Перад школай стаіць важная задача — удзяліць максімальную ўвагу кожнаму вучню, дапамагчы раскрыць, развіць і рэалізаваць індывідуальныя здольнасці ўсіх дзяцей. Гэта прымушае шукаць эфектыўныя падыходы да арганізацыі выхаваўчага працэсу ў шосты школьны дзень, якія павінны мець не прымусовы, а добраахвотны характар, выклікаць у вучняў і іх бацькоў жаданне актыўна далучыцца да школьнага жыцця.
Педагогі нашай школы пачынаюць працаваць у гэтым напрамку ўжо з пачатковых класаў. Мы імкнёмся, каб усе дзеці мелі як мага больш магчымасцей для развіцця, самасцвярджэння і самарэалізацыі, каб вучні актыўна ўдзельнічалі ў суботніх мерапрыемствах, накіраваных як на ўмацаванне фізічнага, псіхалагічнага і маральнага здароўя, так і на інтэлектуальнае развіццё і грамадзянскае станаўленне. Акрамя таго, вялікая ўвага ўдзяляецца сумеснаму адпачынку дзяцей і бацькоў, для чаго праводзяцца мерапрыемствы, якія дазваляюць арганізаваць сумесную дзейнасць. Такім чынам, школа становіцца не толькі месцам вучобы, але і месцам, дзе можна цікава і з карысцю адпачыць. У выніку быў распрацаваны праект “Я — актыўны грамадзянін”, які дазволіў далучыць вучняў і іх бацькоў да актыўнага ўдзелу ў школьным жыцці па суботах.
Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб праз работу ў суботу вучні 1—4 класаў рэалізавалі творчы патэнцыял, павысілі пазнавальную актыўнасць, вучэбную матывацыю і адчулі ўпэўненасць ва ўласных магчымасцях, а бацькі далучыліся да сумеснага выхавання дзяцей і палепшылі сваю педагагічную дасведчанасць. Асноўная мэта праекта — стварэнне адзінай выхаваўчай прасторы ў суботу, якая дапамагае асобаснаму росту вучняў, іх самарэалізацыі ў розных відах дзейнасці, цеснаму ўзаемадзеянню педагогаў і бацькоў праз сумесную адпачынкавую дзейнасць.
Кожны вучань, нягледзячы на ўзрост, з’яўляецца грамадзянінам краіны і павінен актыўна ўдзельнічаць у яе жыцці: добра вучыцца, шмат ведаць, берагчы і захоўваць здароўе, любіць і паважаць гісторыю малой радзімы, сваёй сям’і, умець правільна і з карысцю арганізоўваць рабочы і вольны час. Зыходзячы з гэтага, настаўнікі пачатковых класаў, педагогі музычнага і мастацкага напрамкаў, а таксама вучні 7—11 класаў распрацавалі і рэалізавалі праект для малодшых школьнікаў.
Удзельнікам праекта прапаноўваецца ўдзельнічаць у найбольш цікавых для іх мерапрыемствах, план якіх вывешваецца на інфармацыйным стэндзе ў пачатку кожнага тыдня. Дзеці і іх бацькі атрымліваюць рознакаляровыя “беларусікі” (смайлікі), якія сімвалізуюць пэўныя якасці: зялёны колер — любоў да прыроды, жоўты — творчае развіццё, сіні — веды і інтэлект, аранжавы — любоў да сям’і, блакітны — здароўе, фіялетавы — веданне традыцый роднага краю і г.д. Адну фішку атрымліваюць вучні/бацькі, калі ўдзельнічалі як гледачы/слухачы, дзве — калі з’яўляліся ўдзельнікамі, тры — калі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства (канцэрта, выставы). Атрымаўшы 10 “беларусікаў”, дзеці аднаго класа абменьваюць іх на фігурку чалавечка таго ж колеру, што і фішка, пасля чаго фігурка прымацоўваецца да агульнай карты Беларусі. На кожнай фігурцы пазначаецца клас, які яе зарабіў. Такім чынам карта паступова запаўняецца фігуркамі, якія паказваюць якасці людзей, што жывуць у нашай краіне.
Першымі мерапрыемствамі праекта сталі “Танцавальны марафон” (для вучняў 1—2 класаў) і гульня “Мову родную вучу, мовай роднай даражу” (для вучняў 3—4 класаў), падчас якіх дзеці скіравалі ўвагу на сваё здароўе і веданне роднай мовы. Прыемна, што мерапрыемствы выклікалі цікавасць у многіх бацькоў, якія далучыліся да сваіх сыноў і дачок у сумеснай дзейнасці.
Хочацца верыць, што, дзякуючы праекту, цікавасць да сумеснага адпачынку вучняў і іх бацькоў будзе павялічвацца.
Алёна ВАЛЕЦ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 15 Баранавіч.