Эфектыўная метадычная работа ў школе ў многім вызначае паспяховасць яе педагагічнага калектыву, а таксама садзейнічае раскрыццю патэнцыялу кожнага з настаўнікаў. Метадычная дзейнасць сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці накіравана найперш на стварэнне атмасферы творчага пошуку і зацікаўленасці, саўдзелу і супрацоўніцтва, на павышэнне якасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, на стварэнне банка інавацыйных ідэй і тэхналогій, на павышэнне метадычнага майстэрства педагогаў. У гэтым можна было неаднаразова пераканацца з артыкулаў, якія актыўна дасылаюць у рэдакцыю настаўнікі школы. Каардынатарам метадычнай работы ва ўстанове, прычым спецыялістам дасведчаным і вопытным, мабільным і лёгкім на пад’ём, які тонка адчувае ўсе павевы часу, з’яўляецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Уладзіміраўна ЯКУБЕЦ. Пра тое, як павысіць эфектыўнасць метадычнай работы ў школе, якая дапамога сёння патрэбна настаўнікам, — наша гутарка з ёй.
— Алена Уладзіміраўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Колькі гадоў працуеце ў школе?
— У педагогіку прыйшла невыпадкова. Мая мама Стафанія Міхайлаўна Віннік працавала 36 гадоў настаўніцай рускай і нямецкай моў у школе. Яна прывіла нам з сястрой любоў да моў. Таму, калі паўстала пытанне аб выбары прафесіі, сумненняў не было: мы абедзве выбралі педагогіку. Праўда, сястра паступіла на дашкольную адукацыю, а я аддала перавагу замежнай мове і паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер лінгвістычны ўніверсітэт) на факультэт іспанскай мовы. У 1989 годзе атрымала спецыяльнасць “Настаўнік іспанскай і англійскай моў”. З тых часоў ужо 30 гадоў працую ў школе настаўніцай англійскай мовы. У 2015 годзе прызначана намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, і галоўным напрамкам маёй дзейнасці стала метадычная работа з педагогамі.
— На якія прынцыпы абапіраецеся ў рабоце з вучнёўскім і педагагічным калектывам? У вас ёсць педагагічнае крэда?
— “Настаўнік толькі тады зможа навучыць чаму-небудзь, калі ён любіць дзяцей і любіць свой прадмет” — маё педагагічнае крэда. Павага да асобы чалавека — асноўны прынцып маёй работы. І няважна, настаўнік гэта ці вучань. Дапамагчы паверыць у свае сілы, стварыць сітуацыю поспеху, а значыць павысіць значнасць і самаацэнку чалавека, — у гэтым бачу сваю задачу. Думаю, што я з ёй паспяхова спраўляюся. Мае вучні сталі настаўнікамі англійскай мовы. В.Ю.Караваевіч, К.А.Сініла выкладаюць у нашай школе, В.І.Салаўёва працуе ў гімназіі горада. Некаторыя працуюць настаўнікамі ў іншых гарадах, перакладчыкамі, ёсць і тыя, хто яшчэ асвойвае прафесію ва ўніверсітэце. Што ж тычыцца педагогаў школы, то за час маёй работы на пасадзе намесніка дырэктара 12 педагогаў пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 24 здалі экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі і ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Мяне радуе, што да мяне звяртаюцца па дапамогу, параду. Значыць, мне давяраюць. Настаўнік не застаецца сам-насам са складанай задачай. Працуем з ім у тандэме або ствараем творчую групу для падрыхтоўкі да конкурсу, праекта. Вынікам сумеснай дзейнасці з’яўляюцца перамогі не толькі раённага, але і абласнога, і рэспубліканскага ўзроўняў. Сама імкнуся быць прыкладам для калег. У 2018/2019 навучальным годзе ў рэспубліканскім завочным конкурсе метадычных распрацовак “Арганізацыя міжкультурных іншамоўных зносін на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці”, які праводзіцца Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, мая распрацоўка ўрока для 5 класа (павышаны ўзровень навучання) была ўзнагароджана дыпломам II ступені ў намінацыі “Замежная мова “Вучэбныя заняткі”. Дарэчы, не толькі я, а ўсё кіраўніцтва школы паказвае прыклад прафесійнага майстэрства. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе ў межах метадычнай дэкады дырэктар школы Наталля Іванаўна Кулак і ўсе намеснікі правялі адкрытыя вучэбныя заняткі для настаўнікаў школы.
— На ваш погляд, ці патрэбна метадычная служба ў школе? Як павысіць эфектыўнасць яе работы?
— Несумненна, метадычная служба ў школе патрэбна. Вядома, асноўныя напрамкі застаюцца ў прыярытэце: вывучэнне сучасных педагагічных тэхналогій, падрыхтоўка педагогаў да атэстацыі, павышэнне кваліфікацыі, вывучэнне, абагульненне і трансляцыя перадавога педагагічнага вопыту, правядзенне метадычных тыдняў і дэкад, арганізацыя даследчай дзейнасці, настаўніцтва, узаеманавучанне. Але, на маю думку, галоўнае ў метадычнай рабоце — гэта аказанне рэальнай, дзейснай дапамогі не толькі педагагічнаму калектыву ў цэлым, але і кожнаму педагогу паасобку. Што тычыцца павышэння эфектыўнасці метадычнай службы, то хачу сказаць наступнае. Калі мы хочам жыць у часавым патоку XXI стагоддзя, нам трэба ўвесь час мяняцца і вучыцца. Заняткі самаадукацыяй павінны быць унутранай матывацыяй кожнага педагога. Толькі тады метадычная работа будзе па-сапраўднаму эфектыўнай.
— Над якой метадычнай тэмай працуе ўвесь калектыў сёлета? Якія цікавыя тэмы па самаадукацыі выбіраюць вашы педагогі?
— Педагогі краіны працуюць над адзінай метадычнай тэмай. У гэтым навучальным годзе гэта “Развіццё прадметна-метадычных кампетэнцый настаўнікаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі”. Таму ўсе метадычныя мерапрыемствы накіраваны на яе рэалізацыю.
Калі ж гаварыць пра самаадукацыю, то ў нашай установе кожны педагог працуе над пэўнай тэмай, што дазваляе яму ў далейшым абагульніць вопыт работы і павысіць кваліфікацыйную катэгорыю. Тэмы розныя. У асноўным гэта вывучэнне і прымяненне той ці іншай сучаснай педагагічнай тэхналогіі ў практыцы работы. Прывяду прыклады найбольш цікавых тэм: “Рэалізацыя дзейнаснага падыходу ў выкладанні матэматыкі” (В.П.Валуй), “Выкарыстанне эфектыўных форм кантролю ведаў вучняў па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” (А.М.Емяльянава), “Выкарыстанне актыўных метадаў навучання на ўроках біялогіі” (Л.М.Маслоўская), “Выкарыстанне сучасных інтэрнэт-рэсурсаў у навучанні фізіцы” (В.І.Лемяшэўскі), “Выкарыстанне дыстанцыйнага навучання на ўроках хіміі” (С.У.Абярган), “Фарміраванне этнакультурнай кампетэнцыі на ўроках беларускай мовы і літаратуры праз выкарыстанне фальклорных тэкстаў” (Н.М.Сідар), “Выкарыстанне інтэрактыўных сшыткаў і лэпбукаў на ўроках англійскай мовы для развіцця камунікатыўных навыкаў навучэнцаў” (К.В.Тарабаш), “Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроках геаграфіі для павышэння пазнавальнай цікавасці навучэнцаў” (Н.М.Кедзь) і інш.
— Алена Уладзіміраўна, якія формы метадычнай работы сёння найбольш запатрабаваны настаўнікамі?
— Самыя папулярныя формы работы ў нашай школе — круглы стол, семінары, майстар-класы, псіхолага-педагагічныя кансіліумы, псіхалагічныя трэнінгі. У канцы навучальнага года мы традыцыйна праводзім метадычны фестываль, на якім кожнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне прадстаўляе распрацаваны па выніках работы адукацыйны прадукт.
— Што новага і цікавага вы прапануеце калектыву ў плане павышэння педагагічнага майстэрства?
— Ва ўстанове штогод праводзяцца метадычныя тыдні ці дэкады, на якіх мы знаёмім педагогаў з тэарэтычнымі пытаннямі па сучасных адукацыйных тэхналогіях, а таксама з практычным прымяненнем метадычных прыёмаў на майстар-класах. Так, былі праведзены лекцыя “Актыўная ацэнка — новая стратэгія навучання” (А.У.Якубец), практычны семінар “Выкарыстанне QR-кода ў адукацыйным працэсе” (К.С.Вірбал), майстар-класы “Стварэнне і прымяненне інтэрактыўнага плаката” (С.У.Абярган), “Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 у адукацыйным працэсе” (А.В.Шалік).
У бягучым навучальным годзе ў рамках метадычнага тыдня “Арганізацыя самастойнай дзейнасці навучэнцаў на ўроку як дзейсны сродак павышэння яго якасці” былі праведзены метадычны семінар “Апісанне вопыту работы як адзін са складнікаў метадычнай пісьменнасці педагога” для педагогаў 3 года работы (А.У.Якубец), майстар-класы “Стварэнне персанальнага сайта настаўніка” (С.У.Абярган), “Выкарыстанне інфаграфікі на розных этапах вучэбных заняткаў” (І.Д.Бортнік), “Выкарыстанне вучэбных вэб-квестаў на ўроках” (В.М.Карпеня).
— Рэалізацыя інавацыйных праектаў спрыяе павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў. Над якімі праектамі вы зараз працуеце? У чым іх асаблівасці?
— Наша школа з’яўляецца апорнай па рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтым навучальным годзе створана 9 класаў інтэграванага навучання і выхавання розных мадэлей, у якіх вучыцца 34 навучэнцы. У перыяд з 2015 па 2018 год установа адукацыі ажыццяўляла рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Гэты праект спрыяў павышэнню якасці адукацыі навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю і парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, паспяховасці падрыхтоўкі іх да самастойнай жыццядзейнасці, максімальнаму раскрыццю і развіццю іх здольнасцей. З 2019 года педагогі школы працуюць над новым інавацыйным праектам — “Укараненне мадэлі сістэмнай, індывідуальна арыентаванай карэкцыйна-педагагічнай работы з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры цяжкасцях авалодання імі працэсам чытання”.
— Наколькі ва ўстанове ўдзяляецца ўвага рабоце з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі? Школа была гатова да работы на адлегласці? Ці вы працуеце ў звычайным рэжыме?
— Напэўна, як і ў кожнай школе, мы ўдзяляем вялікую ўвагу інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям. У нас створана лакальная сетка з выхадам у інтэрнэт. Ёсць 5 інтэрактыўных дошак, 2 мультыборды. У рамках рэалізацыі праекта Сусветнага банка развіцця было набыта сучаснае абсталяванне для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі. Чакаем яшчэ адзін кабінет з мультыбордам. Усе педагогі своечасова здалі экзамен сертыфікаванага карыстальніка інфармацыйнымі тэхналогіямі ў адукацыі. Па згаданых вышэй майстар-класах можна бачыць, што мы вучым педагогаў выкарыстанню магчымасцей інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.
Што тычыцца пераходу на навучанне на адлегласці, то, скажу шчыра, прыйшлося не толькі перабудоўваць сістэму навучання, але і мяняць свае погляды і звычкі. Было няпроста, але трэба аддаць належнае калектыву: настаўнікі змаглі хутка сарыентавацца. Настаўнік-метадыст С.У.Абярган правёў вучэбны семінар з педагогамі па рабоце з адукацыйнымі платформамі. Хтосьці ажыццяўляе навучанне на платформе ZOOM, хтосьці — на платформе “Інфаўрок”, некаторыя стварылі групы ў сацыяльных сетках. Прыкладна палова вучняў прыходзіць у школу. Так што настаўнікам даводзіцца сумяшчаць розныя віды навучання. Вядома, гэта нялёгка, але такія патрабаванні часу. Да таго ж выхад з зоны камфорту стымулюе да развіцця.
— У чыёй дапамозе сёння маюць патрэбу педагогі?
— Хутчэй не ў чыёй, а ў якой. Адказ адназначны: у дзейснай метадычнай дапамозе па арганізацыі і правядзенні навучання на адлегласці. Як аказалася, у нас у краіне гэты кірунак не арганізаваны. Няма якаснай адукацыйнай платформы, неабходных рэсурсаў. Так, мы вучым дзяцей на адлегласці, настаўнікам у экстранным парадку прыйшлося асвойваць новы від работы. Але гэтае навучанне далёкае ад дасканаласці. Складаная эпідэміялагічная сітуацыя ўзняла шэраг нечаканых пытанняў. Таму метадыстам, праграмістам, педагогам неабходна папрацаваць над іх вырашэннем, каб вывесці сістэму адукацыі на якасна новы ўзровень. Упэўнена, што сумеснымі намаганнямі мы справімся з гэтай задачай.
— Алена Уладзіміраўна, якія планы на найбліжэйшую будучыню па ўдасканаленні метадычнай работы ва ўстанове?
— Любому настаўніку хочацца быць значнай фігурай. Значны настаўнік сёння — гэта адначасова прафесіянал і асоба. Каб ім ста ць, неабходна пастаянна вучыцца. Метадычная работа з’яўляецца сродкам павышэння кампетэнцыі настаўніка і сродкам яго прафесійнага росту. Таму на будучыню плануем працягнуць навучанне педагогаў выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій, апрабацыю новых форм навучання, стварэнне персанальных сайтаў, пашырэнне геаграфіі ўзаемадзеяння з рознымі ўстановамі адукацыі.
— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў у рэалізацыі планаў!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.