Альбо адпачынак за мяжой, альбо паступленне

- 13:44Кампетэнтна
Зараз тэлефон кансультанта ўпраўлення вышэйшай адукацыі М.Р.КАРПЕНКА — фактычна другая “гарачая лінія” Міністэрства адукацыі. У гэты перыяд самыя распаўсюджаныя пытанні абанентаў — пра сельскі конкурс і тое, як сумясціць… адпачынак за мяжой і паступленне. Мы задалі кансультанту пытанні нашых чытачоў.

Добры дзень! Мая сваячка, грамадзянка Украіны, сёлета перайшла ў выпускны клас адной з кіеўскіх гімназій. Але пасля заканчэння школы плануе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Адкажыце, калі ласка, ці можа яна разлічваць на тое, што трапіць на бюджэтнае месца? Калі так, якія крокі ў гэтым кірунку ўжо зараз трэба зрабіць?
Алена Крывянкова, Мінск.

Вашай сваячцы пашанцавала. Літаральна ў чэрвені гэтага года ратыфікавана Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Кабінетам Міністраў Украіны аб супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі. Паводле дакумента, беларускі бок прымае на поўны курс навучання 8 чалавек на І ступень вышэйшай адукацыі і 2 — у магістратуру. Украінскі бок таксама прымае на поўнае навучанне 10 беларусаў. Прыём ажыццяўляецца без уступных выпрабаванняў на падставе хадайніцтваў міністэрстваў адукацыі. Тыя, хто будзе вучыцца на такіх умовах, будуць вызвалены ад аплаты за навучанне, забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Прымаючы бок будзе выплачваць стыпендыю.
Верагодна, ва Украіне прыйдзецца прайсці сур’ёзны адбор. Па падрабязнасці працэдуры адбору і афармлення дакументаў раю звярнуцца ва ўкраінскае Міністэрства адукацыі і навукі, моладзі і спорту.

Па першай спецыяльнасці я філолаг, вучылася платна. Зараз хачу атрымаць эканамічную адукацыю, пажадана, завочна. Ці магу я паступаць на завочнае бюджэтнае навучанне і на які курс?
Алена Ш., Смалявічы.

У адпаведнасці з правіламі прыёму, асобы, якія атрымалі першую вышэйшую адукацыю, маюць права паступаць на завочную бюджэтную форму навучання толькі пры ўмове, калі яны ў цяперашні момант працуюць па профілі выбранай спецыяльнасці. Таму калі вы зараз працуеце па філалагічнай спецыяльнасці, а паступаць збіраецеся на эканамічную, то не можаце вучыцца за кошт бюджэтных сродкаў. Тыя, хто паступае на завочнае бюджэтнае навучанне, абавязкова прадастаўляюць выпіску з працоўнай кніжкі.
Калі вы вырашыце паступаць на платнае навучанне, тое, на які курс вас залічаць, будзе вырашаць універсітэт (у залежнасці ад розніцы ў вучэбных планах вашай першай спецыяльнасці і той, на якую вы паступаеце). Пры залічэнні на платнае навучанне на другі і наступныя курсы ўступныя іспыты здаваць не трэба. А калі ўніверсітэт прыме рашэнне, што вам трэба паступаць на першы курс, тады прыйдзецца прадаставіць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання. Пры гэтым можна будзе скарыстацца правам пазаконкурснага залічэння.

Ці трэба ў гэтым годзе заключаць дамову з універсітэтам пры паступленні на бюджэт і ці патрэбна пры гэтым прысутнічаць бацькам? 
Сяргей, бацька абітурыента, Маладзечна.

Ніякіх змен у правілах прыёму і ў Кодэксе аб адукацыі не адбылося, таму, як і ў мінулым годзе, прыёмныя камісіі будуць заключаць дамовы з абітурыентамі дзённай формы навучання. У дамовах прапісаны ўмовы навучання і ўзаемныя абавязацельствы двух бакоў. На сайце Міністэрства адукацыі можна пабачыць тыпавыя дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, і на платнай аснове.
Калі абітурыент непаўналетні, то патрэбна прысутнасць яго законнага прадстаўніка. Міністэрства адукацыі давала рэкамендацыі ўніверсітэтам наконт працэдуры заключэння дагавораў, яна ўжо добра адпрацавана, і, мяркую, ніякіх праблем пры гэтым не павінна ўзнікаць.

Добры дзень! Ці праўда, што асобны конкурс паміж гараджанамі і сяльчанамі праводзіцца толькі на бюджэтныя месцы? Чаму так?
Кацярына Андрэеўна, маці абітурыента з Бабруйска.

Сапраўды, гэта так. Правіламі прыёму прадугледжана, што асобны конкурс праводзіцца на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму, — гэта значыць, на бюджэтныя месцы. А на платныя месцы праводзіцца агульны конкурс.
Дарэчы, і на бюджэтную форму навучання не заўсёды бывае асобны конкурс паміж абітурыентамі з сельскай мясцовасці і з горада. Калі бал сяльчан вышэйшы ці роўны балу гараджан, то праводзіцца агульны конкурс. У 2012 годзе агульны конкурс ажыццяўляўся больш чым на палову спецыяльнасцей. Значыць, у абітурыентаў з сельскіх населеных пунктаў былі даволі высокія балы.

Чыталі ў прэсе, што ў жніўні — верасні пераможцы міжнародных алімпіяд, якія паступілі ў БДУ, масава забіраюць дакументы, бо іх залічваюць у замежныя ўніверсітэты. Каму дастаюцца пры гэтым вызваленыя месцы?
З павагай, Аляксандр М., Орша.

Калі вызваляюцца бюджэтныя месцы, то на працягу месяца на іх залічваюць тых асоб, якія паступалі на гэтую спецыяльнасць, але не прайшлі па конкурсе (натуральна, згодна з іх рэйтынгам пры паступленні). Гэта вельмі празрыстая працэдура, якая абавязкова кантралюецца на дзяржаўным узроўні. Залічыць на гэтыя месцы некага пабочнага немагчыма.
У прыёмнай камісіі захоўваюцца кантакты абітурыентаў і знайсці іх не з’яўляецца праблемай. Калі яны паступілі на платнае навучанне ў гэтай жа ўстанове, то іх проста пераводзяць на бюджэт. Калі паступілі, напрыклад, у каледж, то адлічваюцца і дазалічваюцца ва ўніверсітэт. Яны маюць права і адмовіцца. У такіх выпадках у апошні час універсітэты просяць пісаць заявы аб тым, што абітурыентам прапанавалі месца, але яны адмовіліся.

Скажыце, калі ласка, як будзе праходзіць творчы экзамен па спецыяльнасці “Дызайн” ва ўстановах, якія не адносяцца да так званых “творчых”? У прыватнасці цікава, як будуць лічыцца балы на іспыце і агульны бал па ўсіх прадметах?
Алеся, Гомель.

Праграмы творчых іспытаў распрацоўвае ўніверсітэт і зацвярджае Міністэрства адукацыі. Агульны бал абітурыента будзе лічыцца не так, як ва ўстановах Міністэрства культуры. Абітурыенту выстаўляецца адна адзнака за творчы іспыт і прыплюсоўваюцца яшчэ тры адзнакі (дзве з іх — гэта балы сертыфікатаў па дзяржаўнай мове і гісторыі Беларусі, адна — сярэдні бал атэстата).

У гэтым годзе ў шэрагу рэгіянальных універсітэтаў адменены прыём на эканамічныя спецыяльнасці. Ці могуць іх узнавіць у наступным годзе?
Аксана Паўлаўна, Баранавічы.

Так, у 22 установах вышэйшай адукацыі з 2013 года спынены набор на такія эканамічныя спецыяльнасці, як “Сусветная эканоміка”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Менеджмент”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” і інш. На іх не будуць праводзіць набор, напрыклад, БНТУ, БрДУ імя А.С.Пушкіна, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і інш. Сутнасць такога падыходу заключаецца ў тым, каб сканцэнтраваць падрыхтоўку спецыялістаў эканамічнага профілю там, дзе ёсць адпаведныя школы, у першую чаргу ў БДЭУ, а таксама ў тэхнічных універсітэтах, якія рыхтуюць эканамістаў для рэальнага сектара.

 

Кансультавалася Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.