“Алмаз” на адпачынку

З 26 па 31 сакавіка ў Верамейскай сярэдняй школе Чэрыкаўскага раёна працаваў ваенна-спартыўны лагер дзённага знаходжання “Алмаз”. Назву абралі ў гонар спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

На першы погляд, распарадак дня лагера нічым не адрозніваўся ад лагераў дзённага знаходжання школьнікаў. Навучэнцы рабілі зарадку, хадзілі на сняданак, потым — мерапрыемствы, абед, вяртанне дадому. Але гэта толькі вонкавае падабенства… Унутры атрада ўсё было інакш.

Мэта работы лагера — павысіць цікавасць да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і актывізаваць патрыятычнае стаўленне да гісторыі нашай Радзімы. З першага ж дня пачалася страявая падрыхтоўка. Далей заняткі праходзілі з выкарыстаннем пнеўматычнай вінтоўкі Іжэўскага завода і копіі легендарнага пісталета Макарава.

Жаданне запісацца ў лагер выказалі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. І, што самае цікавае, у стральбе і разборцы пісталета яны не саступалі хлопцам.

Пасля стральбы пачалася адпрацоўка навыкаў работы з процівагазам. Дзеці вучыліся не толькі хутка апранаць процівагаз, але і выконваць практыкаванні паласы перашкод у баявой сітуацыі.

Быў арганізаваны паход у лес на пікнік. Па дарозе дзеці ўбачылі некалькі месцаў, звязаных з баявымі дзеяннямі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, балота каля зоны адпачынку аграгарадка. У гады вайны тут нямецкі бамбардзіроўшчык скінуў снарад. Мэтай была чыгуначная станцыя. Але з-за вялікай вышыні фашысты прамахнуліся. Спачатку ямка стала сажалкай, а потым зацягнулася ў балота.

Бліжэй да лета калектыў узвода плануе арганізаваць трохдзённы паход на месца апошняга бою камандзіра партызанскага атрада “Анатоль”.

Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.