Алімпіяда для маладых матэматыкаў

Лепшых маладых матэматыкаў Беларусі і блізкага замежжа сабрала напрыканцы лютага Міжнародная адкрытая алімпіяда Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Ідэя арганізаваць матэматычныя інтэлектуальныя спаборніцтвы з мэтай выяўлення адораных маладых людзей, умацавання сувязей паміж ВНУ і развіцця супрацоўніцтва ўзнікла ў БРУ пяць гадоў назад. Тады ўдзел у спаборніцтвах прынялі толькі беларускія і расійскія студэнты. Аднак з кожным годам алімпіяда набірала ўсё большую папулярнасць, пашыраўся геаграфічны дыяпазон удзельнікаў і іх колькасць. Так, у гэтым годзе ў матэматычных спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за пяцьдзясят студэнтаў і аспірантаў з 25 вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Славеніі, Казахстана і Польшчы.
Для перамогі разумнікам і разумніцам матэматычнага профілю трэба было на працягу пяці гадзін выканаць трыццаць заданняў рознага ўзроўню складанасці з такіх абласцей матэматыкі, як алгебра, аналіз сапраўдны і комплексны, геаметрыя, камбінаторыка. Дарэчы, як адзначыў член аргкамітэта алімпіяды дацэнт кафедры “Вышэйшая матэматыка” БРУ Віталь Замураеў, алімпіядныя заданні былі прадстаўлены ў форме тэстаў, што адрознівае магілёўскую алімпіяду ад іншых падобных.
— Увогуле наша алімпіяда працягвае даўнія традыцыі студэнцкіх матэматычных алімпіяд, але ў той жа час мае і свае асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад іншых існуючых матэматычных спаборніцтваў. Напрыклад, правядзенне яе ў форме тэсціравання. Перавага была аддадзена менавіта такому спосабу арганізацыі спаборніцтваў таму, што гэта дазваляе выключыць пры ацэньванні работ якую-небудзь суб’ектыўнасць. Акрамя таго, падчас выканання ўдзельнікамі алімпіядных заданняў выкладчыкі і кіраўнікі каманд маюць магчымасць прыняць удзел у рабоце круглага стала па пытаннях матэматычнай адукацыі ў ВНУ, — паведаміў Віталь Генадзьевіч.
Сёлета, па словах Віталя Замураева, склад удзельнікаў быў вельмі моцны. Але мацнейшым за астатніх аказаўся аспірант Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Баскаў, які і заваяваў 1 месца. Студэнт Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта Пірахмад Алімджані стаў другім, а студэнт Новасібірскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Дзмітрый Абухоў — трэцім. Пераможца і прызёры алімпіяды атрымалі дыпломы адпаведных ступеняў, медалі і памятныя прызы.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *