Не проста даць веды, а выхаваць і дапамагчы вучням знайсці сваё месца ў жыцці. У гэтым бачыць галоўную педагагічную задачу настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Кіраўска Валянціна Яскевіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На педагагічны шлях Валянціна Валер’еўна ў свой час стала свядома. Пайшла па слядах дзядулі, працягнула сямейную дынастыю.
— Дзядуля настаўнічаў добрасумленна і самааддана. Менавіта яго стаўленне да справы натхніла мяне на педагогіку. Паступіла на гістарычны факультэт БДУ і яшчэ падчас першай практыкі зразумела: з выбарам прафесіі не памылілася, — падзялілася Валянціна Яскевіч.
Маладым педагогам Валянціна Валер’еўна вярнулася на малую радзіму — у Кіраўскі раён. Спачатку вучыла дзятву ў вёсцы Барчыцы, а пасля прыйшла выкладаць гісторыю ў родную навучальную ўстанову.
— Я скончыла 2-ю гарадскую школу, і так выйшла, што ўжо амаль трыццаць гадоў працую тут настаўніцай. Гэта вялікая адказнасць. Заўсёды з цеплынёй прыгадваю сваю школьную пару і хачу, каб у маіх вучняў засталіся такія ж успаміны, — паведаміла Валянціна Яскевіч.
За тры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці Валянціна Валер’еўна выбудавала ўласныя алгарытмы паспяховага навучання. У іх аснове — цікавасць навучэнцаў да вучэбных прадметаў.
— Каб зацікавіць дзяцей, чагосьці звышнатуральнага не патрабуецца. Дастаткова звязаць вучобу з рэальнасцю, прыводзіць даступныя прыклады, паказваць, што гісторыя і грамадазнаўства акружаюць нас усюды, што гэта не толькі даты і падзеі, але і людзі. Цікавасць да прадмета развіваецца і дзякуючы прыкладу настаўніка. Калі педагог працуе заўзята, то і навучэнцы заразяцца гэтым энтузіязмам, — упэўнена Валянціна Яскевіч.
На ўроках Валянціна Валер’еўна гарманічна спалучае традыцыйныя і сучасныя адукацыйныя методыкі. Педагог шырока прымяняе тэхналогію крытычнага мыслення, віртуальныя экскурсіі, інтэлектуальныя гульні, праектную тэхналогію. Неабходным яна лічыць і праблемны дыялог, узаемадзеянне з вучнямі.
— Імкнуся рабіць урокі асэнсаванымі і займальнымі. Для мяне важна, каб вучні працавалі самастойна, вучыліся самі знаходзіць адказы на пытанні, аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы. Гэтыя навыкі дапамагаюць адрозніваць праўду ад выдумкі і фэйкаў. Цяпер, калі многія спрабуюць перапісаць гісторыю, гэта асабліва значна, — пераканана Валянціна Яскевіч.
У сваёй рабоце Валянціна Валер’еўна робіць упор і на выхаванне вучняў. Яна стараецца быць для школьнікаў арыенцірам, словамі і ўчынкамі закладваць у іх высокія маральныя каштоўнасці.
— Вучу сваіх выхаванцаў дабрыні, чуласці, спагадлівасці. Сярод ключавых якасцей вылучаю таксама грамадзянскасць і патрыятызм. І ў гэтым кірунку ўрокі гісторыі і грамадазнаўства маюць выключны выхаваўчы патэнцыял. Быць патрыётам — значыць ведаць мінулае сваёй краіны. А гісторыя дзяржавы пачынаецца з гісторыі асобнай сям’і, вёскі ці горада. На гэта заўсёды звяртаю ўвагу дзяцей. Мае вучні даследуюць біяграфіі сваіх продкаў, іх лёсы і дасягненні. Мы разам арганізоўваем рэгулярныя вандроўкі па Кіраўску, вывучаем малавядомыя факты, звязаныя з вуліцамі ці будынкамі райцэнтра, — расказала Валянціна Яскевіч.
Фарміраваць у навучэнцаў любоў да Радзімы настаўніцы дапамагае школьны краязнаўчы музей, якім яна кіруе. Валянціна Валер’еўна праводзіць тут урокі, выкарыстоўвае канкрэтныя экспанаты для ўзмацнення эмацыянальнага складніка заняткаў.
— Далучаю да дзейнасці музея і саміх дзяцей. Яны прымаюць удзел у папаўненні экспазіцый, выступаюць у ролі экскурсаводаў. У музейным пакоі сустракаемся з ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай вайны. Гутаркі атрымліваюцца вельмі пранікнёнымі. Мае вучні цвёрда ведаюць, што захоўваць гістарычную памяць аб гераічным подзвігу салдат-вызваліцеляў — іх абавязак, — заўважыла Валянціна Яскевіч.
У ліку педагагічных прыярытэтаў Валянціны Валер’еўны — раскрыццё вучнёўскіх талентаў. Яна рыхтуе дзяцей да алімпіяд, творчых і даследчых конкурсаў. І робіць гэта вынікова — навучэнцы паказваюць высокі ўзровень ведаў і дасягаюць поспехаў.
— Да кожнага вучня шукаю падыход. У класе займаю аўтарытэтную пазіцыю, але знаходжуся ў пастаянным кантакце з дзецьмі, бачу іх настрой, паважаю пункт гледжання. Пазітыўныя ўзаемаадносіны шмат у чым уплываюць на вучэбную паспяховасць, — падкрэсліла Валянціна Яскевіч.
Плённая работа настаўніцы неаднаразова адзначалася. Яна ўзнагароджана граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад. Сёлета была названа лепшай па прафесіі на Кіраўшчыне сярод работнікаў сферы адукацыі.
— Прафесійныя перамогі — гэта прыемна, але больш радуюць вучні. Яны выходзяць са сцен школы патрыётамі, цудоўнымі маладымі людзьмі, выхаванымі і ўпэўненымі ў сабе. Мноства выпускнікоў звязалі прафесійную будучыню з гісторыяй, некаторыя пайшлі педагагічным шляхам. Разуменне таго, што ў гэтым ёсць і мая маленькая заслуга, неверагодна матывуе. Пакуль хопіць сіл, буду працягваць укладваць добрае і вечнае ў новыя пакаленні навучэнцаў, — запэўніла настаўніца.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара