Алімпіяда для педагогаў

Штогод тысячы навучэнцаў бяруць удзел у прадметных алімпіядах. Да гэтых інтэлектуальных стартаў іх рыхтуюць настаўнікі, задача якіх — не толькі даць веды, але і падтрымаць сваіх выхаванцаў. Аказаць падтрымку будзе лягчэй, калі на ўласным вопыце адчуеш усе складанасці гэтага шляху. Менавіта такую магчымасць педагагічным работнікам дае алімпіяда, якая трэці раз прайшла ў Мінскай вобласці.

Алімпіяда дыстанцыйная і накіравана на павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў Мінскай вобласці па ключавых напрамках сучаснай педагагічнай практыкі, а таксама ўкараненне імі ў навучанне найноўшых прыёмаў, метадаў, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Кожны год алімпіяда для педагагічных работнікаў праводзіцца па розных прадметах. Сёлета гэта былі фізіка і грамада­знаўства. (Усяго ж за тры гады правядзення ўдзельнікі маглі прадэманстраваць веды па 11 навучальных прадметах.) Дарэчы, удзель­нічаць маглі настаўнікі, незалежна ад прадмета, які выкладаюць. Усё, што патрабавалася, — персанальны камп’ютар з доступам у інтэрнэт і жаданне праверыць свае сілы. Каб ва ўдзельнікаў не ўзнікала пытанняў наконт выканання заданняў, напярэдадні ўпершыню прайшоў вэбінар, дзе тлумачыліся парадак правядзення алімпіяды, правілы рэгістрацыі і іншыя пытанні.

Алімпіяда праводзілася ў сістэме дыстанцыйнага навучання Мoodle і прадугледжвала два этапы. Першы этап не патрабаваў прадастаўлення ўласных даных. Удзел у ім узялі 619 педагогаў: 303 — па фізіцы і 316 — па грамадазнаўстве. На гэтым этапе настаўнікам былі прапанаваны тэсты з пытаннямі адкрытага і закрытага тыпаў. Каб пра­доўжыць удзел у спаборніцтве, неабходна было справіцца з паловай заданняў першага тура, што ўдалося многім удзельнікам. Жадаючыя з іх ліку рашалі заданні другога этапу: 296 педагагічных работнікаў (93 — па фізіцы і 203 — па грамадазнаўстве). У гэтым туры па грамада­знаўстве прапаноўваліся тэсты з розных раздзелаў прадмета: філасофіі, эканомікі, палітыкі і інш. Фізікі ж атрымалі для рашэння 5 задач, дзве з якіх — аўтарскія і былі складзены спецыяльна для гэтай алімпіяды.

76 удзельнікаў другога этапу дыстанцыйнай алімпіяды, якія паспяхова выканалі не менш за 50% заданняў, атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў. 34 педагогі адзначаны дыпломамі I, II і III ступені.

Дыпломам I ступені ў алімпіядзе па фізіцы ўзнагароджаны два прадстаўнікі гімназіі № 1 Барысава — Яўген Яўгенавіч Валынец і Аляксандр Цярэнцьевіч Каранюк. Таксама дыплома найвышэйшай ступені ўдастоены Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў, настаўнік сярэдняй школы № 1 Смілавіч.

Дыплом I ступені ў алімпіядзе па грамадазнаўстве атрымалі шэсць педагогаў. Трое з іх — прадстаўнікі Клецкага раёна: Раман Мікалаевіч Слонім, выкладчык Даматканавіцкай сярэдняй школы, Вольга Мікалаеўна Абабурка, настаўніца клецкай сярэдняй школы № 3, і яе калега Вераніка Аляксандраўна Бабіч. Таксама дыплом І ступені заваявалі Арцём Юр’евіч Харашэй, выкладчык  Вілейскага дзяржаўнага каледжа, Сяргей Уладзіміравіч Очтаў, намеснік дырэктара  Дорскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна, Мікалай Вадзімавіч Чуйко, настаўнік гімназіі № 3 Салігорска.

Адметна, што сярод пераможцаў ды­станцыйнай алімпіяды ёсць педагогі, што падрыхтавалі вучняў, якія мелі поспехі на трэцім і заключным этапах рэспублікан­скай алімпіяды. Напрыклад, Яўген Яўгенавіч Валынец. З 1990 года яго выхаванцы паспяхова ўдзельнічаюць у Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы. За гэты час настаўнік падрыхтаваў 89 дыпламантаў трэцяга этапу, 53 пераможцы заключнага этапу. Паспяхова яны выступалі на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы, Міжнароднай алімпіядзе па эксперыментальнай фізіцы IEPhO і іншых значных інтэлектуальных спаборніцтвах. Відавочна, што таленты педагогаў увасабляюцца ў дасягненнях іх навучэнцаў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.