Актыўныя аграсуботы ўжо сталі звыклымі для некаторых навучэнцаў школы № 13 Оршы

- 16:30Образование, Приложение, Шестой день

Актыўныя аграсуботы ўжо сталі звыклымі для некаторых навучэнцаў сярэдняй школы № 13 Оршы. У шосты дзень іх чакаюць наведванні ўстаноў сельскай гаспадаркі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У гэтым навучальным годзе на базе школы была ўпершыню адкрыта аграгрупа. Частка навучэнцаў 10 класа паглыблена вывучае прадметы хіміка-біялагічнага профілю і знаёміцца з аграрнымі прафесіямі.

Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Сяргееўна Шаўрова, новаўвядзенні ў школе прыжыліся:

— Дагэтуль аграгрупы ў нас не было і мы нават не ўяўлялі, наколькі гэта можа быць цікава і карысна для школы. Гэта ў сельскай мясцовасці наяўнасць доследнага сельскагаспадарчага ўчастка, школьнага пладовага саду — звычайныя рэчы, а для нас усё ўпершыню. Мы набылі цяпліцу, высадзілі ў ёй таматы і перцы, у адкрыты грунт пасеялі духмяныя травы. У будучыні плануем выкарыстоўваць уласную агародніну для патрэб школы. А па восені дзеці высадзілі каля школы яблыні і грушу. Думаем высадзіць яшчэ некалькі яблынь і кусты парэчак. Усё гэта натхняе і выклікае прыемныя эмоцыі.

Але не толькі праца на градках надае больш разнастайнасці школьнаму жыццю. У межах аграсубот навучэнцы выязджа­юць на прадпрыемствы аграрнага профілю, дзе знаёмяцца з функцыянаваннем сучаснай сельскай гаспадаркі.

— Мы стараемся наведваць іх хаця б двойчы на месяц, але адразу скажу: напрыканцы года мерапрыемстваў стала значна больш. Прадпрыемствы ахвотна ідуць нам насустрач. Яшчэ ні разу ніхто не адмовіў у просьбе правесці экскурсію, азнаёміць дзяцей з работай абсталявання, тэхнікай. Хутка мы збіраемся наведаць прадпрыемства “Савушкін-Орша”, гэтая экскурсія завершыць наш цыкл аграсубот у гэтым навучальным годзе. А на наступны год складзём новы спіс аб’ектаў. Прыцягнем да паездак больш дзяцей, бо, як высветлілася, многія вытворчыя працэсы прыво­дзяць іх у захапленне і мяняюць іх стэрэатыпы аб сельскай гаспадарцы. Да таго ж школьнікі выязджаюць не толькі на вытворчыя комплексы, але і ў навучальныя ўстановы: Дубровенскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж, Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны… Хацелася б, каб у наступным годзе дзеці маглі цвёрда вызначыцца з выбарам, куды паступаць, — працягвае Вольга Сяргееўна.

Прафарыентацыйная работа дае свае вынікі. Як расказвае настаўніца біялогіі Таццяна Адольфаўна Вераб’ёва, якая курыруе работу аграгрупы, дзеці кардынальна змянілі сваё ўяўленне аб сельскай гаспадарцы:

Ведаеце, гарадскія дзеці часта думаюць, маўляў, сельская гаспадарка — гэта праца з віламі і рыдлёўкай, па калена ў гразі. Аказалася, усё можа быць зусім не так. Выезд на буйныя прадпрыемствы паказаў дзецям, што сёння большасць працэсаў праводзіць камп’ютар, цяжкая фізічная праца механізавана. Шчыра кажучы, гэта разбурыла многія дзіцячыя стэрэатыпы. Да таго ж сучасныя гарадскія школьнікі амаль не маюць магчымасці бачыць сельскагаспадарчых жывёл. Многія з іх, вядома, выяз­джаюць на лета ў вёскі да бабуль, але сёння мала хто трымае карову, каня для ўласных патрэб. Таму дзеці былі проста ў захапленні, трапіўшы ў цяплічны філіял і наведаўшы ферму з буйной рагатай жывёлай. У нашых вучняў выдаўся насычаны навучальны год: догляд цяпліц, даследчая работа, удзел у аграфоруме і канферэнцыях, экскурсіі і дні адкрытых дзвярэй. Але дзеці не скардзяцца, наадварот, многія канчаткова пераканаліся, што звяжуць сваё жыццё з сельскагаспадарчымі прафесіямі.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ