Сплаў на байдарках, праходжанне паласы перашкод, перацягванне каната. На працягу двух дзён на беразе ракі Іслач у Валожынскім раёне выбіралі самых разумных, моцных і крэатыўных. XV спартыўна-адукацыйны форум працоўнай моладзі “Алімпія” сабраў 600 чалавек і 13 каманд з усёй краіны. У іх ліку і каманда маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”. Арганізаваны форум Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам спорту і турызму і Мінскім аблвыканкамам.
Дэвіз сёлетняга форуму — “За Беларусь!”. Гэтай тэматыцы было прысвечана і цэнтральнае мерапрыемства першага дня — адкрыты дыялог “Беларусь: учора, сёння, заўтра”. У ім прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
У карысці такіх сустрэч і для краіны, і для самой моладзі Ігар Петрышэнка ўпэўнены. “Моладзь — магутная стваральная сіла, — адзначыў ён. — Такая сіла павінна быць у кожнай дзяржаве, і мы цэнім, што яна ёсць у нас — прыгожая, адукаваная, таленавітая. Тое, якімі думкамі і надзеямі жыве сёння моладзь, мы павінны разам з ёй трансфармаваць у рэальныя справы. Падчас такіх гутарак мы даведваемся, як адпачывае моладзь, якімі відамі спорту займаецца, як выбудоўвае паўнавартасныя ўзаемапаважлівыя сямейныя адносіны”.
Звяртаючыся да моладзі ў імправізаванай зале на паляне, Ігар Петрышэнка, сказаў: “Немагчыма фарміраваць маладзёжную палітыку без вас, бо вашы прапановы — нестандартныя, яны падштурхоўваюць нас бегчы хутчэй, скакаць далей і вышэй, каб не спазніцца. Не толькі кожнаму на сваім месцы, але і не спазніцца ў развіцці нашай краіне, у развіцці тых тэхналогій, якія ёсць, у развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншага”.
“Адкрыты дыялог — гэта выдатная камунікацыйная пляцоўка і добрая традыцыя, закладзеная БРСМ для зносін моладзі і ўлады, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Сённяшняя дыскусія аб’яднала моладзь розных узростаў і сацыяльных груп з усіх куткоў Беларусі. Мы гатовы да адкрытага дыялогу з моладдзю краіны. Думаю, такая шчырая размова ідзе на карысць усім. У першую чаргу нашай краіне, таму што ўсім нам разам будаваць будучыню”.
У гутарцы са спікерамі юнакі і дзяўчаты задавалі пытанні на самыя розныя тэмы. Абмяркоўвалі важнасць дзяржаўнай падтрымкі моладзі, валанцёрскі рух, прэстыжнасць сельскагаспадарчых прафесій, фэйкавую інфармацыю ў сетцы. Гутарка тычылася і пытання ўзмацнення кантролю за якасцю харчовых прадуктаў, якія выпускаюць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, набыцця выпускнікамі УВА, якія вучыліся платна, статусу маладых спецыялістаў, мэтазгоднасць уключэння валанцёрскай дзейнасці ў заканадаўчае поле і інш.
Так, жыхарка Полацка звярнулася да Аляксандра Турчына з пытаннем, як павысіць прэстыж аграрных прафесій, на што той адказаў: “На мой погляд, у сферы сельскай гаспадаркі важныя тры рэчы: узровень заработнай платы, камфортныя ўмовы для пражывання, зручны графік працы і наяўнасць выхадных і адпачынкаў. Калі ёсць гэтыя тры складнікі, сельская гаспадарка будзе запатрабавана ў моладзі”.
Ігар Карпенка ў адказ дадаў, што і Мінадукацыі падставіла плячо мясцовым уладам і прадпрыемствам у гэтым кірунку: “Сёння важна падрыхтаваць матываванага спецыяліста. Так, упершыню сёлета ў нас ёсць выпуск аграрных класаў. Яны атрымліваюць прэферэнцыі пры паступленні ў аграрныя УВА: могуць паступаць толькі па выніках субяседавання. На жаль, летась на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці назіраўся недабор, спадзяюся, у гэтым годзе сітуацыя зменіцца. Мы ідзём насустрач адно аднаму і такім чынам будзем павышаць прэстыж прафесіі сельскага працаўніка”.
Гаворачы пра падтрымку маладых спецыялістаў, у прыватнасці ў жыллёвым пытанні, Ігар Петрышэнка расказаў, што Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне, каб моладзь, якая заключае кантракт на 5 гадоў, працуючы ў сацыяльнай сферы, сістэме адукацыі, ахове здароўя, культуры, сацыяльнай абароны, атрымлівала арэнднае жыллё без чаргі з захаваннем пастаноўкі чаргі на жыллё па месцы сваёй працы.
Маладая спецыялістка з Мінскага аўтамабільнага завода агучыла праблему вельмі маруднага прасоўвання чаргі на жыллё. Па яе словах, з 2500 чалавек больш за 1000 складаюць маладыя людзі да 31 года. І яна папрасіла дапамагчы палепшыць жыллёвыя ўмовы моладзі шляхам прадастаўлення жыллёвых пляцовак для будаўніцтва шматкватэрных дамоў ці маладзёжных пасёлкаў. Ігар Петрышэнка паабяцаў прапрацаваць гэтае пытанне з кіраўніком МАЗа і зазначыў, што было б карысна нават аб’явіць такое будаўніцтва маладзёжнай будоўляй.
Адзін з супрацоўнікаў Беларускай чыгункі расказаў, што многія яго знаёмыя ствараюць сем’і ва ўзросце каля 35 гадоў і тым самым пазбаўляюцца льгот для маладой сям’і. Ён пацікавіўся, ці можна перагледзець на дзяржаўным узроўні гэтую планку — 31 год — і афіцыйна павысіць узрост моладзі. На гэта Ігар Петрышэнка адзначыў, што факт страты статусу маладой сям’і таксама можа быць стымулюючым фактарам для моладзі браць адказанасць за сваю будучую сям’ю своечасова, да 31 года. А ва ўзросце 35 гадоў, па яго меркаванні, гэта ўжо сталыя людзі, якія могуць паўнацэнна прыносіць карысць сваёй краіне, а не чакаць ад яе льгот.
Спікеры звярнулі ўвагу і на дапамогу ад студэнтаў падчас пандэміі. Так, Карына, студэнтка віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, падзялілася вопытам працаўладкавання студэнтаў у абласную бальніцу Віцебска і сваёй уласнай працы там.
Аляксей Галкін, старшыня інтэлектуальнага клуба Цэнтра культуры Віцебска, агучыў сваю прапанову: “Развіццё інтэлектуальнага руху ў нашай краіне — як школьнага, так і студэнцкага — праходзіць эфектыўна і дынамічна. Напрыклад, у Гомелі праводзяцца Кубак Еўропы для школьнікаў, а ў Мінску — Кубак Еўропы для студэнтаў. Гэта адны з найбуйнейшых турніраў у свеце ў гэтых намінацыях. Для працоўнай жа моладзі гэтага недастаткова, і таму сумесна з Віцебскім абласным камітэтам БРСМ мы арганізавалі турнір “Славянка”, які ладзіцца ў Полацку і 3 гады запар уваходзіць у намінацыю лепшых турніраў свету. Але нам больш няма куды расці. І такому росту паслужыла б арганізацыя чэмпіянату свету па гульні “Што? Дзе? Калі?” у Беларусі. Я хачу папрасіць дапамогі ў арганізацыі правядзення гэтага мерапрыемства ў Мінску. Калі будзе наша згода, Міжнародная асацыяцыя клубаў “Што? Дзе? Калі?”, кампанія “Гульня ТБ” ужо гатовы прапанаваць нам для правядзення 2023 год”.
На гэта Ігар Карпенка адказаў, што якраз цяпер складаецца новая дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” і можна проста ўключыць гэтае мерапрыемства ў план. І дадаў, што сёння наша краіна здольна праводзіць мерапрыемствы самага высокага ўзроўню — ад спартыўнага да інтэлектуальнага кірункаў.
Было закранута ўдзельнікамі і пытанне аднаўлення ў краіне спартыўных клубаў па месцы жыхарства. Гэтая ініцыятыва таксама была падтрымана спікерамі. У прыватнасці, Ігар Карпенка лічыць, што пачаць іх аднаўляць варта на базе школьных спартзал, а Аляксандр Турчын расказаў пра планы ў гэтым кірунку ў сталічным рэгіёне. У прыватнасці, на форум ён прыехаў з Салігорска, дзе абмяркоўвалася перспектыва будаўніцтва залы гульнявых відаў спорту і парка атракцыёнаў.
Завяршыўся вечар над Іслаччу для ўдзельнікаў фестывалю песнямі пад гітару каля вогнішча, што дазволіла сабрацца з сіламі перад другім днём.
Другі дзень “Алімпіі” быў насычаны спартыўнымі чэмпіянатамі і творчымі конкурсамі. Гэта камандныя і індывідуальныя спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, перацягванні каната, тэхніцы пешаходнага турызму, сплаву на байдарках, дваровыя і настольныя гульні.
Лепшых у намінацыі “За творчую Беларусь!” вызначалі конкурсы візітных картак, бівакоў і гатавання страў, вячэрняя творчая праграма, а таксама майстар-класы. Адукацыйны кірунак быў прадстаўлены інтэлектуальным турнірам, інтэрактыўнымі і адукацыйнымі тэматычнымі пляцоўкамі, трэнінгамі і майстар-класамі. Фінальным акордам “Алімпіі” стала ўрачыстае закрыцце форуму і ўзнагароджанне пераможцаў па выніках конкурсных выпрабаванняў у трох намінацыях.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.