Алёна ЛАНСКАЯ: "Калі нечаму наканавана адбыцца, яно адбудзецца"

- 15:03Моя школа

Сённяшнюю госцю праекта “Мая школа”, нягледзячы на яе малады ўзрост, добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Яна атрымлівае мяхі лістоў з розных краін свету, а песня “Solayoh”, якую яна выканала на “Еўрабачанні-2013”, стала абсалютным хітом летняга сезона ў Іспаніі. Сваімі ўражаннямі пра школьнае жыццё сёння з чытачамі “Настаўніцкай газеты” дзеліцца Алёна Ланская.

— Алёна, як пачаўся ваш шлях на вялікую сцэну?
Год я працавала ў Беларусбанку. За тры месяцы я навучылася майстэрству работы ў банку і, як мне здаецца, працавала даволі добра.

— Якія ўспаміны захаваліся ад школьных гадоў?
— Маёй першай настаўніцай была Алена Браніславаўна Хаманенка. Калі я вучылася ў 28-й школе Магілёва, пачатковыя класы знаходзіліся ў асобным будынку. А першай вывяла мяне на школьную сцэну, заўважыўшы мае здольнасці, настаўніца спеваў Ірына Пятроўна Кулініч.

Я была вельмі энергічным дзіцем, і мяне хапала на многае: наведвала гурткі, спявала ў хоры, у народным калектыве. Потым атрымалася так, што я стала ўдзельніцай адразу некалькіх мастацкіх калектываў Магілёва: пры Палацы культуры чыгуначнікаў, Палацы культуры імя Куйбышава, гарадскім цэнтры культуры і г.д. На навагодніх святах я заўсёды выконвала ролю Снягурачкі. Кожны выпускны і канцэрт не абыходзіўся без майго ўдзелу, і мяне ведала ўся школа.

Адзіным вольным днём была субота. У гэты дзень мы ехалі на дачу, але ў нядзелю раніцай вярталіся назад, бо мне трэба было бегчы на заняткі гуртка батанікі. Мне гэта падабалася, таму на ўсё хапала часу. Ды і сёння я прытрымліваюся меркавання, што калі ты нечым вельмі хочаш заняцца — няхай гэта будзе ёга, фітнес, паход у кіно ці ў тэатр, на гэта абавязкова знойдзецца час.

— Ці былі любімыя прадметы?
— Канечне, былі. Безумоўна, спевы. Таксама любіла матэматыку, а вось з фізкультурай асабліва не сябравала. Ну не валодала я прыроднай гнуткасцю… І па кросе ў мяне быў стабільны “траяк”. Але калі становішся больш дарослым, узнікае імкненне да самаўдасканалення: зараз, калі займаюся ў трэнажорнай зале, прабягаю 5–7 кіламетраў па дарожцы або праязджаю 20–25 кіламетраў на велатрэнажоры.

— Ці часта бываеце ў сваёй школе?
— Мы жылі вельмі блізка ад школы (зараз у той кватэры жыве старэйшая сястра з сям’ёй), і калі я бываю ў Магілёве, вельмі часта заходжу ў школу.

— Відаць, у школе вас больш вабіла творчая самарэалізацыя?
— Так, школу я любіла, але не любіла вучыцца. Мне гэта здавалася вельмі сумным. А вось зносіны з сябрамі, пазашкольныя мерапрыемствы і падрыхтоўка да іх мне вельмі падабаліся. Я заўсёды была першай на ўроках абслуговай працы. Мне не падабалася штодзённая руцінная работа. І калі я стала працаваць у банку, неяк злавіла сябе на думцы: “Божачкі, няўжо ўсё жыццё я буду так працаваць…” і вырашыла нешта мяняць.

— Як вы можаце ахарактарызаваць тую сістэму выхавання, што панавала ў вашай сям’і?
— Не скажу, што ў нашай сям’і было вельмі строгае выхаванне, але, як і любыя бацькі, мае тата і мама вельмі хваляваліся за мяне. Бацька быў вельмі строгім са мной, але я была татавай дачкой: заўсёды атрымлівала дататковую цукерку ці марожанае…

На першую дыскатэку бацькі мяне адпусцілі, калі мне было 14 гадоў. Гэта была вясковая дыскатэка ў клубе (калі мы адпачывалі на дачы). Бацькі загадалі нам з сяброўкай вярнуцца не пазней за 11 гадзін, але мы спазніліся… на 7 хвілін і наганяй атрымалі па поўнай праграме.

— За што было самае строгае пакаранне?
— Тады, калі я вырвала з дзённіка старонку з тройкай… Я была харашысткай, і за ўвесь час навучання ў школе ў мяне было ўсяго некалькі двоек. Атрымаўшы першую двойку, я прыйшла дадому і проста расплакалася. А ўсё таму, што маці напярэдадні прысніўся сон, што я атрымала двойку. Было проста крыўдна…

Часам паслабленні даваў бацька, часам маці, але ў цэлым трымалі нас у руках. Гэта пазбавіла нас з сястрой дрэнных кампаній і адмоўнага ўплыву вуліцы.

Неяк дома ледзь не спаліла дыван, што вісеў на сцяне. На настольнай лямпе разбіўся абажур, а я вельмі блізка прысунула лямпу да сцяны. І добра, што заўважыла, як дыван стаў дыміцца!.. Потым на тое месца я прымацавала нейкую карцінку, і маё “злачынства” заўважылі толькі тады, калі ў кватэры сталі рабіць генеральную ўборку (смяецца).

— Ці хадзілі вы ў дзіцячы садок?
— Так, але неяк збегла адтуль. Садок быў побач з домам, і мне проста захацелася дадому. І пакуль мяне спахапіліся, я паспела прайсці паўдарогі.

— Як вы любіце адпачываць?
— Аддаю перавагу спакойнаму “даросламу” адпачынку. Саўна, адпачынак на прыродзе, на дачы. Калі ёсць магчымасць з’ездзіць на мора, проста люблю паляжаць на пляжы і пачытаць.

Калі раптам узнікае некалькі гадзін незапланаванага адпачынку, стараюся нешта зрабіць дома. Вось, напрыклад, учора купіла зямлі і перасадзіла хатнія кветкі — у мяне вельмі многа фіялак розных гатункаў.

На дачы ў гэтым годзе мы з сястрой у якасці эксперымента вырасцілі артышок і сунічную кукурузу. Спрабавалі вырошчваць кавуны. Я пастаянна прывожу нешта новае…

— І які будзе наступны эксперымент?
— Як правіла, гэтыя эксперыменты спантанныя. Нешта ўбачу цікавае — і вязу дадому саджанцы ці насенне…

— Акрамя агародніцтва, якія яшчэ эксперыменты праводзіце?
— Бацька расказваў, як яны на машыне ў маладосці ездзілі па краіне, і мы вырашылі таксама на машыне паехаць у Ялту. Я амаль паўтары тысячы кіламетраў правяла за рулём. Было цікава самой сабе ўстанавіць такое выпрабаванне, і я яго вытрымала.

— Ці любіце вы прысмакі?
— Люблю, але каб быць у форме, трэба абмяжоўваць сябе: магу сабе дазволіць салодкае, але ў разумных межах, бо потым прыйдзецца на трэнажорах адпрацоўваць (смяецца).

Мне вельмі падабаецца займацца ў трэнажорнай зале, прычым з раніцы. Па-першае, як пішуць, гэта на 30 працэнтаў эфектыўней, а па-другое, пасля трэнажорнай залы патрачаныя сілы ў памножанай колькасці вяртаюцца да цябе, узнімаецца настрой і ўзнікае жаданне працаваць.

А яшчэ я люблю гатаваць. Маці з дзяцінства нас прывучала да гэтага. І зараз у мяне гэта добра атрымліваецца. Галоўнай сямейнай стравай былі пельмені, якія, канечне, ляпілі самі. А калі садзіліся іх есці, усе шукалі манетку, якая была схавана ў адным з пельменяў, — на шчасце.

— Якія яшчэ былі сямейныя традыцыі?
— Галоўнай сямейнай традыцыяй быў мой дзень нараджэння, бо ў гэты час (а нарадзілася я 7 верасня) мы ехалі на дачу і… капалі бульбу (смяецца). Збіраліся амаль усе сваякі. Увесь дзень працавалі, потым парыліся ў лазні, гатавалі вячэру і святкавалі. Абавязкова былі торт, кавун і вінаград…

— У вас вельмі шчыльны графік: трэніроўкі, работа ў студыі, канцэрты, публічныя мерапрыемствы… Які момант вашага дня падаецца самым складаным?
— Прачнуцца раніцай. Мне часта прыходзіцца позна класціся спаць, а каб добра выглядаць, любая жанчына павінна найперш высыпацца. Ніякая пластычная хірургія і касметычныя сродкі не кампенсуюць недасыпанне. На жаль, прыходзіцца забіраць у самой сябе частку сну, каб паспець усё запланаванае.

— Ці бывае такое, што хочацца адасобіцца ад свету, зачыніць дзверы, адключыць тэлефон і проста выспацца.
— Бывае. Але толькі падчас адпачынку. Я працаголік, і мне цяжка адарвацца ад маіх любімых спраў.

— Вялікі дзякуй за размову. Ад чытачоў “Настаўніцкай газеты” хачу пажадаць вам асабістага шчасця і плёну ў творчасці.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Алёны ЛАНСКОЙ.