Алімпіядны рэйтынг

- 14:53Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Падчас жнівеньскай канферэнцыі ў Магілёве ўзнагародзілі прызёраў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

У рэгіёне вялікая ўвага ўдзя­ляецца рабоце з адоранымі дзецьмі. Асаблівы ўпор у гэтым кірунку робіцца на развіццё алімпіяднага руху. Склалася станоўчая сістэма работы, якая дае адпаведныя вынікі: сёлета на заключным этапе алімпіяды вучні заваявалі 90 пераможных дыпломаў. Гэта лепшы паказчык за апошнія 10 гадоў. Магілёўская вобласць заняла трэцяе месца ў камандным заліку сярод рэгіёнаў краіны.

Лідар алімпіяднага рэйтынгу — Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3, навучэнцы якога заваявалі 11 дыпломаў. Вучні Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 і гімназіі № 3 Магілёва атрымалі па 5 дыпломаў. Увогуле, кожны з пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд на ўласным прыкладзе прадэманстраваў узор высокай матывацыі да вучобы, волі і імкнення да перамогі. 

— Дзяржава з любоўю і пяшчотай ставіцца да падрастаючага пакалення, клапоціцца аб тым, якімі вырастуць нашы дзеці. Вельмі важна, што ў алімпіядным руху Магілёўская воб­ласць апынулася ў тройцы лідараў. Мы ў цэлым маем нямала важкіх перамог. Няхай і далей усе вашы мары рэалізуюцца, — пажадаў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка.

Некаторыя педагогі здолелі падрыхтаваць па некалькі прызёраў алімпіяд. Напрыклад, пад кіраўніц­твам настаўніка фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Анд­рэя Бязлепкіна перамогі дасягнулі тры навучэнцы.

— Заўважыць высокаматываваных вучняў і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча — недастаткова. Трэба здолець раскрыць патэнцыял, матываваць дзіця. А ўжо потым — прытрымлівацца трох складальнікаў поспеху: абапірацца на фізічныя і інтэ­лектуальныя магчымасці навучэнца, правільна выбудоў­ваць вучэбна-трэніровачны працэс, падтрымліваць ціка­васць. Падрыхтоўка да ўдзелу ў алімпія­дзе — вельмі карпатлівая праца. Але лічу, што ўключэнне фізкультуры ў алімпіядны рух было абсалютна правільным рашэннем. Прадмет стаў больш папулярным сярод навучэнцаў. Адмет­насць нашай алімпіяды ў тым, што неабходна ведаць тэорыю і быць у добрай фізічнай форме, каб прадэманстраваць належныя спартыўныя вынікі. Гэта дазваляе дзецям усебакова і гарманічна развівацца. Для перамогі важная і псіхалагічная падтрымка. Заўсёды ўсяляю ў сваіх вучняў надзею і веру ў сябе, — паведаміў педагог. 

Падчас урачыстасці ўсім лепшым навучэнцам уручылі заслужаныя ўзна­гароды. Разам з дасягненнямі дзяцей была адзна­чана і добрасумленная праца настаўнікаў, трэнераў каманд. Усяго ганаровыя дыпломы і прэміі атрымалі 178 чалавек.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.