“Александрыя” вітала не проста гасцей, а самых родных людзей

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Сувязь народаў Беларусі, Расіі і Украіны заўсёды будзе вышэйшая за любыя палітычныя інтарэсы і амбіцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 ліпеня на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”).

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фестываль праходзіць пад знакам дружбы народаў. Ён так і задумваўся — як свята, якое аб’ядноўвае суседзяў. “Людзей, продкі якіх у былыя часы гэтак жа прыгожа і дружна сустракалі ноч на Івана Купала на берагах Дняпра — магутнай ракі, якая злучае і жывіць землі Беларусі, Расіі і Украіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сувязь нашых народаў, заснаваная на агульнай гісторыі, звычаях і традыцыях, заўсёды будзе вышэйшая за любыя палітычныя інтарэсы і амбіцыі”.

Паводле яго слоў, сувязь гэтая ўзнікла з перажытых разам цяжкіх і слаўных часоў, пераплялася агульнымі культурнымі падзеямі, умацавалася сямейнымі саюзамі. “Зрабіла нас моцнымі ў нашым духоўным адзінстве”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што вузы славянскай роднасці стагоддзямі выпрабоўваліся на трываласць. “І там, дзе ў розныя часы палітыкі і дзяржаўныя дзеячы абрывалі гэтыя ніці, народ паднімаў іх і знаходзіў шлях адзін да аднаго, застаючыся верным поклічу сэрца і крыві”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Александрыя прымае не проста гасцей з блізкіх нам краін, а самых родных людзей. Мы рады сустракаць гэту святочную ноч разам. Упэўнены, што купальскія агні, запаленыя ў гэтыя дні, стануць сімвалам шанавання нацыянальных традыцый, нашага адзінства, з’яднанасці і пераемнасці ўсіх пакаленняў. Паклічуць беларусаў на іх малую радзіму, нагадаюць пра родных людзей, сагрэюць сэрцы добрымі ўспамінамі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“З вялікім хваляваннем, пачуццём радасці і гонару я прыязджаю на сваю малую радзіму. Для мяне гэты край заўсёды будзе асаблівым. Але такім жа важным і дарагім сэрцу, як любы іншы куток маёй Беларусі — дзіўнай, прыгожай, з добрым, працавітым, гасцінным і цярплівым народам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Александрыя, якая сабрала на свята сяброў з розных краін, іграе самымі яркімі фарбамі.

“Менавіта ў гэты дзень, у гэтую ноч мы асабліва адчуваем сакральную сувязь з роднай зямлёй, продкамі і адзін з адным. Таму так хочацца вырвацца з гарадскога жыцця і стаць бліжэйшымі да прыроды — яе прыгажосці і жыватворнай сілы, напоўніцца добрай энергіяй сонца, дажджу, удыхнуць пахі траў і лесу, атрымаць асалоду ад прахалоды рэк і азёр”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, у гэтым і заключаецца сэнс традыцыі, якая перажыла многія стагоддзі, адзначаць Купалле — свята, якое нагадвае аб простых чалавечых радасцях, ацаніць якія можна толькі запаволіўшы свой прывычны рытм.

“І як бы ні склаўся наш лёс, куды б ні закінуў, нам жыццёва неабходна вяртацца да вытокаў. Туды, дзе пейзажы ажываюць сюжэтамі з дзяцінства і юнацтва, дзе глыбока пушчаны карані радавога дрэва. Няхай нават і ў думках, але мы павінны трымацца за гэты маленькі свет, адкуль пачаўся наш шлях у вялікае жыццё. Гэты свет і ёсць наша папараць-кветка. У ім і знаходзім мы сваю сілу, апору і шчасце. Ён наш абярэг”, — перакананы беларускі лідар.