Актыўная ацэнка — актыўны вучань

У мінулым навучальным годзе дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая прайшла дыстанцыйнае навучанне па курсе “Актыўная ацэнка”. І тады ж яна пачала ўкараняць новую стратэгію на практыцы. Зараз работа па гэтай стратэгіі набірае абароты не толькі ў сярэдняй школе № 2, але і ў іншых установах раёна. Настаўнікі розных прадметаў сталі ўдзельнікамі раённага пастаянна дзеючага семінара, які вядзе Ала Мікалаеўна.

Актыўная ацэнка — гэта не новая методыка, а ўсяго толькі прывядзенне ў сістэму метадаў і прыёмаў, якія ведаюць педагогі і якімі часта інтуітыўна карыстаюцца ў залежнасці ад групы і сітуацыі, — расказвае А.М.Лазіцкая.
Мы прывыклі да таго, што адказнасць за вынікі навучання бярэ на сябе настаўнік, але калі педагогі, якія пачалі працаваць па актыўнай ацэнцы, сталі размаўляць з вучнямі, то разам пачалі прыходзіць да высновы: вынік залежыць ад вучня, і ён павінен узяць адказнасць на сябе.
Актыўная ацэнка шырока распаўсюджана ў многіх краінах свету. Калі Ала Мікалаеўна атрымлівала сертыфікат аб заканчэнні навучання, то педагогі з Польшчы давалі майстар-класы. Яны працуюць па гэтай стратэгіі 15 гадоў і маюць станоўчыя вынікі дзейнасці. Па актыўнай ацэнцы ў нашай краіне працуюць вядомыя педагогі, у тым ліку і большасць пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства.
Адзін з галоўных аспектаў у актыўнай ацэнцы — пастаноўка мэты. Вучань павінен ведаць, што ён засвоіць да канца ўрока. Гэтыя мэты на працягу 45 хвілін павінны быць у яго перад вачамі, каб ён з імі звяраўся, мэтанакіравана ішоў да іх.
НаШтоБуЗУ — гэта польская абрэвіятура, перайначаная на беларускі лад: на што я буду звяртаць увагу. Паміж настаўнікам і вучнем выпрацоўваецца дагавор. Навучэнцы ведаюць, што ім трэба зрабіць, каб атрымаць добрую адзнаку.
Пры навучанні па гэтай стратэгіі не так часта вучні атрымліваюць адзнакі. І настаўнік ставіць іх не за актыўнасць, як часта прынята на звычайным уроку, а за веды.
Ала Мікалаеўна на ўроках актыўна выкарыстоўвае тэхніку святлафора. Школа заказала некалькі камплектаў своеасаблівых блакнотаў з трыма колерамі святлафора і некалькімі літарамі-адказамі на тэсты і значкамі.
Калі вучань не можа засвоіць тэму, яму нешта не зразумела, ён выстаўляе чырвоны колер, калі ўсё разумее — зялёны, у нечым сумняваецца — жоўты. Вучні бачаць у свайго аднакласніка чырвоны колер — ідуць яму на дапамогу. Тут спрацоўвае методыка “роўны вучыць роўнага”. Да таго як з’явіліся блакноты, настаўнікі актыўна выкарыстоўвалі рознакаляровыя пластыкавыя шклянкі.
З дапамогай блакнотаў настаўнік можа правесці невялікі тэст на некалькі пытанняў. Вучні паказваюць адказы на старонках блакнота з літарамі. І тыя класы, дзе не першы месяц выкарыстоўваецца стратэгія, ужо ведаюць, што настаўнік праводзіць гэта не для таго, каб паказаць вучню, што ён не ведае, а для дыягностыкі.
Нават дамашнія заданні відазмяніліся. Цяпер Ала Мікалаеўна дае сваім вучням толькі тыя заданні, якія яны дасканала не засвоілі на ўроку, астатнія няма сэнсу перапісваць.
Стратэгія вельмі дапамагае вучням сярэдняй і нізкай паспяховасці. Ала Мікалаеўна са сваімі вучнямі ўжо зараз бачыць адметнасць не толькі ў засваенні ведаў (а ў гэтым значны прагрэс), але і ў павышэнні адзнак. Вучням падабаецца так працаваць на ўроку, яны засвоілі правілы і ідуць да мэты, якую ім ставіць настаўнік.
Абавязкова трэба знайсці, за што пахваліць кожнага вучня. Хоць за маленькі прагрэс. Мы гэта чуем пастаянна, але ж на справе на традыцыйным уроку гэта не так часта выкарыстоўваецца. У актыўнай ацэнцы на гэта ставіцца акцэнт.
Пры такім навучанні праблема спісвання адпадае сама сабой. Вучні вучацца цаніць час на ўроку, яны пастаянна вымушаны актыўна думаць і працаваць.
— Настаўнік павінен аддаць сваё вяршэнства на ўроку, — дзеліцца Ала Мікалаеўна. — А на гэта, як паказвае практыка, гатовы не ўсе. Але чаму б не ўступіць сваю ролю, калі гэта дапамагае ў засваенні ведаў?!
Ала Мікалаеўна перш за ўсё думае пра тое, што будзе помніць вучань пасля ўрока праз многія гады пасля заканчэння школы.
Зараз чатыры настаўнікі сярэдняй школы № 2 Століна запісаліся на дыстанцыйнае навучанне па актыўнай ацэнцы. Жадаючых было яшчэ больш, але арганізатары проста не змаглі з адной установы набраць столькі педагогаў.
Тыя, хто запісаўся на пастаянна дзеючы раённы семінар па актыўнай ацэнцы, напачатку вельмі скептычна паставіліся да новай стратэгіі, але пасля першых заняткаў змянілі свой настрой на аптымістычны, бо на сабе адчулі дзеянне навучання па актыўнай ацэнцы.

Таццяна СЕГЕН.
Фота аўтара.