Актыўны педатрад

Павел Скрабатун і Вадзім Траян вучацца ў адной групе на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І месца работы летам у іх аднолькавае — будучыя настаўнікі-гісторыкі працуюць выхавальнікамі аднаго атрада ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Касмадром” Шчучынскага раёна.

І такі вопыт для сябе лічаць вельмі карысным. Спасцігаць педагагічную навуку на лекцыях, практыцы ў школе — гэта добра, а кругласутачныя зносіны з дзецьмі ў лагеры — зусім іншы вопыт.

— Вельмі задаволены ўсімі членамі педагагічнага студэнцкага атрада, — гаворыць старшы выхавальнік “Касмадрома” Людміла Мар’янаўна Аляхновіч. — Ініцыятыўныя, адказныя, ну проста “дзякуй” за такіх студэнтаў. А калі часам у іх не хапае вопыту, дык заўсёды дапамогуць старшыя калегі. На атрад ставім вопытных педагогаў і моладзь — такі ўзаемадапаўняльны прынцып дапамагае студэнтам вучыцца, але і нам можна ўзяць ад іх шмат чаго. Вельмі важна адразу згуртаваць калектыў.

І на нашай змене гэта атрымалася — у лагеры працуе група педагогаў нашай камянскай школы Шчучынскага раёна і педагагічны атрад універсітэта.

Настаўніца хіміі і біялогіі гэтай школы Жанна Іванаўна Карук таксама задаволена сваімі маладымі калегамі, тым больш што яны калегі, так бы мовіць, і па прадмеце — тры выхавальнікі вучацца на факультэце біялогіі і экалогіі ГрДУ. Да таго ж чацвёртая змена ў лагеры экалагічная.

— Адказваць за бяспеку, здароўе дзяцей, арганізоўваць іх час — гэта вельмі адказна, але такі вопыт зносін з дзецьмі можна атрымаць толькі ў лагеры, — гаворыць Павел Скрабатун, камандзір педатрада, які працуе ў летніку другі год.

Камандзір педагагічнага атрада, які дыслацыруецца ў аздараўленчым лагеры “Зорка” каля Гродна, студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ульяна Дзянішчык таксама не першую змену працуе выхавальнікам.

— Я другі раз у “Зорцы”, — расказвае дзяўчына. — Вельмі добра памятаю першы дзень работы выхавальнікам у мінулым годзе. Закончыўся ён… слязьмі. Так, гэта было вельмі складана, я нават і не ўяўляла ўсёй цяжкасці работы. Але гутарка з дырэктарам летніка Ларысай Міхайлаўнай Янчук, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірынай Ігараўнай Міхайлавай, іх парады, настрой, які яны нам перадалі, дапамаглі справіцца з цяжкасцямі. І сёння я кажу, што “Зорка” — самы лепшы летнік, тут самыя добрыя дзеці, цудоўны калектыў.

— Маладосць — гэта энергія, актыўнасць, а недахоп вопыту выпраўляецца жаданнем вучыцца працаваць з дзецьмі, — гаворыць Ларыса Міхайлаўна. — Дзеці цягнуцца за маладымі выхавальнікамі. А мы вучым іх ствараць правільны мікраклімат, індывідуальна працаваць з кожным дзіцем, улічваць яго характар і інтарэсы, умець працаваць і з бацькамі. Вынікам работы студэнцкіх педагагічных атрадаў задаволены, на імя кіраўніцтва ГрДУ адправім падзячны ліст. Ну а што тычыцца заробкаў, дык за першую змену студэнты-выхавальнікі атрымалі прыкладна па 320 рублёў.

Як паведаміла начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы ГрДУ Алена Поцька, у гэтым годзе ва ўніверсітэце былі сфарміраваны 27 педагагічных атрадаў, якія працавалі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах Гродзенскай вобласці, а таксама ў Расійскай Федэрацыі — у дзіцячым аздараўленчым комплексе “Жамчужына” ў Анапе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.