Актыўнае лета

- 10:51Навіны рэгіёнаў

Брэсцкая гарадская арганізацыя БРСМ праводзіць актыўную работу па арганізацыі працаўладкавання моладзі на летніх канікулах і ў вольны ад вучобы час. Штогод з лютага шукаюцца вакансіі і збіраюцца анкеты ад жадаючых падзарабіць.

На працягу апошніх гадоў назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння колькасці моладзі, занятай у трэцім працоўным семестры. Так, калі ў 2012 годзе агульная колькасць удзельнікаў будаўнічых, педагагічных і сэрвісных атрадаў, індывідуальна працаўладкаваных юнакоў і дзяўчат складала 1518 чалавек (у атрадах — 575), у 2013 годзе — 1702 (у атрадах — 943), то летась — 2301 (у атрадах — 1307). Такі рост абумоўлены не толькі нарошчваннем тэмпаў будаўніцтва ў краіне, але і агульным развіццём будатрадаўскага руху ў Брэсце. Будаўнічыя атрады фарміруюць штабы працоўных спраў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ з ліку студэнтаў, навучэнцаў ССНУ і ПТНУ, а таксама школьнікаў.
Будатрады працуюць не толькі на аб’ектах горада і вобласці. Так, другі год моладзь задзейнічана на самай маштабнай будоўлі краіны — Астравецкай АЭС. Сёлета студэнты БрДТУ будуць праходзіць там вытворчую практыку. Атрады працуюць пераважна вахтавым метадам. За два тыдні на “будоўлі стагоддзя” можна добра падзарабіць, таму жадаючых паехаць у Астравец у складзе будатрада шмат, даводзіцца праводзіць конкурс.
Сэрвісныя студэнцкія атрады працуюць на многіх вядомых прадпрыемствах Брэста і прыгарада: ААТ “Брэстаблгарант”, ТДА “Панда”, ААТ СГЦ “Заходні”, ААТ “Цяплічны камбінат “Бярэсце” і інш. На некаторых з іх задзейнічаны і непаўналетнія.
Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце педагагічных студэнцкіх атрадаў. У іх складзе плануецца працаўладкаваць каля 200 чалавек. Моладзь будзе працаваць у загарадных аздараўленчых летніках “Арляня”, “Вярба”, “Салют” і інш.
Брэсцкая гарадская арганізацыя БРСМ працаўладкоўвае ўсіх паўналетніх, якія звярнуліся па дапамогу. На жаль, па-ранейшаму востра стаіць праблема пошуку новых наймальнікаў і працаўладкавання падлеткаў.
Па выніках трэцяга працоўнага семестра лепшым атрадам прысвойваюць імёны землякоў-герояў — воіна-інтэрнацыяналіста В.І.Хована і кавалера ордэна Мужнасці Д.Б.Гвішыяні. Атрады пазіцыянуюцца як прыклад патрыятычнага выхавання і ўзорнай работы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.