Алекс ДЭВІД: “Я заўсёды імкнуўся быць не такім, як усе”

- 16:23Моя школа

Сённяшні госць праекта “Мая школа” за сваё жыццё паспеў павучыцца ў некалькіх краінах. З яго, магчыма, мог бы атрымацца добры ўрач ці журналіст, але ён зрабіў выбар на карысць замежных моў і музыкі, якія ўдала спалучыліся ў яго творчым праекце “Атлантыка”. Наша размова з лідарам гэтага праекта Алексам Дэвідам адбылася ў крыху незвычайных умовах: ён быў госцем конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца-3”, які ў гэты час праходзіць у НДЦ “Зубраня”.

— Адкуль вы родам? Наколькі мне вядома, вы з сям’і педагогаў?
— Нарадзіўся, вырас і правёў дзяцінства я ў Браславе. Пасля школы паступіў у інстытут замежных моў і зараз у родным горадзе бываю наездамі. Так, у нашай сям’і заўсёды былі, ды і зараз ёсць педагогі. Мая маці Вера Харытонаўна ўжо на заслужаным адпачынку. Сярод сваякоў таксама многа педагогаў: цётка, стрыечныя браты і сёстры.

— Ці былі нейкія адметнасці ў вашым сямейным выхаванні?
— Гадоў да 7-8 я не ведаў, што такое фізічнае пакаранне, ды і не было яго. Такіх выпадкаў у маім жыцці было два ці тры, і гэта была, хутчэй, дэманстрацыя магчымасцей “рамянной перадачы”, каб трымаць мяне ў тонусе.
У нашай сям’і не было катэгарычных табу, акрамя агульнапрынятых у грамадстве. Ды і канфліктаў з бацькамі на ўзроўні непаразумення не было.
Пакуль дзяцей у мяне няма, але, прымяраючы на сябе бацькоўскія функцыі, я разумею, што буду дастаткова патрабавальным бацькам.

— Ці цяжка вам было быць дзіцем школьнага настаўніка?
— Гэта заўсёды сур’ёзнае жыццёвае выпрабаванне, таму што да мяне, як да любога настаўніцкага дзіцяці, прад’яўляліся павышаныя патрабаванні. Дзякуй богу, маці працавала не ў той школе, дзе я вучыўся. Але ўсё роўна як сын настаўніцы я асцярожна ставіўся да сваіх учынкаў — нельга было псаваць рэпутацыю сабе і маці.
У школе я быў не вельмі дысцыплінаваным, але даволі руплівым вучнем. Канечне, імкнуўся да прыкладных паводзін, але і “нездавальняюча” мог адхапіць. Нават у чвэрці неяк было “нездавальняюча” па паводзінах. Проста мы з аднакласнікамі вельмі захацелі “памяняць” настаўніцу па адным з прадметаў і дзеля гэтага разгарнулі цэлую кампанію. Але адміністрацыя школы і класны кіраўнік занялі, на мой сённяшні погляд, вельмі правільную пазіцыю, паказаўшы нам, што статус настаўніка ўсё ж вышэй за наш, і не далі нам свавольнічаць.

— Так вы атрымалі сур’ёзны вопыт правядзення піяр-кампаніі?
— Ужо тады мы зразумелі, як можна да свайго акружэння ці, напрыклад, дырэктара школы данесці свае ідэі. І сапраўды, гэты вопыт потым спатрэбіўся. У нас быў вельмі дружны клас, мы і цяпер падтрымліваем адносіны з аднакласнікамі, прычым нават без сацыяльных сетак.
Я ўспамінаю школьныя гады з трапяткім пачуццём. Вядома, чым далей ад таго часу, тым больш забываеш дробязі. Але я буду заўсёды памятаць школьныя гады як сапраўды класны перыяд майго жыцця.

— Пасля заканчэння школы вы вырашылі вучыцца на перакладчыка. Чам было выклікана такое рашэнне?
— Сапраўды, гэты было вельмі сур’ёзнае рашэнне. Гэта былі апошнія гады савецкага перыяду нашай гісторыі. Інстытут замежных моў лічыўся непрыступным бастыёнам. Калі ты выйшаў не са спецыфічнага асяроддзя, то шансы паступіць туды былі мінімальнымі.
Да 8 класа я быў упэўнены, што буду ўрачом, і маці падтрымлівала мой выбар (бацька ставіўся да гэтага больш спакойна). А менавіта ў 8 класе я ўсвядоміў, што баюся крыві, і быць урачом мне расхацелася. Тады я вырашыў, што буду журналістам. Але ў працэсе падрыхтоўкі зразумеў, як многа трэба пі саць (па тым часе ў мяне ўжо былі публікацыі ў дзіцячых і маладзёжных газетах). І зноў я апынуўся ў сітуацыі выбару.
Я заўсёды імкнуўся быць не такім, як усе. І таму вырашыў стаць перакладчыкам. Калі я аб’явіў пра сваё рашэнне бацькам, маці адразу схапілася за галаву, карвалол і валяр’янку, а бацька пачаў здабываць інфар мацыю, каб запэўніць мяне, што паступіць туды немагчыма. Як варыянт разглядалася спецыяльнасць ваеннага перакладчыка, але па складзе розуму я абсалютна цывільны чалавек і ў арміі сябе не бачыў. І калі я, нарэшце, канчаткова спыніў свой выбар на інстытуте замежных моў, усе павінны былі з гэтым пагадзіцца.

— Відаць, упарта рыхтаваліся?
— Вядома. Тым больш што часу было не так ужо і многа. Рыхтавацца я пачаў фактычна за паўгода да паступлення. Мне вельмі пашанцавала з рэпетытарам па французскай мове Марыяй Казіміраўнай Сафонавай, якая за кароткі прамежак часу змагла добра падрыхтаваць мяне да ўступных экзаменаў. І я паступіў без “блату” і “падтрымкі”, за выключэннем падтрымкі бацькоў. Потым, скончыўшы ўніверсітэт, я паўгода вучыўся ў Францыі. Прыехаў адтуль якраз перад магістарскай сесіяй. І менавіта тады атрымаў свой адзіны за час навучання ў ВНУ “траяк” па філасофіі, з-за чаго не атрымаў ступень магістра эканомікі.

— Якімі яскравымі падзеямі было вызначана ваша студэнцкае жыццё?
— Студэнцкі час — гэта час стрэсу. І тычыцца гэта не толькі экзаменаў. Гэта і змена абставін, і новае асяроддзе, і інтэграцыя ў новую прастору. Сённяшняя моладзь больш дынамічная і лягчэй адаптуецца да ўмоў вялікага горада. Але разам з цяжкімі і лёгкімі экзаменамі, кантрольнымі і, здаралася, пераздачамі, быў хор, у які мы з сябрам запісаліся на другім курсе (гэта быў лепшы студэнцкі хор у нашай краіне). З хорам ужо на трэцім курсе мы пабывалі ў Галандыі і Германіі. Для мяне была аддушына ў студэнцкай руціне. Увогуле, я з незвычайным зада вальненнем успамінаю свае студэнцкія гады і ніколі яшчэ не пашкадаваў, што паступіў менавіта ў інстытут замежных моў.

— Ці давялося вам самому пабываць у ролі настаўніка?
— Так, мне давялося паспрабаваць настаўніцкай працы. Гэта быў 1995 год. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага інстытута замежных моў (сённяшні МДЛУ) на некаторы час я вярнуўся да бацькоў у Браслаў. І мяне, дыпламаванага перакладчыка-рэферэнта і эканаміста-міжнародніка, які да таго ж вучыўся ў Францыі, папрасілі дапамагчы (у той час у абедзвюх тагачасных браслаўскіх школах не хапала выкладчыкаў замежнай мовы). Так я стаў выкладаць французскую і англійскую мовы спачатку ў маёй роднай 2-й, а потым і ў 1-й школе Браслава. Адпрацаваўшы па два тыдні ў адной і другой школах, я зразумеў, што гэта вельмі складаная работа, і я не быў гатовы да яе.

— Вельмі часта выбар прафесійнага шляху дзіцяці залежыць ад аўтарытэту пэўнага настаўніка-прадметніка. Хто са школьных настаўнікаў паспрыяў вашаму прафесійнаму выбару?
— Мой прафесійны выбар залежаў выключна ад майго “хачу”. А замежная мова стала з’яўляцца ў маім жыцці значна раней. Калі пры паступленні ў школу паўстала пытанне, у які клас ісці — з англійскай ці французскай мовай, я без ваганняў выбраў французскую мову.
Відаць, значную ролю тут адыграла мая бабуля, але хутчэй не яна, а той факт, што, калі мне было гады тры, яна купіла некалькі пласцінак, адна была з запісамі Мірэй Мацье.

— Гуманітарная скіраванасць праяўлялася ў школе?
— Так. Я не вельмі добра ставіўся да дакладных навук, а вось руская і беларуская мова і літаратура — зусім іншая справа. Дарэчы, у мяне нават дыпломная работа ў інстытуце была прысвечана перакладу з французскай на беларускую мову.
На жаль, з гадамі я ўсё менш і менш карыстаюся беларускай мовай, але часам з задавальненнем магу прачытаць некалькі глаў з Караткевіча (на большае, на жаль, нестае часу).
Але скажу адно: беларуская мова і перакладаецца, і спяваецца лепш, у прыватнасці, чым руская.
У беларускай мове няма дамінавання запазычанняў. Беларус зразумее і паляка, і ўкраінца, і чэха…

— А калі пачалі спяваць?
— Пачаў спяваць я даўно — колькі сябе памятаю, столькі і спяваю. Пачалося ўсё ў 4-5 гадоў. З таго часу і спяваю. Потым была музычная школа па класе фартэпіяна — і там таксама спяваў. Потым былі пробы пяра — пачынаў нешта сачыняць, запісваць. Удзель нічаў у музычнай групе спачатку ў школе, а потым і ў інстытуце.
У музычнай школе я вучыўся 8 гадоў, з нулявога па 7 клас. У школу запісаўся сам і потым паставіў бацькоў перад фактам. Але жаданне было толькі ў першыя гады. Потым, як і ў многіх, пачынаючы з 2-3 класа, я пачаў ленавацца, і заняткі ў школе ішлі зпад палкі. Але зараз, калі музыка стала маёй прафесіяй, даводзіцца многае ўспамінаць з музычнай школы.
Да 2002 года сабралася даволі многа песень, якія трэба было некуды прымяняць. На той час я не меў ніякага дачынення да прафесійнай музычнай тусоўкі — хутчэй гэта было хобі. З гэтага аматарскага захаплення вырас музычны праект “Атлантыка”. Мы пачалі актыўна займацца аранжыроўкай. У 2003 годзе выйшла першая песня, якая стала прыкметнай з’явай у тагачаснай беларускай эстраднай музыцы, пратрымаўшыся на вяршыні хіт-парадаў больш як 50 тыдняў. Насуперак народнай мудрасці, першы блін не быў камяком. Пачаліся выступленні, канцэрты, прэміі…

— Ці быў нехта, хто дапамог вам так хутка ўварвацца ў хіт-парады і так доўга ў іх трымацца?
— Кар’еру ў музыцы я зрабіў сам. Са мной не працавалі прадзюсарскія цэнтры ці прамоўтары. І я зараз ганаруся тым, што зрабіў і чаго дасягнуў, таму што ўсё гэта рабіў сам. І я нікому нічога не вінен, акра мя публікі, якая мяне выбірае.

— Вы спяваеце па-англійску. Чаму?
— Нашы песні ў асноўным на англійскай і французскай мовах. У апошні час з’явілася некалькі песень на рускай і беларускай мовах. “Атлантыка” з самага пачатку задумвалася як англамоўны праект, але ў пэўны момант, калі былі падпісаны пагадненні з французскай студыяй гуказапісу, з’явіліся песні на французскай мове.

— Хто вам піша музыку і тэксты?
— Музыку і тэксты на французскай і англійскай мовах пішу я сам, аўтарам шэрагу англійскіх тэкстаў з’яўляецца Іван Падрэз, але асноўная музычная кухня знаходзіцца ўнутры праекта.

— Ці не ўзнікала думка паспрабаваць свае сілы на “Еўрабачанні”?
— Гэтае пытанне мне задаюць усё часцей і часцей. “Еўрабачанне” — гэта адзін са шматлікіх музычных конкурсаў (у якіх “Атлантыка”, дарэчы, ніколі не ўдзельнічала, акрамя нашага айчыннага конкурсу “Песня года”), і мы ніколі не ставілі сабе за мэту ўдзел у “Еўрабачанні”, і ў найбліжэйшай перспектыве гэтага не плануем. Да таго ж гэта конкурс адной песні, і выканаўца, які прымае ў ім удзел, павінен быць гатовы на працягу доўгага часу выконваць гэтую самую песню. У кожнага народа свой музычны густ, і тое, што падабаецца беларусам, наўрад ці спадабаецца, напрыклад, партугальцам ці галандцам.

— Ці часта прыязджаеце з канцэртамі ў родны Браслаў?
— Першы афіцыйны білетны канцэрт там адбыўся ў 2009 годзе, але яшчэ да гэтага мы паспрачаліся на заклад з маёй сяброўкай дзяцінства Ленай (яна тады працавала ў гімназіі намеснікам дырэктара), што “Атлантыка” прыедзе ў гімназію на выпускны вечар.
Абстаўлена ўсё было вельмі цікава. Пра гэта ніхто не ведаў. Мы інкогніта амаль апоўначы прыехалі ў Браслаў. Пачаўся канцэрт, на якім вучні спявалі пад нашы фанаграмы, і ў адзін момант вядучая запыталася, ці спадабалася гледачам выступленне “Атлантыкі”. Зала адрэагавала станоўчым адказам. Тады вядучая прапанавала зноў запрасіць групу на сцэну. І тут, на агульнае здзіў ленне, на сцэну выйшла сапраўдная “Атлантыка”. Настаўніца, што сядзела за пультам гукарэжысёра, настолькі была ўражана, ледзь не пераблытала ручкі на пульце. Сюрпрыз атрымаўся. На наступны дзень гэта стала галоўным абмеркаваннем педагагічнай грамадскасці Браслава.
Дарэчы, Браслаў адзіны горад, у якім я адказваю на пытанні гледачоў, бо тут мяне ўсе вельмі добра ведаюць: якім я быў 20 гадоў назад, як я хадзіў у музычную школу — ад іх нічога не схаваеш.

— А чаго вы яшчэ не паспелі зрабіць?
— Пакуль што я не напісаў свой галоўны хіт, я не праспяваў сваю галоўную песню, я не спрадзюсіраваў свайго лепшага выканаўцу, я не даў свой самы грандыёзны канцэрт і не заняў тую пазіцыю ў хіт-парадах, якую б хацеў. Таму, як бачыце, ёсць над чым працаваць. Лічу, што пакуль я не знайшоў свой адметны стыль. А ў звычайным, не творчым, жыцці я не нарадзіў дзіця, не пасадзіў тое дрэва, якое хацеў бы пасадзіць, і не пабудаваў да канца дом, у якім хацеў бы жыць. Таму зараз я жыву з адчуваннем пачатку жыцця. І таму я ўпэўнены, што жыццё ёсць і пасля 40, і пасля 50, ды і потым таксама.
Пакуль у цябе захоўваецца адчуванне таго, што ты нешта не зрабіў, і пакуль ты бачыш перад сабой перспектывы, ты захоўваеш маладосць духу і жывеш далей.
Самае галоўнае — адчуць той момант, калі вопыт пачне кіраваць табой. І трэба ў пэўны момант набрацца смеласці адкінуць гэты псеўдавопыт і пачаць новае развіццё ў новым напрамку.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з архіва Алекса Дэвіда.