Алімпіяда для асаблівых дзяцей

- 12:40Навіны рэгіёнаў

Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця валодаюць рознымі талентамі. Больш за тое, яны таксама, як і іх здаровыя аднагодкі, імкнуцца дэманстраваць свае здольнасці, развіваць свае ўменні і навыкі.

На Магілёўшчыне выяўленню і падтрымцы найбольш здольных навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўдзяляецца павышаная ўвага. Акрамя правядзення рэспубліканскіх конкурсаў, якія спрыяюць развіццю інклюзіўных працэсаў у адукацыі, у вобласці арганізоўваюць падобныя рэгіянальныя мерапрыемствы. Адным з такіх з’яўляецца абласная алімпіяда па працоўным навучанні для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.
Удзельнікі гэтай алімпіяды — лепшыя навучэнцы 8—10 класаў дапаможных школ і інтэграваных класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Лепшыя, без ніякага перабольшання, бо каб выйсці ў фінал алімпіяды, дзеці праходзяць сапраўдны конкурсны адбор.
— Наша алімпіяда прадугледжвае два туры. Спачатку вызначыліся лідары сярод раёнаў і гарадоў, якія сталі фіналістамі. Яны і спаборнічалі за канчатковую перамогу, — расказала вядучы спецыяліст аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Дзіна Лазуркіна.
Па словах Дзіны Міхайлаўны, алімпіяда выклікае ў асаблівых дзяцей значную цікавасць.
— У мінулым годзе, калі алімпіяда толькі ўзнікла, яе ўдзельнікамі былі звыш 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяперашняя ж алімпіяда сабрала больш за 150 вучняў, — адзначыла субяседніца.
Канкурэнцыя на першым туры алімпіяды была немалая, аднак 30 удзельнікаў з ёй паспяхова справіліся. Усіх іх чакаў абласны этап спаборніцтва, які прайшоў на базе Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Гэтая ўстанова невыпадкова была выбрана месцам правядзення заключнага тура абласной алімпіяды. З 2014 года школа-інтэрнат працуе ў інавацыйным рэжыме і з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай па тэме “Апрабацыя метадычных рэкамендацый па рэалізацыі праграмы выхаваўчай работы “Грамадзянін. Працаўнік. Сем’янін”. Адміністрацыя навучальнай установы пераканана — праца дазваляе дзецям з АПФР знайсці сваё месца ў жыцці. У навучальнай установе ёсць свой сад, цяпліцы, сельскагаспадарчая тэхніка. Сіламі педагогаў і навучэнцаў тут вырошчваюцца агародніна, садавіна, што дазваляе значна разнастаіць і зрабіць таннейшым меню школьнай сталовай. Працоўныя навыкі выхаванцы школы-інтэрната набываюць таксама ў сучасных швейнай, сталярнай, малярнай майстэрнях. Менавіта наяўнасць выдатнай матэрыяльнай базы і вопыту ў гэтым напрамку і стала вызначальнай пры выбары Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната ў якасці месца правядзення фіналу абласной алімпіяды.
Да ганаровай місіі прымаючага боку бялыніцкія педагогі і навучэнцы падышлі з усёй адказнасцю. Для ўдзельнікаў алімпіяды ў Бялынічах арганізавалі насычаны вольны час. Фестываль памяці, прысвечаны 70-годдзю Перамогі, псіхалагічныя трэнінгі, сяброўскія спартыўныя спаборніцтвы па валейболе, футболе, тэнісе, канцэрты, дыскатэка і нават тэатральная пастаноўка! Шырокая праграма мерапрыемстваў дала дзецям магчымасць пазнаёміцца паміж сабой. Такім чынам, алімпіяда стала для ўдзельнікаў не толькі выпрабаваннем на веды і ўменні, але і знамянальнай падзеяй у школьным жыцці.
— Мы ўжо другі раз удзельнічаем у алімпіядзе, і нам усё вельмі падабаецца. Тут было цікава, мы паказалі, што ўмеем, а яшчэ пазнаёміліся з хлопцамі і дзяўчатамі з іншых школ, павесяліліся на дыскатэцы, — падзяліліся ўражаннямі прадстаўнікі дапаможнай школы Магілёва Вольга Балабаева і Арцём Сілін.
Педагог па працоўным навучанні школы Наталля Ржэвуцкая адзначыла значнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, бо яны стымулююць асаблівых дзяцей на ўдасканаленне сваіх працоўных і лідарскіх навыкаў.
І сапраўды, да перамогі на алімпіядзе імкнуўся кожны з 30 удзельнікаў. Спаборнічалі яны ў веданні тэорыі працоўнага навучання, а таксама ў практычных уменнях па гэтым школьным прадмеце. Напрамкі практычнага тура былі розныя. Адны ўдзельнікі дэманстравалі навыкі ў апрацоўцы драўніны, другія — у апрацоўцы тканіны, трэція паказвалі, якія яны агароднікі, а чацвёртыя выконвалі рамонтна-будаўнічыя работы ў побыце.
Як заўважыла член журы метадыст Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Мацюшонак, усе ўдзельнікі паказалі дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі.
— У мінулым годзе дзеці выступілі добра, а ў гэтым — яшчэ лепш. Яны проста малайцы! Характэрна, што дзякуючы якаснай арганізацыі алімпіяда стала для навучэнцаў не проста шансам паказаць сябе, а сапраўдным святам, — падкрэсліла Таццяна Васільеўна.
Святам стала і цырымонія ўзнагароджання. Заслужанымі прызавымі дыпломамі былі адзначаны 18 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дыпломы І ступені атрымалі вучань Лабанаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Яўген Рабуха, вучні Каменскай дапаможнай школы-інтэрната Бабруйскага раёна Уладзіслаў Крычко і Аляксей Мазураў, вучні Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Вадзім Дземідзенка і Аліна Траскевіч, навучэнец Раснянскай дапаможнай школы-інтэрната Дрыбінскага раёна Ян Максімаў. Пераможцы і прызёры абласной алімпіяды атрымалі ва ўзнагароду ганаровыя дыпломы і прызы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, а таксама каштоўныя падарункі ад Беларускага дзіцячага фонду. Але і астатнія ўдзельнікі не пакінулі мерапрыемства з пустымі рукамі, ім уручылі заахвочвальныя прызы і дыпломы ўдзельнікаў.
Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Яўгенаўна Сысой, якая прысутнічала на закрыцці алімпіяды, на працоўнае навучанне ў дапаможных школах у старшых класах адводзіцца ад 8 да 10 вучэбных гадзін у тыдзень. Гэта адзін з вядучых вучэбных прадметаў у сістэме работы па сацыяльнай адаптацыі выпускнікоў.

Ганна СІНКЕВІЧ.
Фота аўтара.