Хтосьці можа палічыць, што сённяшні госць праекта “Мая школа” не зусім упісваецца ў шэраг вядомых асоб, спевакоў, акцёраў, спартсменаў, якія былі нашымі героямі. Але для педагагічнай грамадскасці гэты чалавек вельмі добра знаёмы па публікацыях, якія на працягу ўжо 35 гадоў рэгулярна з’яўляюцца на старонках “Настаўніцкай газеты”. Наша сённяшняя суразмоўца — уладальнік Ганаровай граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, член Саюза журналістаў Беларусі, рэдактар аддзела кіравання адукацыяй Ала Мікалаеўна КЛЮЙКО.
— Ала Мікалаеўна, якім быў ваш першы рабочы дзень у “Настаўніцкай газеце”?
— Працаваць у “Настаўніцкую” прыйшла не адразу журналістам, а загадчыцай рэдакцыі. Я адказвала за рэдакцыйную бібліятэку і крыху пісала артыкулы.
Для мяне трапіць у такую газету было вельмі адказна. У мяне па першым часе нават было адчуванне, што я не вартая таго, каб працаваць у такім калектыве, успрымала кожнага журналіста газеты як педагога, бо лічыла: калі людзі тут працуюць, значыць яны вельмі вопытныя і паважаныя. Сапраўды, у большасці супрацоўнікаў была педагагічная адукацыя. Тут працавалі сапраўдныя карыфеі журналістыкі. Сярод іх — Аляксандр Іванавіч Сачанка (пісьменніцка-жуналісцкую дынастыю Сачанка, відаць, у нашай краіне ведае кожны). Тагачасны рэдактар газеты Уладзімір Іванавіч Кузьмянкоў, які прыйшоў са “Звязды”, быў вельмі сур’ёзны і правёў многа рэформ у газеце: падзяліў калектыў рэдакцыі на аддзелы, накіроўваў журналістаў пісаць больш простай і жывой мовай, больш скіроўваць свой журналісцкі погляд на асобу настаўніка. Аляксей Кірпічэнкаў, Леанід Злотнік, Генадзь Клябанаў былі асамі беларускай журналістыкі і працавалі таксама ў “Настаўніцкай газеце”.
Дзякуючы таму, што газета выходзіла два разы ў тыдзень і асвятляла вельмі вузкую тэматыку, былі магчымасць і час паглыбіцца ў тэму і выдаць добры матэрыял. Канечне, рэпарцёрскія матэрыялы пісаліся, як і зараз, “з калёс”, але аналітыкі было больш. Бывала так, што супрацоўнікі газеты знаходзіліся ў камандзіроўцы нават па тыдні, з усіх бакоў вывучаючы ўстановы адукацыі рэгіёна, затое прывозілі вялікую колькасць матэрыялаў агляднага і аналітычнага характару.
Сёння ў нашай газеце рэпарцёрскіх матэрыялаў стала значна больш, і гэта таму, што час такі: вялікія хуткасці і велізарная інфармацыйная насычанасць вымушаюць рабіць усё вельмі імкліва. Ды і журналісту часам нестае часу як след асэнсаваць тое, што адбываецца вакол. А чытачу зараз найперш патрэбна інфармацыя ў чыстым выглядзе: аналітыка па большай частцы застаецца незапатрабаванай.
— З якіх артыкулаў пачыналі?
— Канечне, гэта былі інфармацыйныя матэрыялы, на 50—100 радкоў. Па першым часе вяла падлік сваіх публікацый, але потым іх набралася столькі, што я кінула гэты непатрэбны занятак. Калі ўбачыла сваю першую публікацыю ў “Настаўніцкай газеце”, радавалася, як дзіця, калі атрымлівала чарговы нумар “Піянера Беларусі” з маім артыкулам. Нават зараз, хоць у журналістыцы працую ўжо не адно дзесяцігоддзе, кожны раз, бачачы свой матэрыял у газеце, радуюся — пачуццё таго, што напісаны табой артыкул убачаць іншыя людзі, не параўнаць ні з чым, яно не страчваецца з цягам часу.
Калі з’явіўся аддзел прафтэхадукацыі, я стала працаваць менавіта ў гэтым рэчышчы. І так увесь час працы ў газеце. Якіх толькі змен нам не давялося асвятляць! Памятаю, у пэўны час было актуальным адкрыццё рэальных класаў (накшталт тых, якія спрабуюць адкрываць зараз і прыгожа называюць juniorskills), у якіх павінны былі пачынаючы з пятага класа паступова асвойваць рабочую прафесію.
— Як вы трапілі ў “Настаўніцкую газету”?
— Падчас вучобы ва ўніверсітэце я супрацоўнічала з газетай “Беларускі ўніверсітэт”, а пасля ўніверсітэта сутыкнулася з тым, што цяжка было ўладкавацца на працу.
Аднойчы мая сяброўка, якая была ў “Настаўніцкай” на практыцы, параіла мне звярнуцца сюды — а я нават не ведала, што такая газета ёсць. Памятаю, як у той дзень прыехала на вуліцу Захарава, дзе тады размяшчалася рэдакцыя, паднялася ў кабінет Уладзіміра Кузьмянкова (яго тады толькі прызначылі галоўным рэдактарам). “Чаму б і не?” — падумаўшы, адказаў ён. Так у маёй працоўнай кніжцы з’явіўся запіс аб прыёме на работу ў “Настаўніцкую газету”.
Праз некаторы час я “распісалася” і кожны дзень прыносіла намесніку галоўнага рэдактара ўсё новыя і новыя матэрыялы. Анатоль Аўрамчык нават неяк жартам запытаўся: “І дзе ты іх бярэш?”
— У “Настаўніцкай газеце” вы асвятляеце дзейнасць сістэмы прафтэхадукацыі і праблемы кіравання адукацыяй. Відаць, гэта не адзіныя тэмы, якія вас цікавяць?
— Канечне, мяне цікавяць і іншыя тэмы. Пісала нават апавяданні, казкі. У маладосці шмат дапамагалі настаўнікам-пенсіянерам, арганізоўваючы групы дапамогі. Доўгі час я асвятляла афганскую тэматыку і разам з прадстаўнікамі камітэта салдацкіх маці праводзіла журналісцкія расследаванні.
— Ваша працоўная біяграфія небагатая, але першыя артыкулы выходзілі ў “Піянеры Беларусі”. Раскажыце крыху пра тое, як вы прыйшлі да выбару прафесіі журналіста.
— Сапраўды, у маёй працоўнай кніжцы пазначана толькі адно месца працы: “Настаўніцкая газета”. Праўда і тое, што мая першая нататка выйшла менавіта ў “Піянеры Беларусі”, калі мне было 12. Да гэтага часу памятаю тыя сінія канверты з падзякамі рэдакцыі, якія прыносіў паштальён і якія я так нецярпліва чакала, адправіўшы свае нататкі ў рэдакцыю. Першы свой ганарар — 47 капеек — атрымала менавіта ў “Піянеры Беларусі”. Нататка была пра тое, як наш клас тады выйграў спаборніцтвы па зборы макулатуры, як мы яе збіралі і на санках везлі ў школу.
Пасля гэтага першага поспеху стала пісаць рэгулярна, і мяне прыкмецілі. Потым стала пісаць у раённую газету. І да паступлення на журфак я ўжо была спрактыкаваным журналістам.
А пра прафесію журналіста ўпершыню даведалася ад сваячкі з Масквы, якая працавала журналісткай. Мы з ёй гулялі па вёсцы і па ваколіцах, а я “праводзіла экскурсію”, звяртаючы яе ўвагу то на захад сонца, то на блішчастую пшаніцу. Яна, відаць, заўважыўшы ў мяне нейкі патэнцыял, запыталася: “У цябе такое вобразнае мысленне. Ты не думала, кім станеш у будучыні?” “Відаць, настаўнікам”, — адказала я. “Ты ўсё так прыгожа апісваеш, паспрабуй сябе ў журналістыцы”.
— Калі б зараз вам прапанавалі памяняць прафесію, чым бы заняліся?
— Не ведаю, на шчасце ці не, але я не адношуся да тых людзей, якія спрабавалі сябе ў розных прафесіях. Па вялікім рахунку, я больш нічога не ўмею: журналістыка мяне паглынула поўнасцю і стала маёй адзінай прафесіяй, якой застаюся вернай дагэтуль.
— Напэўна, на журфаку было лёгка вучыцца з самага першага курса?
— Справа ў тым, што праявіць сябе ва ўніверсітэце на першым курсе было вельмі цяжка: побач вучыліся вельмі адораныя студэнты. Таму прыходзілася сцвярджаць сваю асобу і на тэорыі, у час лекцый, семінараў, і на творчай практыцы. Напрыклад, выдавалася за подзвіг здаць легендарнага Лапідуса (выкладчык курса па антычнай літаратуры), а я здала яго з першага разу на выдатна. З асаблівасцямі праходзіла засваенне практычных навыкаў. На першую практыку мяне накіравалі ў Кобрын, на радзіму. І тут сутыкнулася з тым, што мне было цяжка наладжваць зносіны з маімі героямі, выводзіць іх на размову, адкрываць іх душэўныя таямніцы. Але гэта натуральна, таму што ўласціва журналісцкай прафесіі. Усяму і прыйшлося вучыцца на практыцы.
Лета. Мне трэба было ўзяць інтэрв’ю ў камбайнера. Шум, грукат камбайнаў і машын, старшыня гаспадаркі правярае работу падначаленых… І сярод гэтага вэрхалу я. Але знайшла выйсце. Дапамог мне сябар, з якім на легендарным матацыкле “Ява” калясілі па палях і ўсё ж злавілі камбайнера ў той час, калі ён нарэшце спыніў сваю машыну, каб выцягнуць сцябло, якое забіла барабан камбайна. Інтэрв’ю ўзяла, а пісаць што? Гэта ж не піянерская тэматыка — тут усё па-сур’ёзнаму: як развіваецца гаспадарка, на якім месцы калгас у спаборніцтвах. Дарэчы, і сёння ў раённых газетах з’яўляецца інфармацыя пра жніво і пра тое, хто першы і хто апошні — амаль нічога не змянілася з савецкіх часоў.
Калі я прывезла свайму педагогу Вадзіму Іванавічу Дубовіку, які кіраваў нашай практыкай, свае рэдзенькія публікацыі (што там асаблівага можна было надрукаваць), ён пасля вывучэння маёй практыкі вынес вердыкт: “Справаздача лепшая нават за тое, што ты напісала за час практыкі!” Гэта мяне выратавала, і я атрымала залік.
— Што вас больш навучыла прафесіі: універсітэт ці практычная журналістыка?
— Тагачасны журфак не ставіў на мэце навучыць нас пісаць: калі чалавек умее складваць словы ў сказы, яму патрэбна тэарэтычная база, якую, уласна кажучы, і даваў журфак. Ва ўніверсітэце мы ўдасканальвалі свой агульнаадукацыйны ўзровень: ты павінен грунтоўна пазнаёміцца з сусветнай літаратурай, мець уяўленне пра развіццё сусветнай і айчыннай журналістыкі, пазнаёміцца з найлепшымі ўзорамі журналісцкай творчасці, навучыцца фатаграфаваць і гэтак далей — развіць свой інтэлект настолькі, каб свабодна адчуваць сябе калі не ва ўсіх, то ў многіх сферах чалавечага жыцця, умець асэнсаваць тое, што адбываецца, і рабіць правільныя вывады.
— Зараз шмат гавораць пра тое, што журналістыка павінна быць другой прафесіяй. Ці згодны вы з гэтым?
— Пра эканоміку добра можна пісаць, толькі калі ты маеш эканамічную адукацыю, пра медыцыну — калі ты медык, пра педагогіку — калі ты таксама маеш профільную адукацыю. І гэта сусветная тэндэнцыя. Чалавек, які схільны да журналістыкі, можа стаць журналістам незалежна ад адукацыі. Канечне, пэўныя спецыфічныя навыкі трэба набываць, вучыцца ў спецыялістаў, у тым ліку і ў профільнай журналісцкай навучальнай установе. Журналістыцы навучыць нельга: яна ў табе або ёсць, або няма. Журналістыка — гэта зусім іншае, тонкае, успрыманне свету, павышаная эмацыянальнасць і ўражлівасць.
Вельмі часта бывае, што спецыялісты, размаўляючы паміж сабой, апускаюць пэўныя вядомыя для іх звесткі ці факты, а журналіст, не дасведчаны ў гэтай праблеме, можа ўвогуле не зразумець, пра што ідзе гаворка. А свабодна арыентуючыся ў тэме, бывае, журналісты ўкладваюць у вусны свайго субяседніка інфармацыю, якая дапаможа чытачу зразумець інфармацыйны пасыл.
— Ала Мікалаеўна, ці здаралася вам сутыкацца з плагіятам?
— Мяне, здаецца, ніхто не плагіяціў, а вось самой у сябе “спісваць” часам даводзіцца. (Смяецца.) Згадзіцеся, цяжка стварыць паэму з чарговага традыцыйнага мерапрыем-ства. (Смяецца.)
Бывае і такое, што падчас стварэння новага артыкула прыходзіцца карыстацца сваімі ранейшымі публікацыямі, асабліва тады, калі трэба пісаць пра падзеі, якія адбываюцца рэгулярна. Але пры гэтым удасканальваеш свае веды з улікам сучасных патрабаванняў, новых тэндэнцый, уласнага светаўспрымання і прафесіяналізму, які расце з гадамі.
— Ці памятаеце, як пайшлі ў школу?
— Вельмі ўрэзалася ў памяць апошняе лета перад школай. Гэта было ў чэрвені. Як звычайна, дапамагала бацькам па гаспадарцы. Яны спыталіся, чаму я такая сумная і не радуюся добраму надвор’ю. “Эх, да верасня ж яшчэ далёка, а так хочацца ў школу…” — з сумам адказала я. Да гэтага часу памятаю адчуванне жадання вучыцца. І вось, нарэшце, 1 верасня. Я пайшла ў школу ў нашай вёсцы Пескі, што за пяць кіламетраў ад Кобрына. Будынак знаходзіўся ў вельмі прыгожым месцы, на беразе Мухаўца. З прыгожымі варотамі і разнымі аканіцамі, з градкамі, дзе старэйшыя школьнікі праходзілі практыкумы па батаніцы. Зараз школа стала адзінаццацігадовай і размяшчаецца ў больш сучасным будынку.
Вучылася я вельмі добра. Мае сшыткі з правапісам паказвалі як узор (яны да сённяшняга часу захоўваюцца пад шклом у школьным музеі), а сачыненні чыталі ўголас на ўроках.
Я ўпэўнена, што, калі ў вучня ёсць матывацыя вучыцца, імкнуцца да новых ведаў, настаўніку застаецца толькі накіроўваць свайго выхаванца па дарозе да ўдасканалення і карэкціраваць гэты шлях. Увогуле лічу, што нават самы геніяльны настаўнік не зможа навучыць таго, каму вучоба не патрэбна.
— Каго з настаўнікаў памятаеце?
— Як у любой вясковай школе, настаўнікаў было нямнога. Але ўсе яны былі асобамі. Для нас, вясковых дзяцей, яны былі абсалютным аўтарытэтам (у тыя часы сапраўды школьны настаўнік быў, бадай, самым аўтарытэтным і адукаваным чалавекам ва ўсёй вёсцы!). Мы нават саромеліся падысці да іх, каб нешта спытаць.
Памятаю першую настаўніцу — Людмілу Васільеўну Руткоўскую. Да гэтага часу жыве ў маёй душы настаўніца рускай мовы і літаратуры Мая Аляксееўна Алістратава, незвычайны чалавек і сапраўдны педагог. Мая Аляксееўна запомнілася як вельмі строгая: дачакацца ад яе пахвалы было немагчыма. Яна выхавала ў мяне інтуітыўную пісьменнасць: я не задумвалася над правіламі — проста адразу пісала правільна. Калі я ад’язджала вучыцца ў Мінск, яна падарыла мне слоўнік Даля з пажаданнямі поспехаў. Гэты слоўнік і сёння мне служыць верай і праўдай.
Напярэдадні паступлення ў БДУ я вучылася на завочных падрыхтоўчых курсах. Па пошце мне дасылалі заданні па граматыцы і тэмы сачыненняў, за якія я атрымлівала толькі пяцёркі.
— Ці здараліся з вамі нейкія школьныя казусы?
— Неяк зімой, ці ў моцныя маразы, ці з прычыны каранціну, раптам аб’явілі пазачарговыя канікулы. Але я пайшла ў школу: так была захоплена вучобай, што нават не пачула (толькі адна я!) пра адмену заняткаў. Уявіце: зімовая раніца, на вуліцы цёмна, іду адна па каціных слядах (сцежку замяло). Падыходжу да школы, а там — ва ўсіх вокнах цёмна. Пастаяла крыху і пайшла дадому. (Смяецца.)
— Як ваша маці адрэагавала на рашэнне паехаць вучыцца ў Мінск?
— Мая мама Ганна Якаўлеўна вельмі засмуцілася, хаця вельмі добра разумела мае памкненні. Бывала, яна спрабавала ўгаварыць паступаць у Брэст (значна бліжэй было, і там вучылася мая сястра Святлана), але я паставіла сабе мэту і рухалася да яе (мой тата Мікалай Васільевіч нават ласкава называў мяне “мой карэспандэнт”). Бацькі, канечне, разумелі, што я для сябе цвёрда вырашыла: не пайду па іх слядах і не буду працаваць на зямлі, таму не перашкаджалі мне. Мой тата працаваў брыгадзірам у калгасе, а мама таксама была калгасніцай, але акрамя гэтага славілася на ўсю ваколіцу сваімі незвычайнай смакаты пірагамі, вельмі добра шыла, вышывала і вязала. Ад заказчыкаў адбою не было. І цяпер, у сталыя гады, у яе ўсё самае прыгожае і смачнае.
Тыя, хто святкуе дзень свайго нараджэння 1 сакавіка (а Ала Мікалаеўна нарадзілася менавіта ў гэты дзень), з’яўляюцца прадстаўнікамі задыякальнага знака Рыбы. Людзі, народжаныя ў гэты дзень, не бяздзейныя летуценнікі — яны шмат і плённа працуюць. Ім прыносіць задавальненне і сам працэс выканання работы, і яе вынікі. Наўрад ці жанчына знака Рыбы, чыя дата нараджэння — 1сакавіка, стануць займацца не сваёй справай. Вось чаму яны шмат чаго дасягаюць на прафесійнай ніве. Яны паспяховыя і ў асабістым жыцці, але ім трэба дзякаваць не сляпому выпадку, а такім якасцям сваёй душы, як адкрытасць, высакароднасць, велікадушнасць. Паставіўшы перад сабой мэту, людзі, якія нарадзіліся 1 сакавіка, выкарыстоўваюць усе свае сілы і спадзяюцца на жыццёвы вопыт. Наўрад ці яны стануць звяртацца да кагосьці па дапамогу, але ад прапанаванага ўдзелу блізкіх людзей не адмаўляюцца. Людзі задыякальнага знака Рыбы, вядома, летуценнікі, але тыя, хто нарадзіўся 1 сакавіка, здольныя ў патрэбны момант цалкам сканцэнтравацца на справе, у якой імкнуцца да поспеху. Гэтая засяроджанасць дапамагае ім дасягаць жаданага. У адрозненне ад іншых жанчын — прадстаўнікоў гэтага знака, яны літаральна напоўнены творчай энергіяй і ідэямі, што таксама вядзе іх да поспеху. |
— Ці не страшна вам было адрывацца ад бацькоў і ехаць адной у незнаёмы горад?
— Сёння многія дзеці баяцца адрывацца ад бацькоў. Калі я ўпершыню на аўтобусе ехала ў Мінск, калацілася сэрца: упершыню ехала так далёка ад сям’і. Некалькі гадзін прасядзела на вакзале, каб у 9 гадзін пайсці ва ўніверсітэт. Тады прыёмная камісія размяшчалася на першым паверсе галоўнага корпуса. Я была настолькі ўражана велічнасцю будынка (адны амаль трохметровыя зашклёныя дзверы чаго вартыя!), што хвілін пятнаццаць нават баялася зайсці.
На працягу некалькіх першых дзён у Мінску я прыходзіла на вакзал і глядзела на адыходзячыя цягнікі. І калі на вагоне было напісана “Брэст”, слёзы каціліся градам. Гатова была скокнуць у цягнік і паехаць дадому… Але не для таго ехала ў Мінск, каб адразу здацца. Я ехала перамагаць… Перамагаць сябе.
Праз пэўны час мая дачка паўтарыла мой шлях, адарваўшыся ад бацькоў і паехаўшы рэалізоўваць сябе ў іншую краіну.
— Як вы пішаце свае матэрыялы? Ці ёсць у вашай рабоце нешта адметнае?
— Па магчымасці я стараюся не пісаць “з калёс” (за выключэннем тэрміновых артыкулаў), люблю абдумаць інфармацыю, лагічна пабудаваць усё ў галаве. І толькі потым саджуся за камп’ютар.
Журналістыка ніколі не адпускае. Гэта стыль жыцця. Калі ты працуеш над нейкім матэрыялам, ён з табой да таго часу, пакуль не выльецца на паперу. Бывае, калі думка ніяк не ідзе, а яе чакаеш нават ноччю, кладу ля ложка блакнот, каб запісаць, што прыйдзе, можа, нават у сне. (Смяецца.) Загалоўкі, як правіла, выскокваюць пад стук колаў у метро. Сёння мне, як і многім журналістам, не хапае героя — чалавека, на ўчынкі ці думкі якога можна абаперціся, ствараючы актуальны матэрыял.
Журналіст павінен пісаць кожны дзень. “Ні дня без радка” — абсалютная ісціна. Тут, як у спорце, калі ты даеш сабе слабінку, адразу страчваеш кваліфікацыю.
— Дзякуй вялікі за гутарку. Поспехаў вам у творчасці, новых герояў, актуальных тэм і ўдзячных чытачоў.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Алы КЛЮЙКО.