Алімпіяда “Тэрыторыя аграведаў”

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Абласную алімпіяду для навучэнцаў профільных класаў аграрнай накіраванасці правялі на Магілёўшчыне.

Пераможца алімпіяды — вучаніца Гарбацэвіцкай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Кацярына Куксёнак.

Як паведаміла начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА С.В.Селязнёва, інтэлектуальнае спаборніцтва праводзілася з мэтай удасканалення форм і метадаў праф­арыентацыйнай работы з вучнямі профільных класаў аграрнай накіраванасці.

— Алімпіяда “Тэрыторыя аграведаў” была арганізавана ў рэгіёне ўпершыню. Тым не менш яна выклікала вялікую ціка­васць сярод навучэнцаў. Яе ўдзельнікамі сталі 102 вучні 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці, у якіх функцыяну­юць агракласы. Заданні распрацавалі спецыялісты Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі сумесна з выкладчыкамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, — расказала Святлана Васільеўна.

Паводле яе слоў, алімпіядныя заданні складаліся з тэста, які ахопліваў усе тэмы, што вывучаюцца на факультатыўных занятках у аграрных класах. Пытанні тычыліся агранаміі, заатэхніі, механізацыі, ветэрынарыі. На выкананне заданняў адводзілася 80 мінут. Праверка ажыццяўлялася аўтаматычна сродкамі сэрвісу Google Forms.

Па выніках алімпіяды яе пераможцай стала вучаніца Гарбацэвіцкай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Кацярына Куксёнак. Дзяўчына прадэманстравала бліскучыя веды і набрала максімальную коль­касць балаў. Таксама на алімпіядзе вызначыліся навучэнцы з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Бялынiцкага, Глускага, Кiраўскага, Бабруйскага, Клiчаўскага раёнаў. Усе прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.