“Для мяне грамадзянская пазіцыя — гэта вялікая любоў да Радзімы, сям’і, да працы, гэта жаданне прыносіць карысць сваёй любімай краіне“, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Алена Жураўлёва, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
— У разуменні свайго грамадзянскага абавязку праяўляецца тая самая пазіцыя, на якую арыентуецца грамадства ў цяперашні час. Толькі сілай розуму і закону можна захаваць парадак, паразуменне, агульны дабрабыт. Менавіта пра гэта я ўвесь час гавару сваім навучэнцам і калегам, заклікаю быць разважлівымі і адказнымі. Вытокі грамадзянскасці знаходзяцца ў нашай прыхільнасці да зямлі і дома, у надзеях, марах, спадзяваннях аб будучыні — у нашых патрыятычных пачуццях. Я настаўніца, і бачу сваю місію ў тым, каб быць для сваіх навучэнцаў прыкладам грамадзянскай актыўнасці, паслядоўнасці ў прыняцці рашэнняў, справядлівасці і законапаслухмянасці.
Настаўнік ва ўсе часы з’яўляўся правадніком сапраўднай маральнасці, грамадзянскасці, патрыятызму, сумленнасці і праўдзівасці. Вялікая яго роля і сёння, калі розумам і імкненнямі маладога пакалення маніпулюе велізарная, часта безаблічная інфармацыйная прастора. Уменне прымаць складаныя рашэнні, браць на сябе адказнасць за іншых, захоўваць аптымізм і падбадзёрваць іншых — гэта галоўныя складнікі грамадзянскай пазіцыі настаўніка. Аптымізм педагога перадаецца яго вучням, і гэта садзейнічае ўмацаванню перспектыў будучыні.
Адсутнасць мэты і жыццёвых планаў параджае прыстасаванства, апатыю, бяздзейнасць, якую моладзь запаўняе шкоднымі звычкамі, асацыяльнымі дзеяннямі. Жыццё цікавае, калі яно дзейснае і пазітыўнае! Мая грамадзянская пазіцыя фарміравалася ў сям’і, у працы і ў грамадскай дзейнасці. Мае бацькі выхоўвалі мяне патрыётам сваёй Радзімы. Яны самі заўсёды мелі актыўную жыццёвую пазіцыю. Мой бацька — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, мама — працаўніца тылу. У нашым доме беражліва захоўваліся сямейныя традыцыі, памяць аб продках. І гэтая каштоўнасць — у аснове маёй грамадзянскай пазіцыі. Сям’я — гэта малая радзіма, гэта аснова дзяржавы.
Мая праца, мая прафесія — самая вялікая ўзнагарода. Я ўдзячна Богу, сваім бацькам за правільны выбар жыццёвага шляху. Я шчаслівая ўжо больш за 30 гадоў працаваць у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Быць педагогам, настаўнікам настаўнікаў вельмі ганарова, але вельмі адказна; быць кіраўніком — адказна ўдвая, але вельмі цікава. У нашым каледжы мы ўвесь час рэалізуем праекты па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Змест мерапрыемстваў і акцый, пра якія можна даведацца з нашага сайта, — гэта і ёсць грамадзянская пазіцыя выкладчыка, настаўніка. Для мяне важна тое, што яна фарміруецца, стабілізуецца і крышталізуецца ў справе. Менавіта сумесная дзейнасць садзейнічае праяўленню лепшых якасцей і педагога, і навучэнца: асабістай адказнасці, умення валодаць сабой, прымаць рашэнні, адрозніваць хлусню і маніпуляцыі, прызнаваць памылкі і трымаць адказ перад сваёй сям’ёй, калегамі, дзяржавай.
Наша дарослая, дакладна вызначаная пазіцыя патрэбна нашым дзецям, бо яны не церпяць фальшу, славаслоўя і востра адчуваюць бессэнсоўнасць і пафаснасць.
Асабісты прыклад любові да сваёй прафесіі, жывая дзейнасць, сумесныя зносіны з навакольным светам, стварэнне новага — толькі гэтыя крокі дапамогуць выхаваць будучага педагога, чалавека неабыякавага да праблем грамадства, нашай дзяржавы.
Сёння я з’яўляюся сенатарам, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі адказна. Работа ў Савеце Рэспублікі — важная справа для мяне, магчымасць кожны дзень садзейнічаць развіццю маёй роднай Беларусі. Каб якасна выконваць работу сенатара, неабходна пастаянна цікавіцца палітычнымі працэсамі ў краіне, за яе межамі, вывучаць праблемы і сачыць за падзеямі. Вельмі важна ўнікаць у праблемы кожнага выбаршчыка, дзяліцца сваімі ідэямі і меркаваннямі з калегамі і навучэнцамі, прымаць актыўны ўдзел у вырашэнні надзённых пытанняў як асобнага чалавека, так і калектыву ў цэлым.
Грамадская дзейнасць навучыла мяне быць уважлівай да розных людзей, адрозніваць асобную думку ад крытыканства, а разгубленасць ад папушчальніцтва. Удзельнічаць у грамадска значных мерапрыемствах, жыва рэагаваць на падзеі грамадска-палітычнага жыцця краіны, добраахвотна ісці на дапамогу, ведаючы, што асабістыя выдаткі не папоўняцца, — гэта яшчэ адно з праяўленняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, якое даецца нашай моладзі складаней за ўсё. Вынік такой актыўнасці не заўсёды выклікае ў іх пачуццё задаволенасці ці карыснасці.
Так, усведамленне значнасці першага ўдзелу ў выбарах да сённяшніх 18-гадовых выбаршчыкаў прыйдзе з часам. Таму працэс падрыхтоўкі і ажыццяўлення гэтага палітычнага права нашым маладым пакаленнем мусіць быць адкрытым, празрыстым, зразумелым і арганізаваны на высокім узроўні. Выпрацаваная ў краіне выбарчая сістэма — прыклад даступнасці і дэмакратычнасці ў рэалізацыі палітычных свабод грамадзян краіны. Гэта мы падкрэсліваем, сустракаючыся з нашымі навучэнцамі, якія 26 студзеня 2025 года прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб зрабіць свой першы свядомы выбар і аддаць голас у падтрымку стабільнасці, развіцця, міру і дабрабыту.
Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта каледжа