Лета — бясцэнны час, каб выхоўваць у дзяцей любоў і павагу да нашай Радзімы. Так лічыць дырэктар глускай сярэдняй школы № 2 імя І.І.Захаранкі Магілёўскай вобласці Алена Слічонак, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
З першай хвіліны нашай сустрэчы дырэктар з захапленнем расказвае пра сваю ўстанову, калег-прафесіяналаў, любімых вучняў:
— Паглядзіце, як утульна і прыгожа на школьным двары летам! Усё тут зроблена рукамі нашых супрацоўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Выхоўваем дзяцей сярод прыгажосці, каб яны ганарыліся сваёй зямлёй — Радзімай вялікай і малой. Прывіваць вучням любоў да роднай школы, раёна, а праз гэта і да ўсёй Радзімы — адна з нашых галоўных задач. Сёлета немагчыма не жыць знакавай падзеяй — 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму ў школе асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню вучняў.
Так, у аздараўленчым лагеры была арганізавана грамадзянска-патрыятычная змена. Дзеці пабывалі ў Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, наведалі памятныя мясціны гарадскога пасёлка. У школе не спыняе дзейнасць і ваенна-патрыятычны клуб “Бастыён” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Аляксандра Тарашчука. Летам яго ўдзельнікі займаліся добраўпарадкаваннем вайсковых могілак у вёсцы Хваставічы, мемарыяла памяці ахвяр Халакосту на Мыслачанскай гары, актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, Дню Незалежнасці, 100-гадоваму юбілею Глускага раёна, а таксама адпачывалі ў ваенна-патрыятычным лагеры “Патрыёт”.
У старэйшых вучняў з’явілася магчымасць зарабіць першыя грошы. Атрад “За Радзіму” імя А.Я.Юневіча з лагера працы і адпачынку дапамагаў Глускаму лясгасу. Далей эстафету прыняў студэнцкі экалагічны атрад “Спадарожнік” імя М.В.Мельнікава, які таксама кожнае лета адпраўляецца ў гэты лясгас. А на базе школьнага кабінета абслуговай працы ў рамках другаснай занятасці хлопчыкі і дзяўчынкі шылі пасцельную бялізну для дзіцячых садоў.
Глускай сярэдняй школе № 2 у 2022 годзе было прысвоена імя Івана Іванавіча Захаранкі — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага медалямі і ордэнамі, які быў тут дырэктарам 75 гадоў назад. У школы слаўная гісторыя, шмат яе педагогаў прайшлі праз вайну, маюць узнагароды. Нямала і тых, хто служыў Радзіме ў сельскай гаспадарцы, медыцыне, іншых галінах. Ёсць вядомыя дзеячы культуры: знакаміты кампазітар Валерый Іваноў, мастак Вячаслаў Захарынскі, пісьменнік і журналіст Навум Сандамірскі, цэлая плеяда кіраўнікоў розных узроўняў. Чэмпіён і трохразовы прызёр Параалімпіяды ў Пхёнчхане, лыжнік і біятланіст Юрый Голуб вучыўся тут. А каля дошкі з фота кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна розных гадоў дырэктар заўважае: “Многія з іх — выпускнікі школы № 2”.
— Пра ўсіх памятаем, і гэтую гордасць перадаём дзецям, — расказвае дырэктар. — Школа мае патрыятычную накіраванасць яшчэ з часоў дырэктара Івана Іванавіча Захаранкі. Уявіце сабе: тады, адразу пасля вайны, ён арганізоўваў экскурсійныя паездкі для дзяцей у Маскву на грузавым аўтатранспарце! Рабіў усё, каб вучні больш ведалі пра сваю вялікую Радзіму.
— Наша школа — адна са старэйшых у раёне, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзіяна Ківерына. — Ёй ужо больш за 100 гадоў. У нас ёсць вучні, у якіх прабабулі вучыліся тут. Ва ўстанове адукацыі склалася добрая традыцыя педагагічных дынастый.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара