Алея першакласнікаў

Вакол сярэдняй школы № 4 Магілёва заклалі алею першакласнікаў. Ініцыятыву пасадкі дрэў праявілі дзеці і іх бацькі. Кіраўніцтва ўстановы незвычайную ідэю падтрымала.

Сёлета атрымліваць веды ў школу № 4 прыйшоў 51 першакласнік. На пачатку верасня ўсе яны паўдзельнічалі ў пасадцы дрэў. Разам з бацькамі і сваімі першымі настаўніцамі дзеці пасадзілі маладыя туі.

— Закладка алеі — падзея, якая мае вялікае значэнне. На працягу 11 гадоў хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць назіраць за ростам дрэўцаў, якія яны пасадзілі ў пачатку свайго школьнага шляху, даглядаць іх. Мерапрыемства таксама важнае і ў плане экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Якавенка.

Ва ўстанове адукацыі спадзяюцца, што такія падзеі стануць добрай традыцыяй. Так, напрыканцы гэтага навучальнага года тут маюць намер закласці яшчэ і алею выпускнікоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.