Алімпізм у стылі FAIR PLAY

Днямі ў прэс-цэнтры Нацыянальнага алімпійскага камітэта падведзены вынікі рэспубліканскай акцыі “Алімпізм і моладзь”. У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел генеральны сакратар НАК Георгій Васільевіч Катулін, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык і першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Славіевіч Гагіеў.

Нагадаем, што рэспубліканская акцыя “Алімпізм і моладзь” праводзілася з лістапада па снежань мінулага года. У гэты перыяд установы адукацыі краіны праводзілі “Малыя алімпійскія гульні”, спаборніцтвы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, масавыя спартыўныя святы, дні здароўя, выставы малюнкаў і плакатаў на алімпійскую тэматыку, творчыя сустрэчы навучэнцаў з чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, свету і Еўропы, майстар-класы па розных відах спорту. Для педагогаў і спецыялістаў фізічнай культуры і спорту былі арганізаваны рэгіянальныя семінары па алімпійскай адукацыі.
Урачыстыя мерапрыемствы па падвядзенні абласных этапаў акцыі яшчэ ў снежні прайшлі ў Слуцку (Мінская вобласць), Шклове (Магілёўская вобласць), Навагрудку (Гродзенская вобласць), Светлагорску (Гомельская вобласць), Паставах (Віцебская вобласць) і Мінску. У выніку лепшымі гарадамі па арганізацыі акцыі сёлета прызнаны Мазыр, Светлагорск і Слуцк. А лепшым рэгіянальным прадстаўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта па ўкараненні алімпійскай адукацыі названа прадстаўніцтва Брэсцкай вобласці.
Конкурс плакатаў у стылі FAIR PLAY, які быў аб’яўлены сярод навучэнцаў і студэнтаў, сабраў 995 работ. Сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пераможцай названа Наталля Даленка з сярэдняй школы №6 Віцебска. Героямі яе плаката сталі беларускія спартсмены Аляксандр Мядзведзь і Уладзімір Самсонаў, вядомыя не толькі сваім прафесіяналізмам, але і адданасцю прынцыпам сумленнай гульні.
Сярод плакатаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі лепшай прызнана работа Максіма Апановіча з Жодзінскага прафесійнага ліцэя. “Людзі не марыянеткі, — сцвярджае Максім, — беражыце жыццё саперніка!”Карына Капкова (Горацкі педагагічны каледж).
Пераможцай конкурсу сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі стала Карына Капкова з Горацкага педагагічнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Сюжэтнай лініяй яе плаката можна назваць выбар, перад якім аказваюцца тысячы спартсменаў: допінг або сумленны спорт? “Не трапляй у гэтую яму!» — прызывае Карына Капкова.
Сярод плакатаў спартсменаў-навучэнцаў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў лепшай названа работа Ірыны Карпенка з СДЮШАР №9 па вольнай барацьбе і баскетболе Гомеля. А пераможцам сярод студэнтаў стаў Кірыл Бяззубік, які прадстаўляе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Яго дэвізам з’яўляюцца словы: “Далоў перамогу любой цаной!”
Яшчэ адным конкурсам, прызваным папулярызаваць алімпійскія ідэі сярод моладзі, стаў конкурс сачыненняў “О спорт! Ты — дойлід! Ты робіш нас моцнымі, спрытнымі…”. Сярод 497 работ, дасланых на конкурс, кампетэнтнае журы выбрала трох пераможцаў. Першае месца атрымала сачыненне Марыі Уткевіч з гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска. Яе работа пабудавана ў форме дыялогу паміж настаўнікам фізкультуры і бацькамі. «Навошта быць фізічна развітым дзіцяці, калі будучыня за сілай інтэлекту?» — задаюць пытанне бацькі. У адказ настаўнік прыводзіць ім прытчу, як па моры плывуць паэт і спартсмен.
— Ці чытаў ты Гамера? — пытаецца паэт. — Не? Ты страціў палову жыцця!
— А ці ўмееш ты плаваць? — пытаецца ў паэта спартсмен, калі моцны ўраган перавярнуў іх карабель. — Не? Ты страціў жыццё!
Другое месца ў гэтай намінацыі атрымала работа Дзяніса Супруна з сярэдняй школы № 9 Слоніма. Трэцяе месца — сачыненне Рамана Шчэрбы з сярэдняй школы № 2 Капыля. Віншуем пераможцаў!

Наталля АЛЁХІНА.

aliohina@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.