Алімп пакараецца толькі таленту і майстру

Геаграфія — цудоўная навука, але ж гэтая цудоўнасць залежыць ад таго, як яе выкладаць. Добры настаўнік — сапраўдны сябар. Устойлівае меркаванне сцвярджае: які прадмет, такі і настаўнік. Скажу інакш: які настаўнік, такі і прадмет.

Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі Алена Сяргееўна Роўбуць лічыць, што нічога не бывае дарэмна і карпатлівая работа абавязкова дасць вынік. Працавітасць, бязмежная цярплівасць, давер і ўменне быць прыкладам ва ўсім, строгасць і мяккасць — тое, што дазваляе Алене Сяргееўне дасягаць высокіх вынікаў у рабоце, захапляць геаграфіяй цікаўных навучэнцаў, іх бацькоў і нас, педагогаў-калег.

Алена Сяргееўна працуе ў нашай гімназіі больш за 30 гадоў і сваім прыкладам натхняе ўвесь педагагічны калектыў на вынік, вучыць працаваць над сабой, станавіцца сапраўдным педагогам. Яна штодзень умела спалучае ў сабе мноства прафесій: настаўніка, геадэзіста, гіда, глебазнаўца і менеджара па турызме… За гады работы Алена Сяргееўна выпрацавала сваю тактыку і стратэгію работы з навучэнцамі і змагла вывесці іх на перамогі рэспубліканскага ўзроўню. Так, на працягу апошніх дзесяці гадоў яе навучэнцы — Ягор Александровіч, Міхаіл Канановіч, Міхаіл Шамяціла, Максім Бароўскі, Настасся Татарынчык, Настасся Барташэвіч — гэта ўдзельнікі і пераможцы трэцяга і заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. З кожным годам гэты спіс толькі павялічваецца, бо галоўная мэта настаўніка — выхаваць такога вучня, які перавышаў бы яго па ведах.

Зыходзячы з магчымасцей кожнага навучэнца, Алена Сяргееўна ўмела аб’ядноўвае навучэнцаў розных класаў у каманду аднадумцаў на факультатыўных занятках, ствараючы сітуацыю поспеху і атмасферу творчага пошуку. Падтрымка творчай ініцыятывы настаўніка, стварэнне неабходных умоў для рэалізацыі здольнасцей навучэнцаў даюць станоўчыя вынікі, якія высока адзначаюцца калегамі, навучэнцаў і бацькоў.
Чым вышэйшы дасягнуты вынік, тым большая адказнасць перад дзецьмі, іх бацькамі і калегамі, упэўнена наша гераіня. І ў любой сітуацыі Алена Сяргееўна стараецца знайсці станоўчыя бакі. Праблемы, якія ўзнікаюць, яна вырашае з усмешкай, а па жыцці крочыць толькі з добрым настроем.

Аксана БУРАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *