Алея Маці ў Барунах

Ушанаванне жанчыны-маці ў нашай школе мае сваю традыцыю. Сярод шматлікіх свят, якія мы адзначаем, Дзень маці займае асаблівае месца: гэта свята, да якога ніхто не можа быць абыякавым. 15 кастрычніка школа гасцінна адчыніла дзверы для матуль, запрошаных на святочны канцэрт, які прайшоў у актавай зале.

Жанчын павіншавалі не толькі дзеці (падрыхтавалі музычныя нумары), але і начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская і ксёндз Юрый касцёла Святых Пятра і Паўла ў Барунах. Затым свята прадоўжылася на прышкольным участку. Усе навучэнцы ўстановы — ад дашкольнікаў да вучняў 11 класа — выйшлі на закладку алеі Маці.

Асаблівасцю гэтага свята стаў сумесны клопат дзяцей і матуль: закіпела праца. Дружна, з энтузіязмам узяліся за справу. Прыемна было глядзець на дашкалят, якія стараліся з усіх сіл: падносілі ваду, засыпалі лункі, аказвалі ўсялякую магчымую дапамогу. Кожны клас і дашкольная група пасадзілі сваё дрэва, якое стане сімвалам любові да малой радзімы. Каля кожнага дрэўца паставілі таблічкі з інфармацыяй аб удзельніках акцыі.

Пройдуць гады, вырастуць дзеці, і разам з імі вырасце алея — цудоўны напамін пра школьныя гады.

Алена БРАЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы
Барунскага ВПК яслі-сад — сярэдняя школа Ашмянскага раёна.