Алена Ліхолап: будзем і далей працаваць над павышэннем заработнай платы членаў прафсаюза

- 14:31Профсоюзный лидер

Старшыня Крупскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Ліхолап у кастрычніку гэтага года была выбрана на новы тэрмін на пасаду прафсаюзнага лідара калектыву настаўнікаў раёна. Гэта чацвёртая пяцігодка, калі яна з дня ў дзень будзе на сувязі з кожным, каму патрэбна ўвага, дапамога, матэрыяльная ці маральная падтрымка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На яе думку, прафсаюзны лідар — гэта перш за ўсё чалавек з адкрытым сэрцам і вялікім рэсурсам разумення і цярплівасці, жаданнем дапамагчы і быць карысным.

— Да нас звычайна звяртаюцца людзі, калі ёсць праблема, і спадзяюцца, што яна будзе вырашана. Так, бываюць выпадкі, калі да мяне прыхо­дзяць калегі з радасцю — дачка выйшла замуж ці ўнук нарадзіўся, але часцей за ўсё гэта нейкая складаная жыццёвая сітуацыя, калі патрэбна падключыцца не толькі з боку аказання матэрыяльнай падтрымкі, але і маральнай разгрузкі, — пачынае нашу размову Алена Браніславаўна.

…У Крупскі раён яна трапіла па размеркаванні ў далёкім 1986 годзе пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча. Родам з Брэстчыны, маладая дзяўчына спа­дзявалася вярнуцца на малую радзіму, але лёс вырашыў інакш — тут яна сустрэла будучага мужа, нарадзіла дзяцей, рэалізавалася ў прафесіі і грамадскім жыцці і сёння ўжо не ўяўляе сябе ў іншай мясцовасці, з іншымі людзьмі і ў іншых умовах. Настаўніцай пачатковых класаў у вёсцы Алена Браніславаўна адпрацавала 15 гадоў. А ўжо праз два гады работы ўзначаліла прафсаюзную пярвічку калектыву школы, і з таго часу прафсаюзнае жыццё было часткай яе рэалізацыі як чалавека і прафесіянала.

— Калі сям’ёй пераехалі ў райцэнтр і я стала праца­ваць у сярэдняй школе № 1 Крупак, то вельмі хутка як эстафету мне перадалі і гонар узнача­ліць прафсаюз школы. І гэта для мяне ўжо было хутчэй нормай, чым нагрузкай. Быць у гушчыні падзей, трымаць руку на пульсе жыцця калектыву, адначасова рыхтавацца да ўрокаў і закуп­ляць падарункі да навагодніх свят, складаць спіс работнікаў на санаторна-курортнае аздараўленне — гэта мой рытм, мая стыхія. А вось калі мяне выбралі прафсаюзным лідарам раённага камітэта, то, прызнаюся, у першы дзень, апынуўшыся сам-насам у кабінеце, я нават заплакала: проста не ўяўляла сабе, што буду рабіць адна, без калектыву, без пастаяннага наплыву спраў і чалавечых зносін, — дзеліцца Алена Ліхолап.

Але доўга сядзець у чаканні работы не прыйшлося. Вельмі хутка з’явіліся новыя кантакты, праблемы, заданні і задачы раённага ўзроўню. Сёння Алена Браніславаўна не выпускае з рук мабільны тэлефон, яна даступна для сувязі і вырашэння праблем у рэжыме 24/7, і калі прыязжаюць на выхадныя дзеці са сталіцы, то просяць: “Матуля, адключы тэлефон, пабудзь з намі!”

— Ведаеце, я чалавек савецкай загартоўкі і пра свае дасягненні гаварыць не люб­лю. Спытайце калег, маладых спецыялістаў, няхай яны раскажуць, што для іх робіць сёння прафсаюз. Скажу толькі, што за апошнюю пяцігодку зроблена нямала. Галоўным дасягненнем лічу пастаянны рост заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі раёна, павелічэнне памераў надбавак, якія плануем у новым справаздачным перыя­дзе давесці да 50% для ўсіх членаў прафсаюза. А яшчэ для мяне важным аспектам з’яўляецца работа з моладдзю, я заўсёды гавару новым нашым педагогам: “Як мага хутчэй стварайце сем’і, жывіце і радуйцеся, тады і ў працы ўсё будзе ла­дзіцца, калі дома цябе лю­бяць і чакаюць!” — падкрэс­лівае ў канцы нашай сустрэчы Алена Ліхолап.

***

Людміла Прахарэнкава, старшыня прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 1 імя У.М.Мар­цынкевіча Кру­пак, настаў­нік-дэфектолаг:

— Я больш за 10 гадоў узначальваю прафсаюз нашай школы, і з кожным годам умовы працы і дадатковыя гарантыі для работнікаў сферы адукацыі паляпшаюцца.

У нашым калектыве нездарма членам прафсаюза з’яўляецца кожны работнік. У чым плюсы? Ім нямала: гэта і надбаўкі па кантракце ў памеры да 50%, і дадатковыя дні да працоўнага адпачынку, і санаторна-курортнае аздараўленне за кошт прафсаюза, і навед­ванне культурна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў, тэатраў, як у райцэнтры, так і ў сталіцы. Таксама ладзяцца вандроўкі па Беларусі, праяз­ныя білеты аплачвае прафсаюз. Ну і калі якая бяда прыйшла, ты ніколі не застанешся ў адзіноце — табе дапамогуць, цябе падтрыма­юць як маральна, так і матэрыяльна!

Любоў Матырка, малады спецыяліст, лагапед-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Крупскага раёна:

— У гэтым годзе я па размеркаванні трапіла на работу ў родны раён, хутка будзе паўгода, як працую лагапедам-дэфектолагам. Я набывала спецыяльнасць па накіраванні ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама. Вельмі ўдзячна за цёплы прыём і лёгкую адаптацыю на першым працоўным месцы кіраўніку і калегам цэнтра, за непасрэдны ўдзел у маім прафесійным жыцці начальніку ўпраўлення Уладзіміру Іванавічу Рогаву, а таксама старшыні раённага прафсаюзнага камітэта Алене Браніславаўне Ліхолап. На сваім прыкладзе магу ска­заць, што прафсаюз працуе з людзьмі і для людзей. Спачатку нас урачыста пасвяцілі ў маладыя спецыялісты на раённым узроўні, на ўзроўні ўпраўлення. Прыбыўшы на першае рабочае месца, кожны малады спецыя­ліст атрымлівае значную суму на побытавыя патрэбы. Маладым настаўнікам часткова за кошт прафсаюза пакрываюцца траты па найме жылля. Што тычыцца матэ­рыяльнага боку, то па кант­ракце малады спецыя­ліст атрымлівае 5 дадатковых дзён да працоўнага адпачынку і мае 50% прэміі, а каму неабходна карыстацца грамадскім транспартам, то прафсаюз аплач­вае 30—40% ад сумы. Гэта, на мой погляд, значнае ўкладанне і дапамога маладым людзям у пачатку іх прафесійнага жыцця.

Таццяна ЛАПАЦІНА
Фота аўтара і прадастаўлена суразмоўніцай