Пра перавагі мэтавага накіравання, работу і захапленні, жыццёвыя прынцыпы і выхаванне школьнікаў — размова карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны Алесем Шышко.
Нечаканы прыклад
— Алесь Антонавіч, летась у Віцебску я заўважыла вас у вельмі падазронай кампаніі, разам з малалетнімі хуліганамі ў кепках…
— Значыць, гэта было ў верасні: наша выступленне на абласным этапе “SuperПРОФІ-2024”. На конкурс патрабавалася прадставіць творчы нумар — тое, чым я раней не займаўся. Што паказаць?! Сабраць-разабраць аўтамат на хуткасць? Банальна. Калі б месцам правядзення была вялікая адкрытая пляцоўка, то задумаўся б пра парашут, а так… Справіцца з задачай дапамагла наша дырэктар Ірына Рымдзёнак: патэлефанавала калегам, якія працуюць у сферы культуры, патлумачыла сітуацыю і папрасіла падтрымаць. Часу заставалася крытычна мала, таму мне параілі выбраць мастацкае чытанне. Давялося прымераць вобраз закаханага паэта-хулігана. Я чытаў верш Сяргея Ясеніна “Ліст да жанчыны”, у масоўцы былі трое нашых дзесяцікласнікаў. Сам, шчыра кажучы, баяўся сцэны, бо ў школьныя гады меў правальны вопыт вядучага мерапрыемства. Але настаўніку прафесія дыктуе пераадольванне. Не да комплексаў, калі за табой — твае вучні! Выступілі мы здорава, хаця на рэспубліканскі этап я тады не прайшоў.

— Вы згадалі не самы прыемны выпадак з навучэнскага мінулага. А чым добрым запомніліся гады цудоўныя?
— Школьныя гады ў мяне былі, як і ў большасці хлопцаў. Рознага хапала, разам з тым гэта насамрэч цудоўная пара. Пра педагогаў магу толькі добрае сказаць. Дзякуй, што многаму важнаму навучылі, змагаючыся з моцным сапернікам — нашай лянотай. Акрамя астатняга, настойліва стараліся пераканаць, што неабходна ўсвядомлена выбіраць прафесію. Аднак прызнаюся: я да апошняга не асабліва задумваўся, кім хачу стаць (хаця настаўнікам пра гэта, зразумела, не казаў). Нацэльваўся або за кампанію паступаць, або куды балаў хопіць. Тое, кім цяпер я працую ў роднай школе, нават уявіць сабе не мог.
Злавілі на бягу
— Тым не менш паступілі на педагагічную спецыяльнасць па мэтавым накіраванні. Як так?
— А мяне на бягу, як кажуць, злавіла наша начальнік аддзела па адукацыі Кацярына Міхнёнак. Летам перад 10 класам я стаў актыўна займацца спортам. Даўно збіраўся, толькі ўсё адкладваў на потым па сумна вядомым прынцыпе: сёння не, з наступнага панядзелка абавязкова пачну… Аднойчы над гэтым паразважаў і зразумеў, што хопіць чакаць. Пачаў рэгулярна бегаць, хадзіць на стадыён і ў трэнажорную залу. Калі бегаў па Шаркаўшчыне, неаднойчы трапляў на вочы Кацярыне Рыгораўне. Яна паназірала і вырашыла, што гэта яўна будучы фізрук да яе бяжыць. Даведалася, хто такі, адкуль. Напэўна, крыху расчаравалася, аднак ад сваіх намераў не адступіла. Пагаварыла з дырэктарам школы і настаўнікамі, пазнаёмілася з маімі бацькамі — і ўзяліся яны за мяне не на жарт. Прымусілі задумацца, у выніку сам захацеў паспрабаваць.
Пра бонусы пры паступленні з мэтавым накіраваннем мне патлумачылі, спортам я ўсё больш захапляўся, перспектыва працаваць настаўнікам не выклікала ўнутранага пратэсту — чаму б і не! Дакладна акрэсленая мэта заўсёды матывуе: нармальна ўзяўся за вучобу, сярэдні бал амаль да васьмі падцягнуў. Рыхтаваўся да ЦТ, адначасова — да профільнага ўступнага экзамену на факультэт фізкультуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава.
— З Шаркаўшчыны да Мінска прасцей дабірацца на грамадскім транспарце. Перавагі сталіцы відавочныя. Чаму выбралі Віцебск?
— Сталічнае жыццё мае не толькі перавагі. У прыватнасці, гэта горад вялікіх расходаў, я ж не хацеў абцяжарваць бацькоў. А галоўнае, Віцебск мне проста больш падабаецца. І ўніверсітэт спадабаўся, вучоба, студэнцкае жыццё. Спачатку я да яго прыглядаўся. Усё, што тычыцца спорту, — ахвотна і з задавальненнем. Пары — неабходнасць. У аб’яднанні па інтарэсах запісваюць па жаданні: значыць, можна не хадзіць. На канцэртах і гэтак далей быў я ў сціплай ролі гледача. Аднак з 3 курса падыходы рэзка змяніліся: “Хочаш удзельнічаць?” — “Не тое, каб…” — “Будзеш!” Прычым не паспрачаешся. Галоўны аргумент — жыллё. Інтэрнат мэтавікам прадастаўлялі на 1—2 курсах, далей не ўсё так адназначна: маглі і адмовіць. На карысць станоўчага рашэння ўплывала паспяховасць у вучобе плюс актыўны ўдзел у факультэцкіх і ўніверсітэцкіх мерапрыемствах. Яшчэ пасадзейнічала знаёмства з Глебам Масалавым. Па сёння з ім сябруем. Глеб Валер’евіч працуе настаўнікам фізкультуры і здароўя ў Ноўцы Віцебскага раёна. У студэнцкія гады мы ўдваіх сталі зоркамі факультэта. Трэба сказаць, абодва не іграем на музычных інструментах, спяваем так сабе, акцёры з нас таксама сумніўныя, таму бралі харызмай, гумарам і крэатывам.
З арміі — у ваенрукі
— Не было жадання застацца ў абласным цэнтры?
— Нядаўна мы паглядзелі добры фільм “Класная”. Там абыграны эпізод, калі маладую настаўніцу чакаюць у сталічнай гімназіі. Пра альтэрнатывы яна не думае, а на размеркаванні яе адпраўляюць у сельскую мясцоваць. У мяне такога па азначэнні не магло здарыцца. Я мэтавік, таму элементарна не марнаваў час на іншыя думкі і прыкладна ўяўляў, што чакае далей. Ключавое слова — прыкладна. Пару тыдняў працаваў па спецыяльнасці, ледзь паспеў асвоіцца ў роднай школе як настаўнік — і прывітанне: армія. Паколькі ва ўніверсітэце на ваеннай кафедры атрымаў званне лейтэнанта, то мяне прызвалі як афіцэра, неўзабаве прызначылі камандзірам узвода. Адпаведна, рабочыя і выхадныя дні, зарплата — у прынцыпе ўсё добра. Зыходзячы з сённяшняга вопыту, магу сказаць: камандзір узвода, па сутнасці, той жа класны кіраўнік, толькі працуе з дарослымі крыху ў іншых умовах. І з маёй цяперашняй педагагічнай дзейнасцю паралелі відавочныя.
— Праўда, што з арміі вы трапілі адразу ў кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні?
— Калі служыў, то падтрымліваў сувязі з дырэктарам школы і настаўнікамі. Ірына Рычардаўна ўгаварыла паспрабаваць сілы на новай пасадзе, якую толькі-толькі ўводзілі. Прычым я дэмабілізаваўся 13 верасня, для мяне з пачатку навучальнага года трымалі вакансію. Між іншым рэдкі выпадак: нямнога такіх маіх калег у краіне, хто быў заяўлены на пасаду, знаходзячыся на ваеннай службе. Напрацаваны армейскі вопыт мне дапамог адаптавацца і штодзень дапамагае ў рабоце.
Ваенрук — гэта не пра тое, што ты загадаў зычным голасам і дзеці дружным строем рушылі выконваць. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні абавязаны найперш выхоўваць.
Вучыць рабіць правільны выбар, адказваць за свае словы і ўчынкі, браць адказнасць і быць адказным. Калі даў слова, ты павінен яго стрымаць. Хаця гэта складнік выхаваўчай работы кожнага педагога — фарміраваць упэўненасць у сваіх дзеяннях і словах.
— У чым заключаецца работа кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні?
— У школьным ваенна-патрыятычным выхаванні ўзаемазвязаны гісторыя, ідэалогія, спорт і прафарыентацыя. Мая прыярытэтная задача — каб гэтая сістэма працавала эфектыўна. Арганізуем мітынгі і памятныя акцыі, якія фарміруюць у дзяцей пачуццё грамадзянскай адказнасці і павагі да дзяржаўных сімвалаў. Разам з калегамі наладжваем сустрэчы школьнікаў з былымі воінамі-інтэрнацыяналістамі і малалетнімі вязнямі канцлагераў. Гэта трэба дзецям, каб лепш разумелі цану міру і велічнасць подзвігу. Таксама запрашаем у школу ваенных і супрацоўнікаў сілавых структур, наведваем з дзецьмі вайсковыя часці і ведамствы. Гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць навучэнцам вызначыцца з выбарам прафесіі, свядома падысці да будучай службы. Плюс турзлёты, страявыя і тактычныя заняткі, ваенна-спартыўныя гульні. Дадаём работу з архівамі, школьнай Кнігай Памяці і алеяй Памяці, збор і даследаванне матэрыялаў пра землякоў-герояў, догляд вайсковых пахаванняў, удзел у тэматычных конкурсах. Далёка не ўсё пералічыў, толькі асноўнае. Работа вялікая, у яе актыўна ўключаны ўвесь калектыў ад дырэктара да навучэнцаў, іх бацькі не застаюцца ўбаку. Напрыклад, першая восень, калі я заступіў на пасаду, запомнілася нашым камандным удзелам у акцыі “Сад надзеі” і праекце “Парк сямейных дрэў”. Неабходна яшчэ адзначыць развіццё міжнародных кантактаў. Гэта тым больш важна, бо мы — Школа міру. Зноў, каб не быць галаслоўным, прывяду канкрэтны прыклад: мы плённа супрацоўнічаем з Піскоўскай сярэдняй школай Пскоўскага раёна.
У школьным авангардзе
— Чыя была ідэя даць школьнаму ваенна-патрыятычнаму клубу назву “Авангард”?
— Я прыдумаў, вучні падтрымалі, кіраўніцтва адобрыла і зацвердзіла. Шчыра кажучы, ідэя ўзнікла па зусім непедагагічнай аналогіі. У той час я паралельна думаў над назвай клуба і прыглядаўся да аўто, бо хацеў купіць сабе. Вось і прыцягнула ўвагу слова “авангард”. Хто ў тэме пра папулярныя лупатыя іншамаркі, мяне зразумее. Далей пайшла думка працаваць: “Авангард — перадавое вайсковае фарміраванне, яно па азначэнні наперадзе — астатнія рухаюцца ўслед. Гучыць запамінальна, па тэматыцы ідэальна падыходзіць. Прапаную такую назву”. Цяпер любыя значныя школьныя падзеі адбываюцца выключна з нашым удзелам. Сцяганосная група ў нас добрая, без яе не абыходзіцца практычна ніводная ўрачыстасць.
— У вас ёсць вольны час? Чым тады займаецеся?
— Вось адкажу, што ёсць, а дырэктар інтэрв’ю прачытае — і больш не будзе. Жарт. Ёсць, канечне ж, і дастаткова. Праўда, часта ў вольны час я разам з вучнямі здымаю відэасюжэты для школы, мне гэта падабаецца рабіць. Асобны мой настаўніцкі гонар — прызавое месца вучаніцы ў рэспубліканскім конкурсе відэаролікаў “Звяртаюся да вас, у чэрвень 41-га”. Дзяўчына, дарэчы, плануе стаць настаўніцай матэматыкі і фізікі. І сваім кантэнтам займаюся. Не так даўно завяршыў чэлендж у сацыяльных сетках: на працягу 30 дзён бегаў па 5 кіламетраў штодзень і расказваў пра гэта аўдыторыі, якая на мяне падпісана. Сачылі ўважліва. Спадзяюся, хтосьці ўзяў прыклад. Сам я вялікі аматар бегу на доўгія дыстанцыі, удзельнічаю ў рэспубліканскіх марафонах. Кіраўніцтва да падобных маіх паездак адносіцца неадназначна. Здагадваюся, што асцерагаюцца: ці не збягу з Шаркаўшчыны?
— Не збежыце?
— Пасля адпрацоўкі тэрміну па мэтавым накіраванні падпісаў кантракт на 5 гадоў.
— Раней прагучала — “майго класа”. Вы, атрымліваецца, яшчэ і класны кіраўнік?
— Так. Сёлета мой клас ужо выпускны — столькі разам зроблена і перажыта! Ведаеце, з першага моманту нашы адносіны складваліся нетыпова. Калі збіраўся знаёміцца з васьмікласнікамі, то дэталёва прадумваў кожную сваю фразу, загадзя падрыхтаваў падрабязны сцэнарый з варыянтамі. Але зайшоў у клас і раптам адчуў: не падыходзіць, трэба імправізаваць. Сказаў вучням, што ў першую чаргу буду для іх старэйшым братам, а потым класным кіраўніком і кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Старэйшы брат — той, з кім можна падзяліцца хвалюючым, даверыць сакрэт, звярнуцца па дапамогу ці параду. І адначасова той, хто ўважліва назірае за кожным, справядліва ацэньвае ўчынкі, мае права на строгасць. На гэтым грунтуюцца нашы адносіны… Калі адчуваю, што для дзяцей я больш чым настаўнік, — гэта заўсёды натхняе. Для мяне каштоўныя іх давер і павага. Мы разам радуемся перамогам і вучымся на няўдачах, без якіх жыццё таксама не абыходзіцца. Варта дадаць, што мая асноўная пасада на паводзіны класа ўсё ж паўплывала. На школьныя даручэнні навучэнцы майго класа рэагуюць па-армейску: “Ёсць!” Бо дысцыпліна, працавітасць і творчаць у нас у пашане, лайдацтва не вітаецца катэгарычна.
— Як дабіцца такога выніку?
— Вучыць на ўласным прыкладзе. Трэба быць, а не здавацца.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





