Алена ТУРАВА: “Хочацца, каб наша кіно любілі!”

- 21:35Культура

У хуткім часе беларусы пабачаць першы беларускі поўнаметражны анімацыйны мюзікл “Зоркі сёмага неба” па аднайменнай кнізе Генадзя Давыдзькі. Да гэтага часу ў айчынным кінематографе такога праекта не было, таму яго смела можна назваць унікальным, які ўражвае не толькі як мюзікл мноствам музычных нумароў, але і як сапраўдны блокбастар з чароўнымі прыгодамі і яркай маляванай анімацыяй. Здымаўся ён на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” на працягу апошніх пяці гадоў даволі невялікай камандай на чале з рэжысёрам анімацыйнага і ігравога кіно, сцэнарыстам, неаднаразовым лаўрэатам і прызёрам кінафестываляў, драматургам і паэтэсай Аленай ТУРАВАЙ. З ёй і пагаворым пра адметнасці і стварэнне новага мультфільма.

— Алена Віктараўна, я вас ведаю ў першую чаргу як рэжысёра ігравога кіно — стваральніцу такіх выдатных стужак для дзяцей, як “Навагоднія прыгоды ў ліпені”, “Рыжык у Залюстрэччы”, “Кіндэр-Вілейскі прывід”. А зараз такая цудоўная навіна: вы завяршылі працу над анімацыйным поўным метрам. Раскажыце, калі ласка, з чаго пачыналася работа над гэтым праектам?

— Мне прапанавалі заняцца гэтым праектам даволі нечакана, таму што пасля здымак згаданых вамі фільмаў у мяне была невялікая паўза і я выкладала курс рэжысёраў-аніматараў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а заадно планавала запусціць свой праект — серыял “Акадэмія “Мультысон”. Але тагачасны дырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў пасля прачытання кнігі “Зоркі сёмага неба” Гена­дзя Давы­дзькі з сакавітымі і яркімі малюнкамі Веньяміна Маршака вельмi загарэўся ідэяй зняць аднайменны мультфільм. Яго падтрымаў ды­рэктар студыi анiмацыйных фiльмаў Iгар Галiноўскi. Яны i натхнілі мяне на стварэнне гэтай стужкi. Было задумана зрабіць поўны метр, а ў нас з ім яшчэ ніхто не працаваў, і я ў тым ліку. Але я была адзіная са студыі анімацыйных фільмаў, хто меў вопыт па стварэнні фільмаў вялікага фармату з удзелам анімацыі.

Калі мы пачалі распрацоўваць праект, нам вельмі хацелася зрабіць яго непадобным на папярэднія інтэрпрэтацыі гэтай казкі, бо ў 2009 годзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага быў пастаўлены музычны спектакль і на сцэне філармоніі гучала аналагічная гісторыя. Акрамя таго, у пачатку 2000-х нават быў напісаны сцэнарый для ігравога фільма, які, праўда, так і не быў запушчаны ў вы­творчасць. Прызнаюся, я нават спецыяльна не хадзіла на спектакль, каб неспадзявана нешта не зачапіць адтуль. Мы ўсёй камандай думалі, як зрабіць так, каб атрымаўся свежы і захапляючы фільм, арыентаваны ў першую чаргу на гледача, а не на фестывалі і ўзнагароды, імкнуліся зняць сумленнае кіно, якое з задавальненнем разам паглядзелі б дзеці і іх бацькі, педагогі са сваімі вучнямі. Спадзяюся, што ў нас гэта атрымалася.

Пасля прыйшла ідэя зрабіць мюзікл. Бо я з таго пакалення, якое вырасла на знакамітых “Брэменскіх музыкантах”, “Лятучым  караблі” — на залатой савецкай класіцы. А ўсе мы — родам з дзяцінства, і я памятаю, як добрая яркая музыка дапамагала ўспрыманню сюжэта. Так і вырашылі зрабіць мюзікл з адметнымі персанажамі.

— А колькі галоўных персанажаў і якія яны?

— Усяго шэсць злыдняў — увасабленняў галоўных чалавечых заганаў: Разлюляй — сімвал разгільдзяйства і бяздзейнасці, Велікарл — зазнайства і фанабэрыстасці, Баюшка — ляноты, Наглюк — хамства, Сытуха — прагнасці і абжорства і Страх — баязлівасці. І тры цэнтральныя станоўчыя героі: хлопчык Саша, лялька Эля і кот Мурмот. Увогуле фільм — шматперсанажны з мноствам дадатковых герояў. І ў гэтым таксама была своеасаблівая складанасць, бо кожнага трэба было распрацаваць, намаля­ваць, агучыць, таму такі праект чыста тэхнічна вельмі цяжкі.

— Пра што мультфільм?

— Аднойчы таленавіты вучоны стварае суперкамп’ютар для таго, каб усіх людзей зрабіць шчаслівымі. Але злосны чарвяк з дапамогай вынаходства вучонага прарываецца з віртуальнага свету ў рэальны і ператвараецца ў монстра, што ахутвае ўсю Зямлю, закрывае яе шасцю паднябессямі і на кожным з іх селіць сваіх падначаленых-злыдняў, якія завуцца суперзоркамі. І лю­дзі забываюць пра сапраўдныя зоркі, перастаюць марыць. А ўсе ж ведаюць, што калі людзі мараць, то становяцца дабрэйшымі, святло пранікае ў іх сэрцы і яны перастаюць быць жорсткімі і эгаістычнымі, перастаюць думаць пра заганы, і ў іх прачынаецца сумленне. Таму феі, што жывуць на сапраўдных зорках на сёмым небе, вырашаюць ім дапамагчы і перадаць на Зямлю выратавальны чароўны падсвечнік, але запаліць яго зможа толькі летуценнік. Ім становіцца хлопчык Саша, які мае двух сяброў — ката Мурмота і ляльку Элю, якая марыць стаць сапраўднай дзяўчынкай. Праўда, каб данесці падсвечнік, трэба пераадолець гэтыя шэсць страшэнных паднябессяў, дзе заселі злыя суперзоркі. Аднак гэта, як высветліцца, не самае складанае выпрабаванне. З чым ім было цяжэй за ўсё справіцца, даведаецеся, паглядзеўшы мультфільм. (Усміхаецца.)

— А чаму здымкі расцягнуліся на 5 гадоў, ці гэта нармальная практыка стварэння поўнаметражнага анімацыйнага і да таго ж маляванага ўручную праекта?

— У сусветнай практыцы мультыплікацыі пры добрым бюджэце спачатку ўсё прадумваецца, а пасля работа размяркоўваецца паміж рознымі анiматарамі з усяго свету, і атрымліваецца даволі хуткі вынік.

А ў нас такой магчымасці няма, мы ўсё робім сваімі сіламі. Аніматары — гэта эксклюзіўныя спецыялісты, якіх цяжка навучыць і лёгка страціць. Бо калі такі спецыяліст застаецца без работы хоць на нейкі час, то ён вельмі хутка знахо­дзіць сабе прымяненне ў іншых сферах: камп’ютарных гульнях, рэкламе ці за мяжой, тым больш што ў свеце попыт на мультыплікатараў вельмі вялікі.

Як правіла, над стварэннем поўнага метра павінна працаваць вялікая каманда, але мы, на жаль, не маглі набраць такую групу. Таму над нашым праектам працавала не больш за 10 аніматараў, што неверагодна мала. Прычым адзін з нашых вядучых спецыялістаў — знакаміты мультыплікатар Валерый Казлоў, які пачынаў работу над распрацоўкай стужкі, пакінуў гэты свет на другой частцы. Яшчэ адзін наш масціты аніматар Вiталь Баброўскi па стане здароўя не змог працягваць работу над праектам, хтосьці ўвогуле змяніў месца працы, з’ехаў, а хтосьці зусім нядаўна далучыўся да нашай каманды, прыйшоў на кінастудыю пасля вучобы, у прыватнасці, два мае студэнты Яўген Іваноў і Таццяна Нагорская.

Маёй жа правай рукой і галоўным мастаком-пастаноўшчыкам была Святлана Кавалеўская — аўтар усіх паднябессяў і дзівосных герояў. У працэсе работы мы разам адгледжвалі рэферэнсы, шукалі, абмяркоўвалі, думалі, чаму гэтыя персанажы павінны выглядаць так, а не інакш. Таму, канечне, у Святланы была вельмі вялікая нагрузка.

— Спачатку мультфільм ствараўся па частках. А што мы ўбачым на экране — серыі?

— Не, гледачы ўбачаць агульную стужку працягласцю 73 мінуты. А пяць частак — гэта быў такі тэхнічны прыём, каб было прасцей здымаць фільм і быў відаць вынік нашай работы.

— “Зоркі сёмага неба” не проста мультфільм, а мюзікл. Раскажыце, калі ласка, пра аўтараў песень і чыімі галасамі гавораць і спяваюць вашы персанажы.

— У адпаведнасці з законамі жанру, у фільме шмат песень — больш за сорак музычных нумароў, кожны з якіх доўжыцца ад 40 секунд да мінуты. Музыку напісаў наш вядомы кампазітар Леанід Шырын, а лібрэта — я сама. Каб мультфільм меў і глядацкі, і камерцыйны поспех, мы вырашылі агучыць іх галасамі знакамітых беларусаў. Але тут быў адзін нюанс: чалавек павінен быць не проста вядомым спеваком, але і акцёрам. І сёння нашы персанажы маюць голас Івана Вабішчэвіча — Дзядзі Вані (Спрут, Разлюляй, Сытуха), Юрыя Вашчука — Тэа (кот Мурмот), Дзмітрыя Пусцільніка (Страх, астролаг), Дзяніса Дудзінскага (вучоны), Святланы Бень-Залескай (лялька Эля), Вольгі Рыжыкавай (феі), а таксама Алены Дуброўскай, Георгія Волчака, Анатоля Длускага, Марыны Варэніч і інш. І ўсе яны, акрамя асноўных персанажаў, агучвалі і другасных, але пры гэтым кожны персанаж мае свой адметны голас.

Дарэчы, хлопчыка Сашу агучыла мінчанка Дзіяна Красуцкая, якая даўно прафесійна займаецца вакалам. За час работы над мультфільмам яна падрасла і з маленькай дзяўчынкі ператварылася ў дзяўчыну-падлетка, якую мы ледзь пазналі, калі яна прыйшла працаваць над апошняй часткай. (Усміхаецца.) Чаму ж мы ўзялі дзяўчынку на агучванне хлопчыка?.. Таму што разумелі, што гэта работа не аднаго года і ў хлопчыка пачнецца мутацыя голасу. Нават Дзіяне апошнім часам прыходзілася пераслух­ваць, як яна гэта рабіла на першых частках і падладжвацца пад свой ранейшы дзіцячы галасок.

— І, бадай, адно з галоўных пытанняў — калі чакаць прэм’еру?

— Спадзяёмся, у канцы вясны — пачатку лета, калі палепшыцца эпідэмічная сітуацыя.

— Алена Віктараўна, мы з вамі сустракаемся ў пачатку года, таму не магу не запытацца пра вашы творчыя планы на 2021 год.

— Два гады назад кінастудыя правяла маладзёжны конкурс на стварэнне сцэнарыя поўнаметражнага анімацыйнага фільма, у якім перамог сцэнарый “Песня Сірын” Сяргея Рагаткі. Вось зараз мы і ўзяліся за яго экранізацыю. Гэты вялікі праект прысвечаны славянскай міфалогіі, ён складаны і адказны, таму што такую тэму мы яшчэ не ўзнімалі. Будзем старацца зрабіць яго не проста цікавым, чароўным і прыгодніцкім, але і з пазнавальным складнікам. Таму што, напрыклад, герояў і багоў старажытнагрэчаскіх міфаў ведаюць усе, а старажытнаславянскіх — мала хто. Мы хочам паказаць іх так, каб іх ведалі, пазнавалі і разумелі, у чым розніца паміж імі.

Па сюжэце два школьнікі Мацвей і Дзімка адпраўляюцца на прыроду, каб паназі­раць за рэдкімі птушкамі. Але ў лесе яны нечакана сустракаюцца з дзіўнай птушкай, якая выкрадае тэлефон аднаго з іх. Адправіўшыся ў пагоню, хлопчыкі знаёмяцца з дзяўчынкай Кастрамой, брата якой скрала злая вядзьмарка Паляндра. Каб вярнуць сваю страту і дапамагчы Кастраме, хлопчыкі адпраўляюцца ў Ніжні свет, дзе жыве славянскі бог Вялес, а паміж ім і Перуном ідзе барацьба. Высвятляецца, што пагроза значна больш сур’ёзная, чым пакаранне ад бацькоў за згублены тэлефон. Таму хлопчыкі адпраўляюцца ў казачны свет, каб памірыць багоў і не толькі.

Цяпер пакуль збіраем каманду мастакоў-пастаноўшчыкаў. Зараз ужо Святлана Ветрава дапамагае стварыць эскізы да гэтых аўтэнтычных светаў, а над персанажамі “чаруе” масціты беларускі мультыплікатар Андрэй Сідараў, пазней яшчэ падключацца людзі.

— І, калі дазволіце, два філасофскія пытанні. Першае — што для вас прафесійнае шчасце?

— Для любога рэжысёра прафесійнае шчасце — гэта калі глядач глядзіць тваё кіно з цікавасцю, калі ты змог зачапіць яго эмоцыі, калі пасля прагляду ён адчуў аптымізм, радасць і святло. Бо я лічу, што любое мастацтва, а кіно асабліва, можа быць не абавязкова вясёлым, але яно ні ў якім разе не павінна пакідаць пачуццё безна­дзейнасці. Нават калі паглядзеў сумную гісторыю, усё роўна ў душы павінна заставацца надзея, прамень святла ў сэрцы. Мы і так жывём у вельмі складаным свеце, таму мастацтва павінна дапамагаць лю­дзям і даваць ім сілы.

— І другое — якім у будучыні вы хацелі б бачыць беларускае кіно?

— Розным. А ўвогуле хацелася б, каб яно проста было! Каб наша кінастудыя не ператварылася ў фабрыку, на якой вырабляюцца фільмы розных краін, але толькі не нашы. Каб засталося творчае кіно хаця б часткова, стваральнікі якога маглі б рэалізоўваць свае ідэі, не думаючы пра камерцыйны бок. Каб ствараліся фільмы карысныя і добрыя, цікавыя і відовішчныя, каб гледачы іх глядзелі і ведалі, што кінастудыя “Беларусьфільм” працуе і што на ёй стужкі ствараюць сапраўдныя прафесіяналы. Хочацца, каб наша кіно любілі!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Алены Туравай.