Актыўнасць выбаршчыкаў не стала нечаканасцю

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла добрую работу каманд кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах.

“У нас вельмі добра працавалі органы ўлады на месцах і лепш, чым звычайна, самі каманды кандыдатаў у дэпутаты. Яны праводзілі значна больш агітацыйных мерапрыемстваў, паспрабавалі нарэшце асвоіць выбарчыя фонды”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Выбарчыя камісіі таксама спрацавалі добра, лічыць старшыня ЦВК. “У нас практычна няма скаргаў ад выбаршчыкаў, што яны не атрымалі інфармацыйны матэрыял. Яны скардзіліся на аб’ём гэтага матэрыялу — ім хацелася б больш”, — адзначыла Лідзія Ярмошына. Але галоўнае, што выбаршчыкі былі праінфармаваны, падкрэсліла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Што тычыцца яўкі, яна склала больш за 77 працэнтаў. Удзел у галасаванні прынялі 5 млн 333 тысячы 613 грамадзян, унесеных у спісы выбаршчыкаў. Паводле слоў старшыні ЦВК, такая актыўнасць не з’яўляецца нечаканасцю. У Беларусі ўсе выбары праходзяць пры высокай яўцы выбаршчыкаў. Гэта звязана, у прыватнасці, з добрай работай СМІ: тэма выбараў асвятлялася пастаянна, таму не было неабходнасці ствараць якія-небудзь рэкламныя ролікі.

“Выбары праходзілі актыўна ўсюды, пры шырокім назіранні: больш за 35 тысяч мясцовых наглядальнікаў, 46 міжнародных”, — адзначыла старшыня ЦВК.

У мясцовыя Саветы ў Беларусі выбраны 18 110 дэпутатаў.

“Дэпутаты пачнуць работу праз месяц пасля выбараў, а магчыма, і раней — гэта апошні тэрмін. Да сярэдзіны сакавіка ўсе мясцовыя Саветы дакладна пачнуць працаваць”, — сказала Лідзія Ярмошына.