецца на сучасныя дасягненні педагагічнай і псіхалагічнай навукі. І павышэнню майстэрства садзейнічала лекцыя “Інтэграцыйныя кампаненты функцыянальнай пісьменнасці”, якую прачытала С.І.Гін.
Пачалі з гісторыі, бо гэты тэрмін з’явіўся толькі ў канцы мінулага стагоддзя. Да 60-х гадоў гаворка ішла пра традыцыйную пісьменнасць, якая ўключала ў сябе базавыя ўменні чытання, пісьма, лічэння. А на пачатку XXI ст. у сувязі з імклівым развіццём грамадства прыйшло ўсведамленне неабходнасці развіцця функцыянальнай пісьменнасці, якая дазваляе чалавеку быць паспяховым у зменлівым свеце. І калі традыцыйная пісьменнасць — гэта ўстойлівая якасць асобы (нельга, напрыклад, развучыцца чытаць), то функцыянальная з’яўляецца сітуацыйнай характарыстыкай, якая ў розных сітуацыях можа праяўляцца па-рознаму. Адпаведна, калі чалавек не можа прымяніць веды ў змененай сітуацыі, то варта гаварыць аб яго функцыянальнай непісьменнасці. Менавіта ўзровень практычных навыкаў і з’яўляецца прадметам вывучэння PISA — міжнароднага маніторынгу ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў 15-гадовага ўзросту.
Калі ўзяць за аснову шырока вядомае азначэнне функцыянальнай пісьменнасці расійскага акадэміка А.А.Лявонцьева (здольнасць выкарыстоўваць веды, якія пастаянна набываюцца, уменні і навыкі для вырашэння шырокага кола жыццёвых задач), то няцяжка сфармуляваць сутнасць яе асобных структур. Напрыклад: матэматычная пісьменнасць — гэта здольнасць выкарыстоўваць матэматычныя веды для вырашэння жыццёвых задач; прыродазнаўчанавуковая пісьменнасць — гэта здольнасць выкарыстоўваць прыродазнаўчанавуковыя веды для вырашэння жыццёвых задач і г.д.
Лабараторыяй пачатковай агульнай адукацыі Інстытута развіцця стратэгіі адукацыі РАА (загадчыца — доктар педагагічных навук Н.Ф.Вінаградава) вызначаны інтэграцыйныя кампаненты функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў, да якіх належаць чытацкая, камунікатыўная, інфармацыйная і сацыяльная.
Мэтанакіраванае фарміраванне гэтых навыкаў дазваляе вырашыць тыя праблемы, якія, на жаль, нярэдка існуюць не толькі ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту: недастатковы ўзровень сэнсавага чытання, які дазваляе не толькі атрымліваць інфармацыю з тэксту, але і інтэрпрэтаваць яе і суадносіць з жыццёвым вопытам; адсутнасць уменняў весці прадукцыйны дыялог, слабая зацікаўленасць у пашырэнні свайго інфармацыйнага поля, несфарміраванасць медыяпісьменнасці, дрэнна развітая здольнасць прадбачыць наступствы сваіх дзеянняў, нізкая гатоўнасць адаптавацца да сітуацыі, асабліва да надзвычайнай.
Хаця ўсе гэтыя ўменні і навыкі, няхай іншымі словамі, але дакладна прапісаны ў дзеючым адукацыйным стандарце: “Чаканыя вынікі пачатковай адукацыі ўвасабляе навучэнец … , які ўсведамляе адказнасць за свае ўчынкі; матываваны на вучэбна-пазнавальную дзейнасць; валодае пачатковымі навыкамі сацыяльнай адаптацыі; гатовы і здольны да супрацоўніцтва, валодае асновамі ўмення вучыцца; умее карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі пры арганізацыі самастойнай вучэбнай дзейнасці; праяўляе пазнавальную актыўнасць”.
І зноў узнікае супярэчнасць, пра якую мы ўжо гаварылі: мы ведаем, ШТО патрабуецца, але не хапае канкрэтных інструментаў, ЯК гэта рэалізаваць на практыцы. І зноў у якасці прыкладаў выкарыстоўвалі змест тэхналогіі мнагамернага чытання, якая, з’яўляючыся незалежнай ад вучэбнай праграмы, дазваляе паспяхова фарміраваць усе кампаненты функцыянальнай пісьмен-
насці.
Тэксты суцэльныя і несуцэльныя…
Паколькі ў аснове функцыянальнай пісьменнасці ляжыць чытацкая, то вялікую ўвагу ў праграме семінара ўдзялілі фарміраванню чытацкіх уменняў работы з рознымі відамі тэкстаў. Н.П.Капшай, дацэнт кафедры педагогікі і прыватных методык ГАІРА, кандыдат філалагічных навук, расказала аб асаблівасцях чытання мастацкіх твораў, ці, як зараз прынята іх называць, суцэльных тэкстаў.
Але хоць ён і суцэльны, то ў ім можна вылучыць складовыя часткі: гэта і назва, і ілюстрацыі, і абзацы ці главы з падзагалоўкамі, могуць быць эпіграф ці зноскі, і работа з кожным элементам таксама патрабуе пэўных прафесійных навыкаў.
Таму мала ўмець прачытаць, у сэнсе агучыць тэкст, трэба вучыць учытвацца ў яго і вычытваць той схаваны сэнс і падтэкст, без разумення якога нельга гаварыць аб паўнавартасным чытанні. Наталля Паўлаўна вельмі падрабязна, выкарыстоўваючы падручнікі для пачатковай школы, прадэманстравала цэлы россып прыёмаў сэнсавага чытання.
Затым эстафету падхапіла М.І.Дабрадушанка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце інстытута развіцця адукацыі Гродна. Марына Іосіфаўна ўмела спалучала тэорыю і практыку, тлумачачы алгарытм работы з несуцэльнымі тэкстамі. Бо нават дзеці, якія зусім не чытаюць, усё роўна пастаянна знаходзяцца ў насычанай інфармацыйнай прасторы: гэта разнастайныя расклады і схемы, шыльды і афішы, чэкі і інструкцыі і г.д. Нават талон ці банкнота з’яўляюцца крыніцамі інфармацыі, якую трэба ўмець чытаць і асэнсоўваць.
Спачатку трэба навучыцца вызначаць від несуцэльнага тэксту, затым атрымліваць з яго інфармацыю і рабіць высновы, ператвараць несуцэльны тэкст у суцэльны і наадварот. Наступным этапам будзе ўменне мяняць від несуцэльнага тэксту, напрыклад, на аснове табліцы пабудаваць дыяграму або інструкцыю ператварыць у схему. Завяршальнымі будуць творчы і прыкладны этапы: уменне ствараць уласныя несуцэльныя тэксты і ўменне іх выкарыстоўваць для вырашэння канкрэтнай вучэбнай ці жыццёвай задачы.
Дадатковую каштоўнасць матэрыялу, які выкладаўся, надавала тое, што большасць прыкладаў грунтавалася на аснове рабочага сшытка “Практычныя заданні. Чалавек і свет”, суаўтарам якога з’яўляецца лектар.
Нягледзячы на тое, што стыль выкладання, асаблівасці ўзаемадзеяння са слухачамі ды і сам змест лекцый Н.А.Капшай і М.І.Дабрадушанка даволі моцна адрозніваліся, іх аб’ядноўвала самае галоўнае — шчырая перакананасць у тым, што чытацкую пісьменнасць не толькі можна, але і трэба фарміраваць ужо ў пачатковай школе.
Кожны настаўнік — даследчык
Адным з напрамкаў удзелу ў інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца наяўнасць уласнага педагагічнага даследавання. Аднак, паводле заключэння экспертаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, узровень даследчай кампетэнтнасці педагогаў-практыкаў не заўсёды можа забяспечыць належную выніковасць.
Нярэдка настаўнікі падмяняюць даследаванне тэмай па самаадукацыі або абагульненнем вопыту сваёй работы, а часцей за ўсё выкананнем праграмы рэалізацыі праекта. У той жа час даследаванне — гэта працэс атрымання ўласных новых ведаў з загадзя невядомым рашэннем, а адной з мэт даследчай дзейнасці з’яўляецца выяўленне ўзаемасувязей паміж рознымі бакамі з’явы або працэсу, што вывучаецца.
Менавіта з такіх слоў пачалася лекцыя С.І.Гін па тэме “Даследчая культура педагога”. У працэсе абмеркавання прыйшлі да высновы, што даследаванне пачынаецца з назірання, збору фактычнага матэрыялу, на падставе якога можна выказаць гіпотэзу.
А далей слухачам трэба было высветліць, ці існуе залежнасць паміж хуткасцю чытання навучэнцаў і ўзроўнем выканання дыягнастычнай работы чытацкіх уменняў. З пункту гледжання бытавой логікі адказ відавочны: чым хутчэй дзіця чытае, тым лепшыя ў яго павінны быць вынікі выканання дыягностыкі.
Але што скажуць лічбы? Неверагодна складана словамі перадаць той азарт і энтузіязм, калі ўся зала ў адзіным парыве параўноўвала і аналізавала, лічыла і абагульняла, спрачалася і даказвала, — гэта трэба было бачыць! У настаўнікаў на руках былі вынікі толькі свайго класа, а ў канцы трэба было зрабіць высновы па выбарцы ў амаль дзве тысячы навучэнцаў! Вось тут кожны на сабе адчуў, што на самай справе значыць работа ў камандзе аднадумцаў! Але самым нечаканым эфектам аказаліся атрыманыя вынікі: здавалася б, цалкам відавочнае меркаванне пацвердзілася ўсяго ў 47% выпадкаў!
І тут жа ўзнікла новая гіпотэза: “Гэта, напэўна, таму, што дзеці паспяшаліся, прачыталі хутка, але няўважліва, і таму нарабілі памылак!..”. Але правяраць, ці існуе залежнасць паміж узроўнем увагі і выніковасцю, настаўнікі будуць ужо самі на працягу наступнага навучальнага года. Магчыма, і нейкія іншыя заканамернасці ўдасца выявіць, бо працэс пошуку новага бясконцы!..
А пакуль мы змаглі пераканацца, што законы педагагічнай інаватыкі, сфармуляваныя Н.Р.Юсуфбекавай, працуюць. У прыватнасці, закон незваротнай дэстабілізацыі педагагічнага інавацыйнага асяроддзя. Як раней, педагогі працаваць ужо не змогуць, прывычныя ўяўленні пачынаюць разбурацца. І хоць любое новаўвядзенне прыводзіць да палярызацыі меркаванняў аб яго значнасці і каштоўнасці, хочацца спадзявацца, што сярод удзельнікаў інавацыйнага праекта выпадковых людзей няма.
Якасны сэрвіс
Мяркую, з назвы гэтага блока можна было здагадацца, што размова пойдзе пра адміністрацыю і персанал санаторыя, дзе праходзіў семінар. Сапраўды, як выказалася ў водзыве адна з удзельніц: “Даўно не сустракала канцэнтрацыю такой колькасці добрых людзей у адным месцы!” Ёй падтакваюць і іншыя: “ДРАЦ “Пціч” — гасціннасць на найвышэйшым узроўні: 10/10”, “Месца, дзе праходзіў семінар, вельмі спадабалася. Цудоўныя людзі і прырода. Сталовая “па-за конкурсам”, “Усё камфортна, зручна, чыста. Персанал добразычлівы, ветлівы, карэктны”, “Умовы пражывання былі выдатныя. З’явілася жаданне вярнуцца сюды яшчэ раз”. І яшчэ шмат цёплых аналагічных слоў удзячнасці было сказана ў адрас “гаспадынь”: Таццяны Вітальеўны Максіменка і Таццяны Адамаўны Маёрчык.
Але хацелася б яшчэ паведаміць пра інфармацыйныя сэрвісы, што было тэмай заключнай лекцыі настаўніка-метадыста з Васілішкаўскай сярэдняй школы С.А.Ханько.
На сённяшні дзень склалася парадаксальная сітуацыя, калі школьнікі, нават пачатковых класаў, валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі значна больш упэўнена, чым дарослыя (хаця не ўсе: Святлана Антонаўна можа даць фору любому вучню). Менавіта гэты вопыт яна імкнулася перадаць слухачам: як ствараць цудоўныя прэзентацыі і інтэрактыўныя выявы, як выкарыстоўваць інфаграфіку на ўроку, як адрэдагаваць відэа (абрэзаць,
выразаць, склеіць, канверсаваць…). А потым быў практыкум, калі з фота і відэа, знятых гэтымі днямі, проста на вачах нараджаўся сапраўдны фільм!
Слухачы атрымалі шматлікія спасылкі на розныя электронныя рэсурсы, галоўнай добрай якасцю якіх былі прастата і зручнасць выкарыстання. А яшчэ яны ўсе неаднаразова “пратэсціраваны” анлайн-наведвальнікамі рэсурснага цэнтра, які ўзначальвае Святлана Антонаўна. Якасны сэрвіс — гэта менавіта тое, што дазволіць настаўнікам зрабіць урокі яркімі і дынамічнымі, прадукцыйнымі і сучаснымі.
Расстаючыся з удзельнікамі семінара, раптам прыдумала ўласнае азначэнне функцыянальнай пісьменнасці: гэта калі чалавек не ўскладняе жыццё ні сабе, ні навакольным.
Не прэтэндую на лаўры, але, можа, у гэтым нешта ёсць? Функцыянальна пісьменны чалавек проста не мае патрэбы ў “подзвігах”, ён сумленна і адказна выконвае сваю работу і чакае такога ж стаўлення да сваёй справы ад іншых. Спакойна і надзейна. Без лішніх ахвяр і мітусні. Так проста і так цяжка. Але так неабходна! І нам, і нашым дзецям.
Святлана ГІН,
прафесар кафедры педагогікі і прыватных методык
Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі,
навуковы кансультант інавацыйнага праекта.
Алена Барташ, намеснік дырэктара ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы: “Каштоўнасць кожнага семінара-вучобы не толькі ў новых ведах. Гэта стымул для далейшай плённай працы. І гэты семінар не стаў выключэннем. Зарад бадзёрасці, такія карысныя жывыя зносіны з калегамі, практычныя знаходкі і творчы ўздым даюць цудоўную магчымасць яшчэ больш паверыць у свае сілы, жаданне працаваць на вынік у сваёй школьнай камандзе”.
Вольга Мялешка, намеснік дырэктара гімназіі Светлагорска: “Вам удалося сабраць вялікую аўдыторыю гасцей з усіх куткоў Беларусі, адданых і верных сваёй справе. Усе былі мілыя і дружалюбныя. Тэматыка выступленняў вельмі актуальная. Ваша каманда прадэманстравала вялікі арганізацыйны прафесіяналізм. Дзякуючы зладжанай рабоце, семінар прайшоў на найвышэйшым узроўні. Кожны ўдзельнік атрымаў станоўчыя эмоцыі. Мы будзем рады сустрэцца з вамі ў наступным годзе”.
Ірына Абашкіна, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 6 Полацка: “Полацкія педагогі далучаюцца да падзячных водзываў у адрас арганізатараў семінара! Усё сапраўды было на 10 балаў. Лектары не проста чыталі матэрыял, а ўжывую размаўлялі з аўдыторыяй! З гумарам, з агеньчыкам! Пасля такіх сустрэч заўсёды хочацца ствараць, іскрыць і БЫЦЬ! І хочацца дадаць да слоў вядомай песні “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!”. Не проста ЗДОРАВА, але і вельмі ПАТРЭБНА. Бо ва ўсе куткі Беларусі паляцелі іскрынкі сяброўства, дабра, творчасці! Значыць, нашым дзецям стане цікавей вучыцца, спазнаваць свет і сябе ў гэтым свеце. А гэта і ёсць наша місія, паважаныя педагогі”.
Алена Басько, намеснік дырэктара Васілішкаўскай сярэдняй школы: “Шчырыя словы ўдзячнасці за магчымасць удзелу ў семінары. Шмат станоўчых эмоцый, зарад энергіі на новы навучальны год, захопленасць інавацыйным праектам — усё гэта дзякуючы вам, Святлана Іванаўна, і вашым калегам”.