Актыўней прыцягваць малы і сярэдні бізнес да вырашэння задач па росце экспарту

- 9:59Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў патрабуе больш актыўнага вырашэння задач па дыверсіфікацыі экспарту і развіцці паслуг. Адпаведнае даручэнне кіраўнік урада даў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваўся ход рэалізацыі Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016—2020 гады.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што пэўныя станоўчыя вынікі ў экспарце на гэтым этапе дасягнуты. У 2017 годзе — пачатку 2018 года экспарт упершыню з 2012 года выйшаў на траекторыю ўстойлівага росту. У студзені — лютым 2018 года ён вырас на 29,8 працэнта (да $6,185 млрд), забяспечана дадатнае знешнегандлёвае сальда ў памеры $206 млн.

Экспарт тавараў павялічыўся як за кошт росту сярэдніх цэн, так і ў фізічным выражэнні. Атрыманыя вынікі адпавядаюць параметрам, зацверджаным пяцігадовай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. “Гэтаму садзейнічала і спрыяльная кан’юнктура на сыравінным рынку і на рынках краін асноўных гандлёвых партнёраў. Разам з тым не ўсе задачы, прадугледжаныя нацыянальнай праграмай, вырашаны, перш за ўсё ў частцы геаграфічнай дыверсіфікацыі і развіцця экспарту паслуг”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Што тычыцца дыверсіфікацыі, то канцэнтрацыя экспарту на рынках пяці краін — асноўных гандлёвых партнёраў застаецца вышэйшай за сярэднюю. У студзені — лютым 2018 года на рынкі гэтых краін прыпадаў амаль 71 працэнт экспарту, хоць залежнасць ад рынку Расіі знізілася. У студзені — лютым 2018 года, нягледзячы на агульны рост экспарту ў Расію амаль на $200 млн, удзельная вага экспарту ў гэтую краіну склала 38,2 працэнта (зменшылася на 7 працэнтных пунктаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Гаворачы аб таварнай дыверсіфікацыі на прыкладзе экспарту ў Еўрапейскі саюз, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што Беларусь пастаўляе ў ЕС даволі вузкую гаму тавараў, значную долю (каля 50 працэнтаў) займаюць прадукты нафтаперапрацоўкі. “Высокая канцэнтрацыя на рынак адной ці некалькіх краін або на вузкай гаме тавараў фарміруе для нашай краіны значныя рызыкі. Гэтыя рызыкі неабходна мінімізаваць”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

На думку прэм’ер-міністра, значны патэнцыял мае экспарт паслуг. Нацыянальнай праграмай падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016—2020 гады ўстаноўлена, што ў гэтым годзе экспарт паслуг у агульным аб’ёме павінен скласці не менш як 23 працэнты. У 2017 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 21,4 працэнта, у студзені — лютым 2018 года — толькі 19,4 працэнта. Асноўная доля ў экспарце паслуг у 2017 годзе прыпадала на транспартныя (44,4 працэнта ад агульнага аб’ёму). Доля камунікацыйных, камп’ютарных, інфармацыйных паслуг у экспарце склала амаль 19 працэнтаў. Таму на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна абмяркоўвалася, як будуць павялічвацца аб’ёмы экспарту іншых відаў паслуг — турыстычных, адукацыйных, медыцынскіх і інш.

Прэм’ер-міністр на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў даручыў ураду вывучыць прапановы па стымуляванні экспарту малога і сярэдняга бізнесу. Іх падрыхтоўкай зоймуцца Міністэрства замежных спраў і Міністэрства эканомікі.

“Мы маем вялікі патэнцыял па нарошчванні экспарту суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэты патэнцыял трэба актыўна развіваць, ён з’яўляецца адным з прыярытэтаў нацыянальнай праграмы”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Доля малога і сярэдняга бізнесу ў несыравінным экспарце тавараў у 2017 годзе склала 28,4 працэнта, урад ставіць задачу нарасціць яе да 2020 года мінімум на 5 працэнтных пунктаў. З улікам гэтага кіраўнік урада даручыў МЗС і Мінэканомікі актыўней прыцягваць малы і сярэдні бізнес да вырашэння задач па росце экспарту, а таксама ўнесці ва ўрад прапановы па далейшым стымуляванні экспарту малога і сярэдняга бізнесу і зняцці магчымых бар’ераў.

Як растлумачыў журналістам першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, у Беларусі з самага пачатку ставілі задачу апераджальнага тэмпу экспарту паслуг у параўнанні з экспартам тавараў. Аднак гэтага пакуль не адбываецца, таму цяпер абмяркоўваецца, як актывізаваць экспарт паслуг, асабліва банкаўскіх, страхавых, адукацыйных, турыстычных, удакладніў першы намеснік міністра.

У студзені — лютым 2018 года найбольш прыкметным быў рост экспарту на рынкі краін Еўрасаюза (на 30 працэнтаў). Пастаўкі ў Расію, іншыя краіны СНД і далёкага замежжа таксама выраслі, расказаў Андрэй Еўдачэнка. “Разам з тым экспарт — такая справа, якую нельга ніколі пакідаць без нагляду. Таму ў нас планавае мерапрыемства — разгляд таго, як рэалізуецца нацыянальная праграма развіцця экспарту. Яна разлічана на 5 гадоў, цяпер мы прыкладна ў сярэдзіне шляху. Вельмі важна зверыць гадзіннікі, каб ведаць, што рабіць да 2020 года”, — дадаў ён.