Амаль чатыры дзясяткі дзяржаў выказалі інтарэс да супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам. Аб гэтым заявіў 27 кастрычніка Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе.
“У цэлым амаль чатыры дзясяткі дзяржаў выказалі інтарэс да супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам у тым ці іншым фармаце, уключаючы такія буйныя дзяржавы, як Кітай і Індыя”, — сказаў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, краіны ЕАЭС прыкладаюць значныя намаганні па выхадзе на замежныя рынкі, імкнуцца да пазіцыянавання саюза на міжнароднай арэне як паспяховага і стабільнага інтэграцыйнага аб’яднання. “І ў гэтай сферы ў нас шмат атрымліваецца”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. Ён нагадаў, што 5 кастрычніка бягучага года ўступіла ў сілу пагадненне аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС і В’етнама. Гэта адкрывае новыя магчымасці супрацоўніцтва для краін-партнёраў.
На пасяджэнні Міжурадавага савета ЕАЭС, якое прайшло ў Мінску, разгледжаны ключавыя пытанні інтэграцыйнага парадку дня ЕАЭС. Усяго 11 пытанняў. У прыватнасці, абмеркаваны праект новага Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза, праект бюджэту саюза на 2017 год, ход работы па міжнароднай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, асобныя аспекты гандлёвай палітыкі, у тым ліку прымяненне антыдэмпінгавых мер.
Напярэдадні пасяджэння ў інтэрв’ю тэлеканалу “МІР 24” прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначыў, што Беларусь чакае, што краіны ЕАЭС змогуць адысці ад выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі.
Паводле слоў Андрэя Кабякова, аддача ад узаемадзеяння краін ЕАЭС можа быць большай. “Вядома, хацелася б большага, — сказаў кіраўнік урада. — Але большае — рэч даволі аб’ектыўная. Для таго каб было больш, трэба ўсім прыкласці намаганні і працаваць, каб было больш моцнае ўзаемадзеянне як унутры краін, так і паміж імі”.
“Мы ад ЕАЭС чакаем таго, што нашы тавары, нашы паслугі будуць мець магчымасць бесперашкодна распаўсюджвацца па рынку ў памеры 180 млн спажыўцоў, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Мы даб’ёмся таго, што бакі знойдуць магчымасць узгаднення і адыходу ад выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і што любы тавар у любым пункце ЕАЭС не будзе дыскрымінавацца і ўшчамляцца ў адносінах да іншых, перш за ўсё нацыянальных, тавараў на гэтай тэрыторыі. Гэта вельмі вялікая работа”.