Алею Касманаўтаў заклалі ў Цэнтральным батанічным садзе

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску прайшоў на высокім узроўні. Аб гэтым заявіў лётчык-касманаўт СССР ураджэнец Беларусі Пётр Клімук.

“Да гэтага я пабываў на трох або чатырох кангрэсах. Лічу, што форум у Мінску атрымаўся адным з самых лепшых. У Беларусі ўсё было арганізавана на самым высокім узроўні, — сказаў Пётр Клімук. — Для мяне вялікім шчасцем было сустрэцца з іншымі касманаўтамі і астранаўтамі. Я шмат гадоў кіраваў Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў і ўсіх ведаю. Цікава было даведацца, як яны жывуць, чым цяпер займаюцца”.

Лётчык-касманаўт Алег Навіцкі, таксама ўраджэнец Беларусі, адзначыў, што многія ўдзельнікі кангрэса пабывалі ў краіне ўпершыню. “Усім удзельнікам спадабаўся прыём, добрыя адносіны беларусаў, прастата, прыстойнасць, гасціннасць. Упэўнены, што яны раскажуць самае лепшае пра нашу краіну і паток жадаючых наведаць Беларусь павялічыцца”, — дадаў ён.

У апошні дзень форуму ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўдзельнікі кангрэса заклалі алею Касманаўтаў. Кожны касманаўт пасадзіў калонападобны ядловец, крона якога мае форму ракеты.

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў прайшоў у Мінску 9—15 верасня. У ім удзельнічалі больш за 80 касманаўтаў з 17 краін. Тэма кангрэса — “Мы ствараем касмічную будучыню”.