Аль Бана: “Я проста нармальны чалавек…”

- 10:30Культура
Прызнацца, яшчэ гадоў дзесяць — дваццаць назад, дый наогул з таго моманту, калі я пачаў нешта ўсведамляць у гэтым жыцці, вобраз італьянца ў мяне трывала асацыіраваўся з вобразам-іконай Адрыяна Чэлентана, гэтакага італьянскага мача, супергероя і суперталенавітага чалавека, здаецца, ва ўсім, што б ён ні рабіў. Але некалькі гадоў назад, пабываўшы на чарговым “Славянскім базары ў Віцебску”, я вымушаны быў скарэкціраваць сваё ўяўленне пра італьянца ў бок… Тота Кутуньё. Памятаю, што, дзякуючы яму і яго знакамітай песні, я ці не ўпершыню тады задумаўся пра тое, наколькі глыбокімі, не раўнуючы як у класічнай паэзіі, могуць быць словы эстраднага хіта, наколькі яны могуць быць патрыятычнымі і нацыянальнымі ў сваёй сутнасці.
І вось нядаўна, калі быў на ХХІІ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, маё ўяўленне пра ўзорнага італьянца зноў пашырылася — я ўбачыў і пачуў вядомага спевака і кампазітара, аўтара і выканаўцу знакамітай “Фэлічыты” (“Шчасця”) Аль Бана. Шчыра кажучы, усіх трох іх — Чэлентана, Кутуньё і Аль Бана — я ўмоўна вызначыў бы адпаведна як Мача, Італьянца і Бацьку. З першымі двума — усё зразумела. А вось Аль Бана — італьянскі архетыповы бацька…
Бо няшчасны і не супакоены ў сваім горы бацька — у 1994 годзе ў ЗША без вестак знікла яго і Раміны Паўэр старэйшая дачка Іленія.
Бо шчаслівы бацька — мае трох дзяцей ад Раміны і яшчэ двух ад сваёй другой жонкі Ларэданы.
Бо геніяльны бацька сваіх неўміручых песень…
Ніжэй знаёмім нашых чытачоў са зместам прэс-канферэнцыі “Зорная гадзіна з Аль Бана” на ХХІІ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

— Спадар Аль Бана, вы ўпершыню ў Віцебску і на віцебскім фестывалі. Як вам тут?
— Ваш горад цудоўны! Такія агромністыя плошчы, усюды зеляніна і кветкі — мяне гэта вельмі ўразіла. І тутэйшыя людзі мне падаліся такімі добрымі, адкрытымі, сонечнымі! Ну проста не адрозніць ад італьянцаў! (Смяецца.М.Ч.) Што да фестывалю, то вы ж ведаеце, што бацька ўсіх фестываляў на свеце — гэта фестываль у Сан-Рэма… (Зноў гучна смяецца.М.Ч.) А ваш фестываль, хоць і малодшы за сан-рэмаўскі, але таксама поўны энергіі і заслугоўвае толькі самых лепшых слоў.

— Вядома, што ў станаўленні вашай кар’еры немалую ролю адыграў Чэлентана, у прыватнасці, у 1965 годзе вы перамаглі на конкурсе “Новыя галасы”, арганізаваным Адрыяна, і тады ж ваша першая пласцінка выйшла на фірме грамзапісу “Клан Чэлентана”. Як цяпер складваюцца вашы адносіны? Бо часта ж бывае так, што зоркі сварацца і з лепшых сяброў ператвараюцца ў заядлых ворагаў…
— Не, у нас з Адрыяна ўсё ў парадку. Мы ж з ім родныя браты. Вы гэтага не ведалі? Ён мой старэйшы брат, а я яго малодшы брат. (Смяецца. — М.Ч.) Калі ж сур’ёзна, то кожная мая сустрэча з Адрыяна — гэта прыгожае цяперашняе і асабліва прыгожае мінулае. Ён проста геніяльны спявак.

— У 1974 годзе вы запісалі альбом класічнай музыкі з арыямі з опер Пучыні, Масканьі, Даніцэці… Наогул, у вас ніколі не ўзнікала спакусы пайсці ў акадэмічную музыку і ўліцца ў знакамітую тройку італьянскіх тэнараў?
— І адкуль вы ўсё пра мяне ведаеце? Шчыра кажучы, я ўжо ў гэтай тройцы! Усё, што я спяваю, — гэта поп-класіка. А ў 1997 годзе я запісаў альбом “Канцэрт класічнай музыкі”, які меў грандыёзны поспех.

— Гадоў дваццаць назад са свецкай хронікі доўгі час не знікала навіна пра тое, што вы падалі ў суд на Майкла Джэксана, абвінавачваючы яго ў плагіяце вашай песні… Чым тады ўсё скончылася?
— Так, гэта вельмі цікавая гісторыя. Сапраўды, у мяне была адна песня, якую я напісаў у 1987 годзе. Яна была прысвечана чалавеку і святой рацэ. А ў 1991 годзе гэтую ж песню пра чалавека і святую раку выканаў Майкл Джэксан. Тут, разумееце, якая выйшла справа… Ён жа нават не ведаў пра існаванне маёй песні. Груба кажучы, яму яе проста падсунулі нячыстыя на руку прадзюсары, і ён яе праспяваў. Я судзіўся з адвакатамі Джэксана на працягу 11 гадоў. Той суд я ўрэшце выйграў і атрымаў усю кампенсацыю. І, дзякуючы суду, пазнаёміўся асабіста з Майклам Джэксанам. Мы ўжо нават дамовіліся з ім праспяваць гэтую песню разам на адным дабрачынным канцэрце, але неўзабаве яго пачалі цягаць па судах у сувязі з абвінавачваннямі ў педафіліі і наша задума сышла ў нікуды. Але наогул, хацеў бы сказаць, што ў Майкле я ўбачыў гэтакага крыштальнага чалавека — пяшчотнага і вельмі ранімага. І, вядома ж, вялікага артыста.

— Значыць, у заходнім свеце творчым людзям лёгка адстойваць свае правы?
— Я думаю, што ва ўсім свеце так павінна быць. Ведаеце, у старажытных рымлян была прымаўка: “Богу богава, а Цэзару цэзарава”. Дык вось у той сітуацыі Майкл быў богам, а я — Цэзарам. Я і атрымаў сваё, цэзарава. Богава мне не патрэбна.

— Вам хутка споўніцца 70 гадоў, што абсалютна не скажаш, гледзячы на вас, бачачы тысячу чарцянят у вашых вачах… Як удаецца вам захоўваць такую цудоўную форму?
— Мне не 70. Мне тройчы па 20 і яшчэ 10 бонусных гадоў! 20 — на раніцу, 20 — на дзень, 20 — на вечар. І 10 — на ноч. (Смяецца.М.Ч.) Што да формы, то сакрэт вельмі просты: я вяду абсалютна здаровы лад жыцця, вельмі акуратна стаўлюся да таго, што ем. І актыўна займаюся гімнастыкай, вельмі многа хаджу пешшу. Штодня стараюся хадзіць па 2-3 гадзіны. Ніколі не карыстаюся ліфтам. Ну, і, натуральна, музыка не дае мне старэць, бо штодня напаўняе мяне адрэналінам.

— А навошта вы адціскаліся ад падлогі, калі спявалі “Фэлічыту” на канцэрце адкрыцця “Славянскага базару”? Дэманстравалі форму ці цалавалі сцэну?
— Пакланіўся зямлі, на якой я ўпершыню і пра якую хачу як мага больш даведацца.

— Як вы трэніруеце голас?
— Ніяк. Многія спевакі робяць спецыяльную гімнастыку для голасу, а я проста выходжу на сцэну і пачынаю спяваць.

— А гімнастыкай для розуму займаецеся?
— Гімнастыка для розуму — гэта спажыванне вялікай колькасці кіслароду. А яшчэ падарожжы. Калі чалавек многа падарожнічае па свеце, як гэта раблю я, ён тым самым трэніруе свой мозг, бо мае магчымасць бачыць розныя культуры і вучыцца ў гэтых культур.

— Што найбольш вас здзіўляе ў славянскіх краінах, дзе вы часта бываеце?
— Мяне здзіўляе ўсё чалавецтва без выключэння. Здзіўляе тое, наколькі вялікі Бог, які стварыў усіх нас такімі рознымі.

— Італьянская музыка асаблівая, як і італьянскія мужчыны. Вы неяк аднойчы сказалі, што добрая музыка — гэта як добрае віно, якое павінна настоіцца і ўвабраць у сябе сонца, гэта значыць, гісторыю падзей у жыцці артыста, і смак, гэта значыць, яго філасофію. З гадамі ваша пазіцыя не змянілася ў гэтым сэнсе? 
— Не, усё абсалютна правільна. Я, сапраўды, лічу, што песня павінна настоіцца. Кожны раз па меры таго, як мінае пэўны час, ты па-новаму адчуваеш адну і тую ж песню, па-новаму яе смакуеш. У мяне ёсць песні, якія я трымаю па дзесяць гадоў, пакуль не выпушчу на публіку. Але затое яны атрымліваюць вялікі поспех у слухачоў. І я сам тады перажываю вельмі вялікія эмоцыі. А, дарэчы, пра віно я гаварыў яшчэ і таму, што сам раблю віно. У маім родзе ўсе рабілі віно — і прадзед, і дзед, і бацька… Песня і віно — дзве мае самыя вялікія па жыцці страсці. І адно і другое я раблю сам. Ну, і яшчэ архітэктура. Я пабудаваў уласны атэль і гэтым вельмі ганаруся.

— А сям’я?
— Сям’я само сабой на першым месцы.

— У такім разе дазвольце задаць вам некалькі, напэўна, вельмі балючых пытанняў… Даруйце, але без іх проста нельга абысціся. Людзі сярэдняга і старэйшага пакаленняў добра памятаюць вашу першую жонку Раміну Паўэр. Вы былі такой фантастычна прыгожай і мілай парай! І, гледзячы на вас у 80-х, ніхто не мог сабе і ўявіць, што вы некалі расстанецеся…
— Сонца ўзыходзіць і заходзіць. Ёсць каханне, якое нараджаецца, і ёсць каханне, якое сыходзіць. Людзі сустракаюцца і расстаюцца — гэта жыццё. І ў маёй гісторыі з Рамінай адбылося менавіта так. Канечне, вяселле з Рамінай павінна было быць адзіным у маім жыцці. У маім родзе ніколі не было разводаў. Але гэтага не скажаш пра род Раміны. І па лініі яе бацькі, і па лініі яе маці былі бясконцыя расставанні закаханых. Гэта чалавечы фактар, якому цяжка даць тлумачэнне, але гэта так. Мне было вельмі цяжка перажыць расставанне з Рамінай, але іншага выйсця ў мяне таксама не было. А сёння ў нас абсалютна нармальныя адносіны.

— Вядома, што ў кастрычніку ў вас будзе сумесны з ёй канцэрт у Маскве… Магчыма, вы і далей будзеце зноў спяваць разам?
— Скажам так, гэта будзе падарунак на маё 70-годдзе. Там будуць выступаць усе мае добрыя сябры: Джані Марандзі, Тота Кутуньё, гурты “Рыкі э поверы”, “Мація базар”…

— Даруйце яшчэ раз, але што ўсё-такі вы можаце сказаць пра гісторыю са знікненнем вашай дачкі Іленіі? Можа, проста расставілі б для журналістаў усе кропкі над “і”, каб развеяць плёткі і домыслы?
— Мне не хацелася б гаварыць на гэтую тэму. Гэта ўсё роўна, што адкрыць вялікую рану. Гэта вельмі-вельмі страшна і балюча. У Бога таксама быў сын, які памёр на крыжы, а я ўсяго толькі пясчынка ў сыпучым пяску вечнасці. Я вельмі моцна веру ў Бога. Я перажыў страшэнны боль. Нібыта пераплыў вялікае мора болю. Праз немагчымы боль я навучыўся ў ім плаваць.

— Да свайго юбілею вы толькі што закончылі пісаць аўтабіяграфічную кнігу “Паміж небам і зямлёй”… Ці не маглі б коратка вызначыць галоўную ідэю, якую вы там праводзіце?
— У гэтай кнізе ідзе гаворка пра чалавека і Бога. У Бібліі прапісаны 10 запаведзей пра тое, як трэба жыць, — пра гэта я і спрабую гаварыць са сваім чытачом. Такая размова мяне і расслабляе, і ўзвышае адначасова. Замест таго, каб хадзіць па псіхіятрах і псіхолагах, я такім чынам лячу сам сябе. А наогул, я напісаў пяць аўтабіяграфічных кніг. Мяне да гэтага падштурхнулі вы, журналісты. Бо калі я стаў папулярным чалавекам, журналісты пра мяне пачалі шмат пісаць, і шмат — няпраўды ці, прынамсі, не самой сутнасці праўды. Вось я і вырашыў напісаць пра ўсё сам, каб зняць усе пытанні.

— Ці часта здараюцца ў вашым жыцці кур’ёзы? Магчыма, згадаеце хоць адзін?
— Як і ў любога чалавека, у маім жыцці здаралася рознае. Але я ніколі не забуду, як аднойчы ў Італіі адзін прахожы спыніў мяне на вуліцы і сказаў: “Ты вельмі падобны да Аль Бана!” На што я яму адказаў: “Дык я і ёсць Аль Бана!” А ён тады ў адказ: “Не веру! Вось калі ты заспяваеш цяпер, я паверу, што ты Аль Бана”. І мне нічога не засталося, як заспяваць а капела. Тады ён паверыў. (Смяецца.М.Ч.)

— Ці знаёмы вы з кім-небудзь з беларускіх артыстаў?
— Пакуль яшчэ не паспеў пазнаёміцца. А каго вы прапаноўваеце?

— Ну, вось Ірына Дарафеева нядрэнная спявачка…
— Добра. Пазнаёмлюся. Магчыма, яшчэ і паспяваю дуэтам!

— Якія парады вы маглі б даць маладым спевакам-пачаткоўцам? Як улюбіць у сябе гледача?
— Маладым не патрэбны мае парады. Маладыя людзі — гэта людзі, якія ведаюць усё. А галоўнае, каб чалавек ведаў сам сябе. Сакрат яшчэ ў свой час пра гэта гаварыў.

— З 2012 года на расійскім тэлебачанні вы пачалі весці праграму “Італьянскія ўрокі ад Аль Бана”, у якой расказваеце пра Італію, італьянцаў, італьянскую кухню. Звычайна пра мужчыну, які добра гатуе, кажуць, што ён ці халасцяк, ці яго жонка дрэнна варыць есці…
— Вам, мабыць, ніколі не даводзілася жыць аднаму ў Мілане 8 гадоў. А мне давялося. І за тыя 8 гадоў я навучыўся не толькі гатаваць, але і наогул усё рабіць па гаспадарцы. Я нават пэўны час працаваў у рэстаране кухарам — рабіў піцы. А паколькі я з тых людзей, якія ніколі не спыняюцца на дасягнутым, то стаў вывучаць не толькі італьянскую кухню, але і кухню ўсіх краін, куды толькі ні прыязджаў. Так што я, сапраўды, умею абараніць свой гонар на кухні. З голаду не памру. Але для таго, каб стаць добрым кухарам, лічу, неабавязкова быць адзінокім. Я, напрыклад, атрымліваю вялікую асалоду, калі гатую для вялікай колькасці сямейнікаў і сяброў і чую ў адказ апладысменты зусім іншага кшталту, чым тыя, якія чую са сцэны.

— Песню “Фэлічыта” вы спяваеце ўжо больш за 30 гадоў… Не надакучыла? І ці былі выпадкі, калі вы адмаўляліся яе спяваць, нягледзячы на просьбы гледачоў і арганізатараў?
— Мяне не просяць яе спяваць — я сам яе спяваю заўсёды з задавальненнем. Я вельмі люблю гэтую песню, і мне асабліва падабаецца рэакцыя публікі на яе. Гэта як тэрапія для мільёнаў.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваю цяперашнюю жонку, пра сваю новую сям’ю…
— Маю жонку завуць Ларэдана Лечыза. Ёй 40 гадоў, і яна вельмі прыгожая. Яна з той жа мясцовасці, што і я. І яна не спявае. У нас з ёй двое дзяцей — дванаццацігадовая дачка Жасмін і дзесяцігадовы сын Аль Бана Джуна.

— “Фэлічыта” перакладаецца з італьянскай мовы як “шчасце”. А вы шчаслівы чалавек?
— Я проста нармальны чалавек… І, як у любога нармальнага чалавека, у мяне ёсць моманты шчасця, а ёсць і моманты гора.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА.