Алена Буцэнка: “Галоўнае — глядзець наперад і бачыць канчатковы вынік”

- 14:27Суразмоўца

Нядаўна на Міншчыне прайшоў фінал конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Малады дырэктар — 2019”. Па выніках усіх выпрабаванняў, а таксама анлайн-галасавання гледачоў перамогу ў ім святкавала дырэктар Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Алена Леанідаўна Буцэнка. Пра конкурс, прынцыпы кіравання педагагічным калектывам і пабудову эфектыўнай адукацыйнай прасторы — наша гутарка з А.Л.БУЦЭНКА.



— Алена Леанідаўна, што прынёс вам удзел у конкурсе?

— Тры гады назад, калі я толькі была прызначана на пасаду дырэктара, трапіла на гэты конкурс і з цікавасцю назірала за ім. Седзячы ў зале, унутрана адчувала, што на наступных спаборніцтвах удзельніцай буду менавіта я. І калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, гэта не было нечаканасцю. Для мяне конкурс — гэта вялізная праца і маёй школьнай каманды, і каманды ўпраўлення адукацыі раёна, якія падтрымлівалі, падказвалі, накіроўвалі. Гэта хоць і складана, але цікава і таго варта. Прайшоўшы гэты шлях, я адчула сябе больш упэўнена, паверыла ў сябе (мы змаглі гэта зрабіць!), я не падвяла ні сваіх калег, ні кіраўніцтва. Вялікім плюсам з’яўляецца знаёмства з калегамі — маладымі, крэатыўнымі, творчымі і таленавітымі людзьмі. Зараз на Міншчыне ствараецца клуб “Малады дырэктар”. Мы, удзельнікі конкурсу, усе з нецярпеннем чакаем сустрэчы. Пагадзіцеся, калі людзі дзеляцца вопытам, уносяць пэўныя ідэі і прадстаўляюць праекты, дзякуючы якім можна пайсці далёка наперад, гэта здорава!

— А як вы прыйшлі ў педагогіку?

— Не скажу, што планавала быць настаўніцай. Скончыўшы Дзянісавіцкую сярэднюю школу Крупскага раёна з сярэбраным медалём, я спачатку паступіла ў вышэйшы каледж сувязі, але, убачыўшы расклад заняткаў, зразумела, што тэхнічныя прадметы — гэта не маё. Забрала дакументы і падала іх у Акадэмію кіравання на знешнеэканамічную дзейнасць. Аднак і там не давялося вучыцца па сямейных прычынах. І вось лёс прывёў мяне ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Паралельна з вучобай я ўладкавалася на работу ў адну са школ Крупскага раёна і пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Тады і зразумела, што знайшла сваё месца. Мой педагагічны стаж складае ўжо 22 гады, а дырэктарам я была прызначана ў 2016 годзе. Мой жыццёвы дэвіз — “Кожнай справе — кавалачак сэрца”. Лічу, што калі бярэшся за справу, то трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць яе якасна. Калі трэба арганізаваць лінейку — значыць, зрабіць гэта варта прыгожа, ідэалагічна правільна, цікава. Калі да мяне прыходзіць чалавек з пэўнай праблемай, то я павінна яго выслухаць і дапамагчы ў той ступені, у якой я магу гэта зрабіць.

— На ваш погляд, што значыць быць дырэктарам? Якім павінен быць кіраўнік сучаснай школы?

— На мой погляд, сучасны дырэктар — гэта лідар, які стварае каманду. Галоўнае — глядзець наперад і бачыць канчатковы вынік, прымаць правільныя рашэнні, дзейнічаць і завяршаць справу поспехам, перамогай.

Я прайшла ўсе прыступкі прафесійнай лесвіцы: ад настаўніка — да дырэктара. У свой час працавала і педагогам-арганізатарам, і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, і намеснікам дырэктара па вучэбнай, вучэбна-метадычнай рабоце. Мне знаёма педагагічная дзейнасць з усіх бакоў, а таму зараз лёгка працаваць з маімі намеснікамі.

Зразумела, калі мяне толькі прызначылі на работу, былі такія ўчасткі, якіх я не ведала ўвогуле. І мне давялося хутка вучыцца новаму: асвойваць працэс закупак, тэхнічны складнік, пытанні арганізацыі харчавання навучэнцаў. На мне ляжала вялікая адказнасць: з аднаго боку, я павінна была не падвесці сваё кіраўніцтва, якое даверыла мне кіраваць установай, з іншага боку, варта было не ўпасці тварам у гразь перад сваімі калегамі, бо выйшла з гэтага калектыву. Гэта было вельмі складана.

Сучасны кіраўнік — гэта і стратэг, і менеджар, і юрыст, і ўседлівы работнік, і гаспадар. Нават у гаспадаранні неабходна выпрацаваць пэўныя стратэгіі, бо трэба мысліць адначасова па ўсіх напрамках, трэба трымаць руку на пульсе ў адносінах педагагічных пытанняў, кадравых. І я думаю, паступова ўсё атрымліваецца.

— У чым розніца паміж кіраўніком і падначаленым? Ці могуць кіраўніцкія рашэнні абмяркоўвацца ці павінны адразу выконвацца?

— У чым розніца? Канечне ж, у адказнасці. Кіраўнік адказвае за ўсё і ўсіх, а падначалены — за вузкае кола сваіх абавязкаў. Усвядомленыя прафесійныя адносіны да работы падначаленага — перадумова поспеху ўсяго калектыву. Што тычыцца кіраўніцкіх рашэнняў, то ўсё залежыць ад сітуацыі. Ёсць пытанні, па якіх даводзіцца прымаць катэгарычнае адказнае рашэнне, якое будзе аўтарытарным. А ёсць пытанні, якія патрабуюць калегіяльнага абмеркавання, дэмакратычнага падыходу. Неабходна выслухаць меркаванні калег, часта і прыслухацца да іх.

— Алена Леанідаўна, вы строгі дырэктар? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў сваёй рабоце?


— Так, я — строгі дырэктар. Асноўны прынцып — гэта патрабаванне да сябе, а потым — да калектыву. Трэба ўмець цвёрда сказаць: “Я так вырашыла”, і несці адказнасць за свае распараджэнні і загады.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, дырэктарская работа цікавая. Кожны дзень праходзіць па-новаму. Новыя знаёмствы, новыя погляды, новае развіццё. Хуткі рытм не дае таптацца на адным месцы і спыняцца на дасягнутым. Але гэта тэмп жыцця, да якога я прывыкла, — гэта маё. Для мяне мая работа даўно перастала быць проста работай, яна ператварылася ў сэнс, які кожны чалавек шукае ў сваім жыцці. Разважаючы пра свой жыццёвы шлях, добра разумею, што не магу дакладна правесці мяжу, дзе заканчваецца работа і пачынаецца асабістае жыццё. Мабыць, гэта і ёсць мая філасофія.

— А ці бывае ў вас вольны час? Як вы яго праводзіце?

— Ад кіраўніцкай работы адпачываю душой і наталяюся на ўроках беларускай мовы і літаратуры, ад правядзення якіх не змагла адмовіцца. Сёлета ў мяне былі заняткі ў адным класе. Калі прыходзіш да дзяцей, размаўляеш на іх мове, унікаеш у іх праблемы, ты нібы трапляеш у іншы свет — эмацыянальны, шчыры, адкрыты. Гэта дарагога варта.

Увесь свой вольны час я прысвячаю сям’і, дзецям (сыну, які скончыў 3 клас, і дачцэ, якая з’яўляецца другакурсніцай МДЛУ). Шчаслівая, калі яны здаровыя, паспяховыя. Мы любім бываць разам: хадзіць у кіно, на выставы, у басейн, падарожнічаць па роднай Беларусі і за яе межамі. З дзяцінства люблю рыбалку, паходы ў ягады і грыбы. Вельмі люблю чытаць. Праўда, на гэта часу катастрафічна не хапае. Нядаўна з задавальненнем перачытала “Графа Монтэкрыста” А.Дзюма.

— У вас дружны педагагічны калектыў?

— Педагагічны калектыў склаўся яшчэ пры ранейшым кіраўніку Тамары Эдуардаўне Марэцкай, а мне толькі давялося прадоўжыць пачатае. У калектыве працуе каля 117 педагогаў. 77% з іх — спецыялісты з першай і вышэйшай катэгорыяй. Моладзь мы таксама прымаем у сваю дружную сям’ю, дзе гаспадараць разуменне, падтрымка, узаемавыручка. Летась да нас прыйшлі 12 маладых спецыялістаў, а сёлета чакаем 15 чалавек (такая лічба звязана з прыростам насельніцтва і адкрыццём дадатковых класаў). Многія застаюцца ў нас пасля абавязковай адпрацоўкі. І ў першую чаргу гэта заслуга ўсяго педкалектыву. Калі пэўная праблема ўзнікла ў аднаго, то да яе вырашэння падключаецца ўвесь калектыў, калі ў кагосьці нейкае адказнае мерапрыемства, таксама на дапамогу прыйдзе ўвесь калектыў.

Праўда, праблема адтоку маладых кадраў існуе, гэта звязана з забяспечанасцю педагогаў жыллём. Мы імкнёмся вырашыць гэтую праблему: шукаем маладым спецыялістам таннае жыллё і часткова аплачваем яго найм. Дапамагаюць і нашы шэфы — ААТ “Гастэлаўскае”, якое выдзеліла некалькі пакояў педагогам у інтэрнаце.
Калі ў школу прыходзіць па размеркаванні малады спецыяліст, то гэта адна справа: яго трэба навучыць, дапамагчы зрабіць першыя крокі ў прафесіі. Калі ж у нас з’яўляецца вакансія, то прэтэндэнту на месца мы прапануем прадэманстраваць свае здольнасці, правесці ўрок. І калі мы бачым, што чалавек валодае пэўнымі прафесійнымі якасцямі, методыкай выкладання прадмета, то бяром яго на работу.

— Што дазваляе школе быць канкурэнтаздольнай? Якія асаблівасці мае арганізацыя адукацыйнага працэсу?

— Кожная ўстанова адукацыі мае сваё аблічча. Мы імкнёмся да стварэння свайго іміджу. Нашай школе сёлета спаўняецца 155 гадоў.

Яна носіць імя Янкі Купалы. Быў перыяд, калі народны паэт Беларусі вучыўся ў нашай установе. І гэтым мы вельмі ганарымся. У школе існуе літаратурны музей імя Янкі Купалы.

Адным са складнікаў з’яўляецца эстэтычны напрамак. Яго гісторыя пачалася ў 1991 годзе, калі школа стала рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па рэалізацыі сацыяльна-педагагічнага праекта “Этнашкола”. Штогод нашы навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, асновай якіх з’яўляецца беларускі фальклор.

На сёння ў школе працуюць класы з тэатральным, музычным, харэаграфічным і мастацкім напрамкамі. Навучанне ў іх вядзецца па праграмах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі, а таксама выкарыстоўваецца напрацаваны вопыт навучання і выхавання на традыцыях народнай педагогікі. Дзеці маюць магчымасць навучыцца іграць на беларускіх народных музычных інструментах, сярод якіх дудка, гармонік, цымбалы, скрыпка, ударныя музычныя інструменты.

Сеніцкая школа асацыіруецца заўсёды з творчымі калектывамі. У школе створаны ўзорны ансамбль “Шчабятуха”, харэаграфічны калектыў “Ладушкі”, вакальны ансамбль “Biss-квіт”, харавы народны калектыў “Сеніцкія пацешкі”. Названыя музычныя калектывы на працягу свайго існавання станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі розных конкурсаў, такіх як раённы конкурс “Веснавыя зорачкі”, абласны конкурс “Суквецце талентаў”, республіканскія конкурсы “Прывітанне, свет” і “Юныя таленты Беларусі”.

Што тычыцца адукацыйнага напрамку, то тут мы развіваем праектна-даследчую дзейнасць навучэнцаў. І ў гэтым напрамку ёсць свае поспехі. На Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ “Спадчына Беларусі” Софія Кірпічонак заваявала дыплом ІІ ступені, правёўшы гіпатэтычную рэканструкцыю Гальшанскага замка. Летась на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” нашы навучэнцы на чале з І.К.Бурдыка ўзялі дыплом ІІ ступені.

У школе рэалізуецца шэраг адукацыйных праектаў: лакальны праект па арганізацыі вольнага часу навучэнцаў “У рытме”, абласны праект настаўнікаў-дэфектолагаў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя.

Прайшоў экспертызу інавацыйны праект, рэалізацыя якога пачнецца ў новым навучальным годзе па медыяадукацыі (а дакладней, па медыяпадарожжах), у якім будуць удзельнічаць настаўнікі геаграфіі.

Нашы педагогі ў практыцы сваёй работы выкарыстоўваюць новыя адукацыйныя тэхналогіі. Праблемнаму навучанню аддае перавагу настаўніца хіміі і біялогіі Ірына Канстанцінаўна Бурдыка, элементы методыкі Зайцава прымяняе настаўніца пачатковых класаў Наталля Іосіфаўна Пятроўская, інфармацыйныя тэхналогіі — Аляксандра Андрэеўна Лукомская-Церашкевіч. Элементы блочнай тэхналогіі навучання з’яўляюцца эфектыўнымі на ўроках беларускай мовы, якія праводжу я. Камунікатыўныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюць настаўнікі англійскай мовы Наталля Валер’еўна Слыхоўская, Настасся Аляксандраўна Буднік. У нашай школе працуе настаўнік-метадыст, настаўніца музыкі Алена Іванаўна Грынчык. Яна актыўна дзеліцца вопытам, праводзіць майстар-класы, вучэбныя семінары для калег у школе, у раёне, вобласці.

Штогод на старшай ступені арганізоўваецца профільнае навучанне з вывучэннем на павышаным узроўні матэматыкі, рускай мовы, хіміі, біялогіі, англійскай мовы. Прычым тыя школьнікі, якія вучацца ў профільных класах, усе паступаюць ва УВА. У базавых класах для навучэнцаў арганізавана прафесійнае навучанне па спецыяльнасці “Кухар”. Дарэчы, гэтыя заняткі наведваюць і вучні Самахвалавіцкай сярэдняй школы.

Зразумела, ёсць у школе і некаторыя пытанні, над якімі мы мэтанакіравана працуем. На сёння ў сувязі з перапоўненасцю ўстановы і блізкім размяшчэннем горада адбываецца адток дзяцей у Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй. Праблемным пытаннем з’яўляецца выніковы ўдзел навучэнцаў у алімпіядах. На жаль, за апошнія некалькі гадоў адсутнічаюць дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Таму мы хочам прыйсці да гэтага мэтанакіравана. У нас ёсць патэнцыял, ёсць навучэнцы, якія даходзяць да абласнога этапу. Мы зараз пераглядаем сваю работу з адоранымі дзецьмі, шукаем новыя падыходы да іх падрыхтоўкі. У школе ствараны творчыя групы педагогаў па падрыхтоўцы да алімпіяд, наладжаны сувязі з выкладчыкамі УВА. Спадзяюся, вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць.

— Як падрыхтавалася школа да летняй аздараўленчай кампаніі?

— Штогод на базе ўстановы адбываецца аздараўленне навучэнцаў. Сёлета працуе лагер з дзённым знаходжаннем “Дзіцячы свет”, які наведваюць 150 вучняў. Для вучняў 8—10 класаў традыцыйна арганізаваны летні працоўны лагер на базе ААТ “Гастэлаўскае”, дзе адпачываюць 15 школьнікаў. Дарэчы, гэты лагер карыстаецца вялікай папулярнасцю ў падлеткаў: запіс у яго арганізоўваецца яшчэ з восені. 18 школьнікаў працуюць на Нацыянальным алімпійскім стадыёне “Дынама”. Адным словам, летні адпачынак школьнікаў сапраўды праходзіць пад дэвізам “Канікулы на карысць”.

— Алена Леанідаўна, на конкурсе вы прадстаўлялі праграму развіцця сваёй установы адукацыі. Якія напрамкі лічыце прыярытэтнымі ў далейшай дзейнасці?

— У першую чаргу, лічу, неабходна стварыць умовы (а гэта развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы). Далей — кадравае забеспячэнне і актуалізацыя кампетэнтнаснага падыходу да пабудовы адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі. Усё новае, што нам цікава, імкнёмся рэалізаваць. Так, зараз вывучаем магчымасці STEM-адукацыі і плануем укараніць яе. Думаю, у нас усё атрымаецца. Галоўнае — бачыць праблему і выбудаваць шляхі яе вырашэння.

Так, часам нам бывае няпроста. Але мы працуем так, каб ва ўстанове адукацыі было ўтульна, камфортна, прыемна ўсім — педагогам, навучэнцам, бацькам. Хочацца верыць, што нашы намаганні недарэмныя і накіраваны на дасягненне галоўнай мэты — выхаванне чалавека.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.