Актыўны дырэктар актыўнай школы

- 11:45Людзі адукацыі

Большасць людзей едзе з вёскі ў горад. У Андрэя Іосіфавіча адбылося наадварот: гарадскі жыхар, ён звязаў свой лёс з вёскай. І на пытанне, ці прыняў бы зноў такое рашэнне, адказвае станоўча.

У верасні 2007 года А.І.Шчука стаў дырэктарам Канюхоўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна. І ўзначаліў ён навучальную ўстанову ў 23 гады.

“Ці можна сцвярджаць, што гэта актыўны дырэктар актыўнай школы?” — задаю пытанне начальніку аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Паўлу Панкевічу.

— Так, Андрэй Іосіфавіч — гэта вельмі адказны і актыўны чалавек. Ён з’яўляецца членам Савета аддзела адукацыі. Заўсёды займае актыўную пазіцыю, выказваецца па ўсіх пытаннях, а яго прапановы і заўвагі канструктыўныя, з бачаннем перспектывы, на карысць справе, — гаворыць Павел Мікалаевіч.

А яшчэ А.І.Шчука — дэпутат Канюхоўскага сельскага савета, член грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. У 2016 годзе абіраўся ўдзельнікам V Усебеларускага народнага сходу.

Развіццё школы пад яго кіраўніцтвам (зараз гэта яслі-сад — сярэдняя школа) адзначана мноствам грамат і дыпломаў ва ўсіх сферах — вучэбнай, даследчай, выхаваўчай, спартыўнай дзейнасці. У мінулым годзе калектыў школы заняў першае месца ў штогадовым раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі.

— Гэтыя дасягненні вельмі важныя, а галоўным лічу тое, што дабіцца іх мы змаглі калектывам аднадумцаў, які працуе на вынік, — гаворыць Андрэй Іосіфавіч.

А кіраўніцкае крэда дырэктара такое: “Каб ісці да азначанай мэты, неабходна ўмела працаваць з кожным членам калектыву, і кожны член калектыву павінен ведаць, у якіх рамках патрабаванняў і адказнасці працуе сам кіраўнік”.

У невялікай школе, дзе вучыцца каля 60 дзяцей і працуе калектыў з двух дзясяткаў настаўнікаў і выхавальнікаў, гэта сапраўды як вялікая сям’я. Ды і для самога дырэктара гэта сям’я асабістая. Разам з ім у школе працуе жонка — настаўніца гісторыі Вольга Леанідаўна. А пазнаёміліся яны падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на гістарычным факультэце.

— Актыўнае жыццё ў мяне пачалося яшчэ ў школе, — расказвае Андрэй Іосіфавіч. — Удзельнічаў у алімпіядах па гісторыі, быў капітанам інтэлектуальнага клуба ”Сталёвы пацук”. У сярэдняй школе № 15 Ліды ўзначальваў вучнёўскае самакіраванне. Ініцыятыва яго стварэння ішла менавіта ад моладзі. На той час у школе вучылася каля 1800 дзяцей. Мы праводзілі мноства мерапрыемстваў. Таму я з разуменнем і павагай стаўлюся да ініцыятыў вучняў. Дзверы майго кабінета для іх заўсёды адчынены.

Вучнёўскі савет Канюхоўскай школы стаў ініцыятарам дзелавой гульні “Крок у будучыню” і стварэння занальнага цэнтра “Крэатыў плюс”, праводзіць дні самакіравання. Дзеці прымаюць удзел у алімпіядах і конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, інтэрнэт-алімпіядах. А выпускнік Павел Буры адзначаны дыпломам Міжнароднай канферэнцыі “Калі гаворыць гісторыя: рэаліі мінулага і сучаснага”. Аляксандра Прохар — пераможца раённай алімпіяды па матэматыцы, Уладзіслаў Капіца — прызёр Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” і пераможца ХХ Абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей”.

Вельмі важным лічыць дырэктар і жаданне настаўнікаў павышаць кваліфікацыю, вучыцца і развівацца, удзельнічаць у праектах. За поспехі ў ахове навакольнага асяроддзя і экалагічнай асвеце насельніцтва Канюхоўскай школе прысвоены статус “Зялёная школа”. Зараз тут ажыццяўляецца праект шостага школьнага дня “Быць годным чалавекам”, удзельнічае школа і ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”.

Актыўная школа — гэта і актыўныя настаўнікі, якія самі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і далучаюць да ўдзелу сваіх вучняў: Ларыса Арышчанка заняла першае месца ў занальным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, Мікалай Даніловіч удзельнічаў у інтэрнэт-алімпіядах па замежнай мове, Марына Бурая — у рэспубліканскіх экалагічных акцыях “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму”, конкурсе “Празрыстыя воды Нарачы”, рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, Аляксандр Ляусік — у канферэнцыі “Ад Альфы да Амегі”, Марыя Коўшык — у конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, Вольга Шчука — у алімпіядзе па прававых ведах “Тэрыторыя права”, анлайн-віктарынах, конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, гісторыка-краязнаўчай віктарыне “Бераставіцкая зямля вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў”. Кандыдыт гістарычных навук Вольга Леанідаўна Шчука ўдзельнічала ў ХХІV Міжнароднай канферэнцыі па іўдаіцы ў Маскве і летняй школе па іўдаіцы ў Польшчы. Вынікі яе даследаванняў апублікаваны ў навуковым часопісе “Тирош” (Масква).

— Настаўніца фізічнай культуры і здароўя Люцына Рукша — арганізатар удзелу ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах. Таццяна Даніловіч, Жанна Кейпаш, Вераніка Крупіца, Наталля Шмароўская — ды ўсіх нашых настаўнікаў можна пералічыць у гэтым спісе актыўных і добрасумленных спецыялістаў, — гаворыць Андрэй Іосіфавіч.

Актыўнасць педагогаў адлюстроўваецца на іх заработнай плаце — палова настаўнікаў атрымлівае тут каля тысячы рублёў у месяц.

— Мяне хвалюе папаўненне калектыву маладымі кадрамі і замацаванне іх у калектыве, — гаворыць Андрэй Іосіфавіч. — Вельмі добра, калі побач працуюць людзі рознага ўзросту. Ёсць у каго вучыцца, ёсць каму перадаць вопыт. Ганарымся, што зараз у школе настаўнікамі працуюць чатыры былыя выпускнікі. А маладым настаўнікам гавару, што сёння школа дае магчымасці для развіцця, дае магчымасць жыць цікава — было б жаданне.

А яшчэ актыўнасць дырэктара праяўляецца ва ўдзеле ў інтэлектуальных гульнях і спартыўных спаборніцтвах, сярод якіх — валейбол, баскетбол, футбол, настольны тэніс.

Гэты вопыт актыўнасці Андрэй Іосіфавіч пачынаў атрымліваць яшчэ ў 31-й гродзенскай школе, дзе працаваў першы год пасля ўніверсітэта. Праз год работы ён атрымаў прапанову стаць дырэктарам сельскай школы і сам працягваў вучыцца — скончыў магістратуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, мае ступень магістра палітычных навук.

У 2016 годзе набыў спецыяльнасць “Кіраванне дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі” ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У канцы мінулага года стаў фіналістам першага абласнога конкурсу “Кіраўнік года”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.