Начальнік аддзела па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама Алена Хомчанка працавала выхавальнікам, педагогам-псіхолагам, метадыстам, загадчыкам дзіцячага сада. Цяпер назапашаны вопыт дапамагае ёй паспяхова кіраваць сферай адукацыі раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Алена Сямёнаўна, з адукацыйнай галіной вы трывала звязаны ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Якіх прынцыпаў прытрымліваецеся ў рабоце, каб дасягаць эфектыўнасці?
— На мой погляд, галоўны крытэрый — захопленасць сваёй справай. Калі сапраўды любіць тое, чым займаешся, — поспех забяспечаны. Я лічу педагогіку жыццёвым прызваннем. Прафесію некалі выбірала сэрцам. Напэўна, таму работа заўсёды была ў радасць. Цяпер арыентую на неабыякавасць, зацікаўленасць і адказнасць нашы педагагічныя калектывы. Як кіраўнік імкнуся быць узорам для пераймання: задаю вектары развіцця, бесперапынна знаходжуся ў руху наперад і вяду за сабой калег.
— Што зараз уяўляе сабой сістэма адукацыі Касцюковіччыны?
— У раёне функцыянуюць 22 навучальныя ўстановы. У нас 12 школ, гімназія, 6 дзіцячых садоў, ёсць сацыяльна-педагагічны цэнтр, ЦКРНіР і Цэнтр дзіцячай творчасці. Існуючая сетка дазваляе цалкам выконваць дзяржаўны стандарт аб якасці і даступнасці адукацыі. Бесперапынна ўмацоўваем матэрыяльную базу ўстаноў, а ў арганізацыі адукацыйнага працэсу шырока выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі. Педагогі актыўна займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, укараняюць перадавыя методыкі, выбудоўваюць індывідуальную траекторыю навучання для кожнага дзіцяці. Многае робім для прафесійнага самавызначэння вучняў. Агульнымі намаганнямі стараемся дапамагчы выпускнікам знайсці сваё месца ў грамадстве. Стаўка — на раннюю прафарыентацыю і павелічэнне профільных класаў. У нас дзейнічаюць 5 груп аграрнай, 3 — педагагічнай, 2 — інжынернай і 1 група медыцынскай накіраванасці. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі не толькі навучанне, але і выхаванне.
— Што канкрэтна робіце для развіцця выхаваўчага напрамку?
— Стараемся выхоўваць вучняў добрымі, сумленнымі людзьмі, годнымі грамадзянамі. Акцэнт робім на станаўленні маральнасці і духоўнасці. Прыярытэтным лічым фарміраванне патрыятычных пачуццяў: прывіваем дзецям любоў да Радзімы, павагу да гісторыі, спрадвечных беларускіх каштоўнасцей, нацыянальных культурных традыцый. Такую работу пачынаем праводзіць яшчэ з дашкольнага ўзросту. У нас распрацавана раённая сеткавая мадэль станаўлення грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў, функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб “Зубр”, у склад якога ўваходзіць звыш 80 хлопцаў і дзяўчат. Гэта важныя складнікі патрыятычнага выхавання, але асноўнае ўсё ж прыклад настаўнікаў. Мы поўнасцю згодны са словамі Прэзідэнта аб тым, што “выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт”. Любіць родны край, ганарыцца сваёй краінай педагогі вучаць маладое пакаленне праз уласныя словы і ўчынкі.
— Мінула ўжо большая частка навучальнага года. Якімі дасягненнямі вызначыліся касцюковіцкія школьнікі?
— Настаўнікі працуюць так, каб установы былі прасторай для рэалізацыі здольнасцей вучняў. І гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Нядаўна завяршыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — чацвёра навучэнцаў атрымалі пераможныя дыпломы. Прадстаўнік раённай гімназіі Раман Новік выйшаў на рэспубліканскі ўзровень конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Дзесяць хлопцаў і дзяўчат праходзяць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Вялікая колькасць перамог таксама ў творчасці і спорце. Дзеці праяўляюць сябе рознабакова.
— Вучнёўскія поспехі — шмат у чым заслуга педагогаў. Як вы ацэньваеце іх працу?
— Нашы педагогі — сапраўдныя прафесіяналы, усёй душой адданыя дзецям. Настаўнікі пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку, імкнуцца да ўдасканалення свайго майстэрства. Звыш 77% педагагічных работнікаў маюць першую ці вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Касцюковіцкае настаўніцтва — гэта яшчэ і каманда аднадумцаў. Мы разам ставім мэты і разам іх рэалізуем. Дзякуючы такому падыходу, апошнім часам раён нязменна знаходзіцца ў лідарах абласнога спаборніцтва па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці. У лік лепшых у рэгіёне пастаянна ўваходзяць некаторыя навучальныя ўстановы.
— Якія планы на найбліжэйшую перспектыву?
— Арыенцір — павышэнне якасці адукацыі і прэстыжу настаўніцкай прафесіі, выхаванне патрыётаў. Плануем не зніжаць узятыя пазіцыі. У Год добраўпарадкавання ёсць шмат канкрэтных планаў па азеляненні і ўпрыгожванні тэрыторый навучальных устаноў. Будзем актыўна далучацца і да навядзення парадку на вуліцах горада, ваколіцах вёсак і прыродных аб’ектах.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара