Акустычны камфорт у вашым класе

- 15:41Рознае, Спецыяльная адукацыя

Пілотны праект па стварэнні першых вучэбных класаў з аптымальным акустычным асяроддзем рэалізаваны ў мінскіх школах №№ 89 і 91. Яго мэта — павышэнне паспяховасці навучэнцаў і паляпшэнне ўмоў знаходжання ва ўстановах адукацыі як саміх школьнікаў, так і педагогаў. Вучэбныя класы гэтых школ абсталяваны столевымі і сценавымі акустычнымі панэлямі шведскай вытворчасці Ecophon. Гэта ініцыятыва на дабрачыннай аснове рэалізавана прадстаўніком замежнай кампаніі ў Беларусі “Сен-Габэн Будаўнічая Прадукцыя Белрус”.

У сярэдняй школе № 91 Мінска, якую мы наведалі, аптымальнае акустычнае асяроддзе створана ў трох кабінетах для карэкцыйных заняткаў, дзе настаўнікі-дэфектолагі праводзяць заняткі з дзецьмі, якія маюць парушэнне слыху, — яны пратэзаваны слыхавымі апаратамі або кампенсаваны кахлеарнымі імплантамі. На сёння ва ўстанове дзейнічаюць 14 спецыяльных класаў для дзяцей з парушэннем слыху.

“Зносіны падчас заняткаў як паміж самімі навучэнцамі, так і паміж навучэнцамі і настаўнікам сталі больш складанымі, — гаворыць дырэктар школы Таццяна Іванаўна Мадудзіна. — Настаўнік усё актыўней далучае навучэнцаў да ходу ўрока, што прыводзіць іншы раз да шуму ў класе. Таму камфортныя ўмовы неабходны і для настаўніка, якому важна данесці матэрыял да кожнага навучэнца, і для саміх школьнікаў, якім трэба ўспрыняць тлумачэнне. Акустычнае асяроддзе павінна быць спрыяльным для ўсіх прысутных у класе”.
Звычайна класны пакой выглядае так: сцены, падлога, столь з цвёрдых матэрыялаў. Мяккай мэблі практычна няма, фіранак таксама. Пры такіх умовах гук хутка распаўсюджваецца па класе, і яго акустыка мае мала агульнага з натуральнай, прыроднай, замест камфортнага мяккага гучання мы часта чуем рэха. Калі ў памяшканні зусім няма гукапаглынальных матэрыялаў, узнікае так званая “рэверберацыя” (працэс паступовага змяншэння інтэнсіўнасці гука пры яго шматкратных адлюстраваннях), што перашкаджае ўспрымаць маўленне на слых. У выніку пад уздзеяннем вялікай колькасці ненатуральных гукаў у чалавека пагаршаецца канцэнтрацыя ўвагі, здольнасць да запамінання інфармацыі, асабліва ў людзей з парушэннем слыху. Напрыклад, дзіця з кахлеарным імплантам з цяжкасцю ўспрымае маўленне настаўніка ў шуме, які перавышае норму.

Пакрыццё акустычным матэрыялам усёй паверхні столі — першая і самая галоўная ўмова стварэння спрыяльнага гукавога асяроддзя ў класах, камфортнасці зносін падчас заняткаў. Акустычныя панэлі паглынаюць шумы нізкай частаты і староннія шумы частатой да 125 Гц. Над “рабочай зонай” настаўніка пажадана ўстанавіць панэлі, якія адлюстроўваюць гукі. Гэтыя панэлі — частка канструкцыі акустычнай столі. Яны спрыяюць нармальнай гучнасці пры размове, і той, хто гаворыць, упэўнены, што аўдыторыя яго чуе. А ўстанавіўшы гукапаглынальныя панэлі на задняй сцяне класа, можна знізіць інтэнсіўнасць гукаадлюстравання ў гарызантальным кірунку, што зноў жа садзейнічае дакладнасці маўлення навучэнцаў.
Такім чынам, паляпшаючы гукавое асяроддзе ва ўстановах адукацыі мы садзейнічаем павышэнню паспяховасці навучэнцаў і зніжэнню галасавой нагрузкі выкладчыкаў, спрыяем зніжэнню ўзроўню прафесійнай захваральнасці.

“Што адчуваеш на першых занятках у абноўленым кабінеце? Перш за ўсё адсутнасць рэха, старонняга шуму — тых фактараў, якія перашкаджаюць дзецям з парушэннем слыху ўспрымаць гукі, — адзначае настаўнік-дэфектолаг Святлана Фёдараўна Ждановіч. — Цяпер на занятках па карэкцыі гукавымаўлення і развіцця слыхавога ўспрымання мне не трэба залішне напружваць голас, бо яго гучанне больш чыстае і лёгка ўспрымаецца, а значыць, і ўвесь матэрыял прасцей данесці да навучэнцаў, меншую колькасць разоў трэба паўтараць. Зразумела, мы не пазбавіліся ад усіх фонавых шумаў, але гэтага і не трэба, бо чалавеку аднолькава няўтульна як у шумным памяшканні, так і ва ўмовах поўнай цішыні”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.