Напярэдадні Дня настаўніка ў Ліцэі БДУ міністр адукацыі С.А.Маскевіч сустрэўся з пераможцамі міжнародных алімпіяд і кіраўнікамі каманд. Разам з ім віншавалі вучняў і абмяркоўвалі далейшае ўдасканаленне алімпіяднай сістэмы ў нашай краіне намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, прарэктар БДУ па навуковай рабоце А.А.Івашкевіч і дырэктар Ліцэя БДУ В.Э.Матуліс.
“Віншую вас з паспяховым выступленнем”, — з такімі словамі звярнуўся да таленавітай моладзі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Для нас гэта вельмі важна: і для Міністэрства адукацыі, і для рэспублікі, і для кіраўнікоў каманд. Мы чакалі ад вас перамог, таму што вы сур’ёзна рыхтаваліся”. Сёлета беларускія школьнікі 44 разы падымаліся на міжнародны п’едэстал. Як трымаць і падымаць гэтую планку — свае прапановы і бачанне выказвалі кіраўнікі каманд і алімпіяднікі.
“У апошнія гады ўсё большую папулярнасць набірае наша беларуская рэспубліканская алімпіяда па фізіцы, — адзначыў А.І.Слабадзянюк, кіраўнік каманды па фізіцы на міжнароднай алімпіядзе. — Яна становіцца адкрытай. У мінулым годзе ў заключным этапе прымалі ўдзел не толькі беларусы, прыязджалі таксама каманды з Расіі і Казахстана. Выказваюць жаданне прыязджаць і прадстаўнікі іншых краін”.
А вось вопыту ўдзелу ў падобных замежных спаборніцтвах нацыянальных каманд не заўсёды хапае. Аб гэтым гаварылі ўсе кіраўнікі каманд, і справа не толькі ў сродках. “Згодна з Палажэннем аб алімпіядзе, удзельнічаць у заключным этапе могуць пераможцы папярэдняга этапу (абласныя алімпіяды, мінская гарадская, алімпіяда Ліцэя БДУ). На час правядзення абласных алімпіяд у нашай краіне выпадае, напрыклад, прэстыжная Жаўтыкаўская алімпіяда па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, якая праходзіць у казахстанскім горадзе Алматы”, — адзначыў А.І.Слабадзянюк. Таму школьніку трэба выбіраць паміж рэспубліканскай і замежнай міжнароднай. І шалі схіляюцца ў бок айчыннай. Каб усё ж такі даць магчымасць набрацца вопыту ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах і не прапусціць беларускія, будуць уносіцца карэктывы ў Палажэнне аб рэспубліканскай алімпіядзе.
Перамога на алімпіядзе — гэта заўсёды талент і мэтанакіраваная работа настаўнікаў, выкладчыкаў і вучняў. Таму без арганізаванай падрыхтоўкі на рэспубліканскім узроўні не абысціся. Ядром можа стаць Цэнтр па падрыхтоўцы да алімпіяды з адгалінаваннямі ў рэгіёнах. Менавіта такая прапанова гучала на круглым стале. “Адзін цэнтр у Мінску гэтай праблемы не вырашыць, — адзначыў А.І.Слабадзянюк. — Зараз, напрыклад, школьнікі Нясвіжа і Барысава кожную суботу прыязджаюць у Мінск і займаюцца на фізічным факультэце БДУ. Аднак з усёй рэспублікі ў Мінск ездзіць не будзеш”.
Пераможцы напружана рыхтаваліся на працягу года. З імі працавалі як настаўнікі, так і ўніверсітэцкія выкладчыкі. “Для шасці-, сямі-, васьмікласнікаў вы сапраўдныя свяцілы, — звярнуўся да алімпіяднікаў, якія толькі выпусціліся са школы, В.М.Хвалюк, кіраўнік каманды на міжнароднай алімпіядзе па хіміі. — Знайдзіце сабе школьніка і дзяліцеся тым, што ведаеце. Калі вы яго зачэпіце, крышку падцягнеце, гэта будзе яшчэ адзін пераможца”. Такая практыка навучання ўжо ёсць. Як адзначыў дырэктар Ліцэя БДУ В.Э.Матуліс, студэнты, асабліва 2 і 3 курса, прыходзяць і займаюцца з алімпіяднікамі. Аднак тут узнікае іншая загваздка: іх немагчыма аформіць нават як настаўнікаў факультатыўных заняткаў. Гэта парушэнне працоўнага заканадаўства. Як адзначыў С.А.Маскевіч, гэтае пытанне будзе абавязкова вырашацца.
На алімпіядзе шукаюць самых таленавітых, таму 50-працэнтны бар’ер — менавіта столькі заданняў трэба рашыць, каб атрымаць дыплом, С.А.Мазанік, кіраўнік каманды па матэматыцы на міжнароднай алімпіядзе лічыць неапраўданым. “На алімпіядзе мы павінны даваць такія задачы, каб іх маглі рашыць 1, 2, максімум 3 удзельнікі. Менавіта такіх мы і шукаем. З гэтым бар’ерам мы вымушаны не даваць такіх задач”.
З задачамі на міжнароднай алімпіядзе школьнікі спраўляюцца добра. Яшчэ большае пачуццё годнасці нашых пераможцаў адчуваецца, калі ведаеш, што яны змагаюцца са старэйшымі сапернікамі. Як расказаў С.С.Секержыцкі, кіраўнік беларускай каманды на міжнароднай алімпіядзе па астраноміі, ліцэі ў многіх краінах школьнікі заканчваюць у 19, амаль 20 гадоў. І мы з імі спаборнічаем са сваімі 16 — 18-гадовымі школьнікамі і дасягаем такіх поспехаў”.