Алена Клішэвіч — пра тое, што было зроблена ў школах Нясвіжа і раёна да новага навучальнага года

- 15:11Планерка

Пра тое, з якімі вынікамі сустрэлі навучальны год установы адукацыі Нясвіжа, і пра планы на бягучы перыяд карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алена Клішэвіч.

— Новы навучальны год нашы дзеці пачынаюць адпачыўшымі і аздароўленымі. Так, у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі ў Нясвіжскім раёне была арганізавана работа 11 лагераў з кругласутачным знаходжаннем і 24 — з дзённым, дзе аздаравіліся 1693 дзіцяці. У тым ліку для 55 дзяцей была арганізавана работа лагераў працы і адпачынку, а 65 спартсменаў-навучэнцаў працягнулі вучэбна-трэніровачны працэс у спартыўна-аздараўленчых лагерах.

У Карцэвіцкай сярэдняй школе прайшла піянерская змена ў 18-дзённым кругласутачным лагеры “Эўрыка”. Варта адзначыць, што сёлета ў лагерах аздаравіліся 69 дзяцей-сірот, 74 дзіцяці-інваліды, 23 непаўналетнія, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, 52 дзіцяці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Няўхільнае выкананне правіл бяспечных паводзін і захаванне бяспечных умоў у аздараўленчых лагерах з’яўлялася галоўным абавязкам кіраўнікоў аздараўленчых лагераў усіх тыпаў. Прыярытэтнымі напрамкамі праграм аздараўлення сталі патрыятычнае, маральнае, працоўнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Падчас змен былі праведзены тэматычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года міру і стварэння, Дня Незалежнасці, Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, рэалізавана рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Крок да поспеху”. Для дзяцей быў арганізаваны прагляд фільмаў патрыятычнага кірунку ў рамках рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафону “Глядзі і памятай” і г.д.

— Што было зроблена ў школах горада і раёна для падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года?

— У бягучым навучальным годзе ў Нясвіжскім раёне працягнуць праца­ваць 38 устаноў адукацыі. Колькасць навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі складае 4534 чалавекі. Што тычыцца дашкольнікаў, сёлета ў нас 1464 выхаванцы.

У 2023 годзе ў горад і раён прыехалі 39 маладых спецыялістаў, 20 з якіх — ураджэнцы раёна і 11 — мэтавікі. Усе педагогі працаўладкаваны па спецыяль­насці. У цэлым, па стане на 1 верасня, усе ўстановы адукацыі забяспечаны кіруючымі і педагагічнымі кадрамі.

З 1 верасня на новыя прынцыпы арганізацыі школьнага харчавання перайшлі 18 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У раёне функцыянуюць 44 харчаблокі. Да пачатку навучальнага года 10 устаноў адукацыі аснашчаны сучаснымі кабінетамі. Так, у нас з’явіліся 4 новыя кабінеты фізікі, 5 — хіміі, 3 — біялогіі і 2 кабінеты працоўнага навучання. Акрамя гэтага, заключаны дагавор на набыццё 2 камп’ютарных класаў на суму 33 900 рублёў і право­дзіцца закупка яшчэ аднаго.

На рамонт і абсталяванне залы харэаграфіі і тэатральнай студыі Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна затрачана больш чым 100 000 рублёў. Забяспеча­насць сродкамі выхавання і навучання, спартыўным інвентаром у адпаведнасці з пералікам ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 91,1% (пры абласным паказчыку 90,4%).

У 37 установах адукацыі створаны элементы безбар’ернага асяроддзя. У Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна набыты пад’ёмнік вертыкальны электрычны для маламабільных груп насельніцтва на суму 4275 рублёў.

Для правядзення рамонту ўстаноў адукацыі было выдзелена 594 300 рублёў. На капітальны рамонт даху будынка дзіцячага сада Ланской сярэдняй школы з абласнога бюджэту выдзелена 350 000 рублёў. Вялікія аб’ёмы работ па бягучым рамонце выкананы ў сярэдняй школе № 1 Нясвіжа, Нясвіжскай гімназіі, у дзіцячым садзе № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”, а таксама ў Астроўскай сярэдняй школе.

Да пачатку новага навучальнага года аказана дапамога сацыяльна неабароненым катэгорыям сем’яў (1236 дзяцей) для падрыхтоўкі да школы ў рамках акцый “Падары радасць школьніку”, “У школу з добрым сэрцам”, “Дапамажы пайсці вучыцца” на агульную суму 78 000 рублёў. У Нясвіжскім тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва забяспечана выплата матэрыяльнай дапамогі да пачатку навучальнага года 615 мнагадзетным сем’ям (1270 дзяцей) на агульную суму 138 836 рублёў.

Наталля САХНО
Фота аўтара