Альтэрнатыўшчыкі

- 13:16Культура

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашае пазнаёміцца з айчыннай альтэрнатыўнай фатаграфіяй. У адной выставачнай прасторы ў межах выставы “Альтэрнатыўная фатаграфія Беларусі. Сувязь часоў…” прадстаўлены альтэрнатыўныя фотаздымкі піянера гэтага кірунку ў Беларусі Льва Дашкевіча (1882—1957) і сучаснага мэтра сталічнага фотамастака Віктара Жураўкова.

Напачатку трэба ўсё ж заўважыць, што так званая альтэрнатыва ў фотамастацтве мае крыху іншыя падсэнсы, чым альтэрнатыва, напрыклад, у музыцы (альтэрнатыўны рок) ці ў прыгожым пісьменстве (альтэрнатыўная літаратура), дзе альтэрнатыва найперш мае на ўвазе альтэрнатыўную, пратэсную або проста перыферыйную ідэалогію, катэгарычна процілеглую мэйнстрыму. У фатаграфіі ж альтэрнатыва хутчэй апелюе да працэсу яе стварэння, інакш кажучы, да самой сутнасці гэтага мастацтва. Тэрмін “альтэрнатыўныя фатаграфічныя працэсы” адносіцца да любога нетрадыцыйнага віду працэсаў фатаграфічнага друку. Яшчэ іх часта называюць гістарычнымі і бессярэбранымі працэсамі. Большасць з іх былі вынайдзены больш за сто гадоў назад і выкарыстоўваліся фатографамі тых часоў. Пачатак ХХ стагоддзя называюць нават “залатым векам” альтэрнатыўнай фатаграфіі, калі фотамастакі-наватары пачалі актыўна “ўмешвацца” ў агульнапрынятыя тэхналогіі і працэсы здымкі і друку. Узяўшы на ўзбраенне такія складаныя фатаграфічныя тэхнікі, як гуміярабік, брамойль, азабром і іншыя, яны імкнуліся максімальна наблізіць папяровы пазітыў да рукатворнага твора мастацтва, калі можна так сказаць, фотажывапісу.
Тады, у пачатку мінулага стагоддзя, цікавасць да альтэрнатыўнай фатаграфіі не абмінула і айчынных фатографаў. Піянерам гэтага кірунку ў Беларусі можна лічыць фотамастака, вучонага і педагога Льва Урбанавіча Дашкевіча, імя якога было адкрыта шырокай грамадскасці толькі на пачатку ХХІ стагоддзя. Сёння Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь можа пахваліцца ўнікальнай калекцыяй яго работ, якая была ласкава перададзена яму на захаванне сынам Л.У.Дашкевіча Леанардам Львовічам. Напэўна, ні адзін з вядомых на сённяшні дзень беларускіх фатографаў 1910—30-х гадоў не вылучаўся выкарыстаннем такой багатай палітры фатаграфічных тэхнік, як Леў Дашкевіч: каляровы аўтахром, гуміярабік, брамойль, пігментны друк. Яго работы нячаста выстаўляюцца ў адкрыты доступ з прычыны сваёй адчувальнасці да дзённага святла, і таму кожная выстава твораў піянера беларускай альтэрнатыўнай фатаграфіі становіцца сапраўдным святам для ўсіх аматараў фотамастацтва. Не выключэнне і сённяшняя.
Тым больш адметнай яна атрымалася з той прычыны, што фотаработы Льва Дашкевіча стагадовай даўнасці быццам глядзяць вочы ў вочы фотаработам сучаснага творцы Віктара Жураўкова, які альтэрнатыўнай фатаграфіяй захапіўся яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя і сёння актыўна працягвае тварыць у гэтым кірунку, спалучаючы альтэрнатыўныя фатаграфічныя працэсы і сучасны лічбавы негатыў. “Калі мы пра нешта не ведалі ў свой час, гэта не значыць, што гэтага не было, — заўважыў на адкрыцці выставы “Альтэрнатыўная фатаграфія Беларусі. Сувязь часоў…” Віктар Жураўкоў, маючы на ўвазе феномен Льва Дашкевіча. — І яно, як высветлілася, у нас было. Леў Дашкевіч узвёў падмурак, пабудаваў першыя паверхі. Мы сёння імкнёмся зрабіць гэты будынак айчыннай альтэрнатыўнай фатаграфіі яшчэ вышэйшым. І гэта ўсё-такі, насамрэч, адзін і той жа духоўны будынак, што тлумачыцца, напэўна, нашым нацыянальным характарам — больш стрыманым, чым у нашых усходніх суседзяў, і менш сентыментальным, чым у заходніх…”
Сёння ў сваіх памкненнях ствараць іншую фатаграфію Віктар Жураўкоў не адзін. Побач з ім працуе цэлая кагорта айчынных фатографаў-піктарыялістаў, такіх як Альберт Цехановіч, Наталля Яўмененка, Максім Шумілін, Міхаіл Лешчанка, Андрэй Васкрасенскі, Марыя Банэ і іншыя. Усе яны не шкадуюць ні часу, ні сродкаў, ні неймаверна вялікіх ментальных, духоўных і фізічных высілкаў (стварэнне альтэрнатыўнай фатаграфіі — гэта сапраўды вельмі працаёмкі працэс), каб справа, некалі пачатая Львом Дашкевічам, працягвалася, каб не абрывалася повязь часоў…
А сам час, як вядома, альтэрнатывы не мае.

Мікола ЧЭМЕР.