Алгарытм перамогі

На 26-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Тайбэі (Тайвань) беларускія школьнікі заваявалі тры медалі. У спаборніцтвах прыняло ўдзел больш 300 школьнікаў з 83 краін. Да арганізацыі алімпіяды мелі дачыненне Тайваньскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і спонсары вядучых сусветных ІТ-кампаній. Падрабязней аб гэтых выпрабаваннях нам расказала кіраўнік беларускай дэлегацыі загадчык кафедры інфарматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа Ірына Фёдараўна Кірыновіч.

Сёлета ў склад беларускай каманды ўвайшлі навучэнцы з трох рэгіёнаў нашай краіны. Сярод іх Аляксей Вісцяж, дзесяцікласнік іўеўскай сярэдняй школы № 1, які атрымаў сярэбраны медаль (настаўнік — Васіль Вацлававіч Кеўра), Барбара Кускова, навучэнка 10 класа гімназіі № 1 Віцебска, — у яе бронзавы медаль (настаўніца — Вераніка Паўлаўна Лакціна), Дзіма Дзямідка, навучэнец 11 класа Гомельскага джяржаўнага абласнога ліцэя, які заваяваў бронзавы медаль, і Фёдар Карабейнікаў, навучэнец 8 класа гімназіі № 51 Гомеля (іх настаўнік — Міхаіл Сямёнавіч Далінскі).
Адметны факт, што ўпершыню ў гісторыі нацыянальнага алімпіяднага руху медалём на міжнародных спаборніцтвах па інфарматыцы была ўзнагароджана дзяўчынка.
Падтрымаць школьнікаў на сёлетняй алімпіядзе вырашыў Сяргей Кулік (ён паехаў у Тайвань) — тройчы пераможца міжнародных спаборніцтваў па інфарматыцы (у мінулым годзе ён таксама быў узнагароджаны залатым медалём). Зараз ён студэнт 1 курса БДУ.

Падрыхтоўкай дзяцей да алімпіяды займаліся асістэнт кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Толсцікаў і былыя пераможцы алімпіяд мінулых гадоў, у тым ліку Аляксей Сікорскі (кіраўнік кампаніі “Яндэкс Бел”), і студэнты БДУ і БДУІР. Умовы правядзення адборачнага этапу перадалімпіядных збораў (калі непасрэдна фарміравалася каманда) былі максімальна набліжаны да ўмоў міжнародных спаборніцтваў. Школьнікам прапаноўваліся рэдкія і незнаёмыя задачы, рашэнні якіх яны не маглі нідзе адшукаць. Новыя заданні для алімпіяднікаў складалі і самі выкладчыкі. Калі каманда была сфарміравана, для яе наладзілі трэніровачныя зборы, падчас якіх школьнікі рашалі ўжо больш-менш вядомыя задачы. Штодзённыя заняткі падчас збораў доўжыліся каля 6 гадзін.
Сёлетняя мiжнародная алімпіяда стала мерапрыемствам высокага ўзроўню з удзелам першых асоб краiны. Алімпіяда традыцыйна праходзіла ў два туры. Падчас кожнага з іх школьнікі рашалі па тры задачы. Трэба было справіцца з імі за 5 гадзін. Школьнікам прапанавалі задачы алгарытмічнага характару, рашаючы якiя яна павінны былі прадэманстраваць вельмi высокi ўзровень пабудовы складаных алгарытмаў і выкарыстання складаных структур даных, навыкі праграмавання і тэсціравання.
Для рашэння кожнай задачы алімпіяднікі складалі праграму, якая для пэўнага набору ўваходных даных давала дакладны вынік. Пры гэтым можна было выкарыстоўваць адну з дзвюх моў праграмавання: мову Паскаль або С++. У кожнай задачы былі свае падзадачы, за правільнае рашэнне якіх таксама налічвалася пэўная колькасць балаў. Максімальна за дасканалае рашэнне адной задачы можна было атрымаць 100 балаў. Па 600 балаў — “залаты” максімум — на алімпіядзе ўзялі чацвёра школьнікаў: з ЗША, Кітая, Аўстраліі і Расіі.

“Усе задачы спаборніцтваў мелі крэатыўны характар. Трэба было не проста ўзгадаць і занатаваць усім вядомы алгарытм або прымяніць вядомую тэарэму, а адшукаць новую ідэю і спосаб рашэння, праявіць арыгінальны падыход і атрымаць пры гэтых умовах правільны вынік, — расказала Барбара Кускова. — Кожны школьнік меў магчымасць прадставіць свой працэс рашэння, і ён мог адрознівацца ад таго, які прапаноўвалі аўтары задачы. Вельмі важна на алімпіядзе рацыянальна размеркаваць адведзены на выкананне заданняў час. Калі бачыш, што ўсе задачы рашыць не паспяваеш, трэба выбраць аптымальны варыянт дзеянняў. Не варта, на мой погляд, усе 5 гадзін рашаць адну задачу з трох і атрымаць усяго 100 балаў. Можна за больш кароткі час рашыць напалову дзве задачы і атрымаць па 50 балаў за кожную — і ў цябе будзе магчымасць пчаць рашэнне яшчэ адной і ў выніку атрымаць большую колькасць балаў”.
Дзяўчына ўпэўнена, што сёлетняга поспеху на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы яна дасягнула ў многім дзякуючы сваёй цудоўнай настаўніцы Вераніцы Паўлаўне Лакцінай, якая з самых першых урокаў сарыентавала Барбару на паглыбленае вывучэнне прадмета, на ўдзел у алімпіядах. (Да творчай і плённай работы з Барбарай у педагога ўжо былі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд.) Сёння дзяўчына па ўсіх прадметах вучыцца на 9-10 балаў, але ўжо канчаткова вырашыла, што жыццё звяжа з ІТ-сферай. Каб дасягнуць поспеху ў гэтай прафесіі, лічыць Барбара, ёй трэба яшчэ шмат чаму навучыцца, а плануе яна паступаць на ФПМІ БДУ.

Спачатку ў беларускіх школьнікаў быў доўгі пералёт з дзвюма перасадкамі. Нягледзячы на пяць гадзін розніцы ў часе, спёку каля 40 градусаў і высокую вільготнасць паветра, Тайвань уразіў сваёй экзотыкай і самабытнасцю. На алімпіядзе адчувалася напружаная псіхалагічная атмасфера, паколькі спаборніцтва праходзіла ва ўмовах сур’ёзнай канкурэнцыі паміж школьнікамі. Тым не менш юным беларусам хапiла сіл прадэманстраваць свету высокі ўзровень падрыхтоўкі, а таксама прыняць удзел у насычанай і цікавай культурнай праграме. Школьнікі паездзілі з экскурсіямі па Тайвані — востраве ў Ціхім акіяне, а па яго сталіцы, горадзе Тайбэі, можна сказаць, павандравалі з будучага ў мінулае — настолькі там разнастайная архітэктура. Ёсць і старыя вёскі і небаскробы. Пакарылі дзяцей і тайваньскія горы, багаты раслінны і жывёльны свет. Яны наведалі нацыянальныя музеі, храм, Цэнтр рамёстваў, паглядзелі пастаноўку тайваньскага лялечнага тэатра, не абышлі ўвагай і сувенірныя магазіны, парк адпачынку з атракцыёнамі, аквапарк і ўбачылі адзін з самых высокіх будынкаў у свеце — 101-павярховы гандлёвы цэнтр “Тайбэй-101”, дзе “курсіруюць” самыя хуткія ліфты ў свеце.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.